10 траўня 2024, Пятніца, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін і Сі Цзіньпін робяць ашаламляльныя памылкі

6
Пуцін і Сі Цзіньпін робяць ашаламляльныя памылкі

Альянс дыктатараў рухаецца да правалу.

Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін чакаў, што яго будуць вітаць ва Украіне як вызваліцеля, але яго войска зазнавала там адну паразу за іншай. Тым часам старшыня КНР Сі Цзіньпін упарта прытрымліваецца палітыкі «нулявога COVID», якая вядзе яго да правалу ў спробе дасягнуць пажыццёвай улады. Няўдачы двух дыктатараў аналізуе ў сваёй калонцы амерыканскі фінансіст, інвестар і філантроп Джордж Сорас.

Ён лічыць Пуціна і Сі Цзіньпіна галоўнымі апалагетамі «закрытага грамадства» - такога, дзе роля індывіда складаецца ў служэнні кіраўнікам дзяржавы.

«Чым могуць пахваліцца Пуцін і Сі, два дыктатары, звязаныя сёння ў альянсе? У іх шмат агульнага. Яны кіруюць з дапамогай запалохвання, і таму робяць ашаламляльныя памылкі», - заявіў Сорас.

Ён нагадаў пра сустрэчу Сі Цзіньпіна з Пуціным 4 лютага на цырымоніі адкрыцця зімовай Алімпіяды ў Пекіне.

«Яны выпусцілі доўгую заяву, у якой абвясцілі, што супрацоўніцтва паміж імі «не мае межаў». Пуцін паінфармаваў Сі пра падрыхтоўку «спецыяльнай вайсковай аперацыі» ва Украіне, але невядома, ці распавёў ён Сі, што трымаў у розуме поўнамаштабнае ўварванне. Амерыканскія і брытанскія вайсковыя экспэрты, безумоўна, казалі сваім кітайскім калегам, што яно рыхтуецца. Сі даў дабро, але папрасіў Пуціна пачакаць завяршэння Зімовых гульняў», - гаворыцца ў калонцы.

Крэмль чакаў, што расейскамоўнае насельніцтва Украіны будзе сустракаць яго войска як вызваліцеляў, але нечакана УСУ аказалі моцны супраціў, канстатуе фінансіст.

«Пуцін не мог дазволіць сабе прызнаць паразу і адпаведным чынам змяніў свае планы», — адзначыў Сорас. Расейцы цалкам знішчылі Марыупаль, а ўкраінскаму войску цяпер «даводзіцца змагацца на адкрытай мясцовасці, дзе колькасную перавагу расейскіх войскаў цяжэй пераадолець».

«Украінцы робяць максімум магчымага, контратакуючы, а часам нават смела пранікаючы на расейскую тэрыторыю. Такая тактыка нясе дадатковую карысць: яна дазваляе данесці тое, што адбываецца насамрэч да расейскага насельніцтва. ЗША таксама робяць максімум магчымага для скарачэння фінансавай няроўнасці паміж Расеяй і Украінай, нядаўна вылучыўшы беспрэцэдэнтныя $40 млрд на вайсковую і фінансавую дапамогу ўраду Украіны. Я не магу выказаць здагадку, якім будзе фінальны вынік, але ва Украіны, безумоўна, ёсць вайсковыя шанцы», - напісаў Сорас.

«Пуцін, здаецца, зразумеў, што зрабіў жудасную памылку, учыніўшы напад на Украіну, і зараз ён рыхтуе глебу для перамоў аб спыненні агню. Аднак перамір'е недасяжнае, бо яму нельга давяраць. Пуцін павінен пачаць мірныя перамовы, але ён ніколі гэтага не зробіць, таму што гэта будзе раўназначна адстаўцы», - уважае фінансіст.

Ён адзначыў: чым слабейшым становіцца крамлёўскі тыран, тым менш прадказальным ён з'яўляецца. Сі Цзіньпін па-ранейшаму працягвае падтрымліваць Пуціна, хаця ўжо не бязмежна, уважае аўтар.

«Тут і крыецца тлумачэнне, чаму Сі рухаецца да правалу. Дазволіўшы Пуціну пачаць яго беспаспяховую атаку на Украіну, ён зрабіў не ў інтарэсах Кітая. Кітай павінен быў стаць старэйшым партнёрам у альянсе з Расеяй, але адсутнасць упэўненасці ў Сі дазволіла Пуціну ўзурпаваць гэтую пазіцыю», - перакананы Сорас.

Найгоршай памылкай Пекіна, зрэшты, ён бачыць узмацненне жорсткасці палітыкі «нулявога COVID» - жорсткі каранцін пры пагрозе ўспышак каранавірусу. «Пачынаючы з сакавіка, кітайская эканоміка адправілася ў свабоднае падзенне», - напісаў аўтар. Ён абгрунтоўвае гэта рэзкім памяншэннем камерцыйных аўтаперавозак і агульным падзеннем дзелавой актыўнасці ў КНР, пры тым што лідар краіны ўпарта не жадае мяняць курс.

«У Сі Цзіньпіна шмат ворагаў. Ніхто не смее крытыкаваць яго наўпрост, таму што ён кантралюе ўсе інструменты сачэння і рэпрэсій. Але добра вядома, што ўнутры Камуністычнай партыі рознагалоссі сталі настолькі вострымі, што яны сталі выяўляцца нават у артыкулах, даступных шараговым грамадзянам. Нягледзячы на чаканні, Сі можа не атрымаць жаданы трэці тэрмін праз зробленыя ім памылкі. Але нават калі ён атрымае яго, палітбюро можа абмежаваць ягоныя магчымасці ў падборы сябраў палітбюро наступнага склікання. Гэта вельмі паменшыць яго ўладу і ўплыў і знізіць імавернасць яго ператварэння ў пажыццёвага імператара краіны», - прагназуе Сорас.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках