Лукашысты выстаўляюць беларусам падаткі за першую кватэру
24- 13.06.2022, 16:29
- 21,518
Як лічаць збор?
Збор за першую кватэру з'явіўся праз прынятыя змены ў Падатковы кодэкс. Падатак складзе 0,1% ад кошту аднаго квадратнага метра, піша zerkalo.io. Атрыманую суму трэба памножыць на колькасць квадратных метраў кватэры. Разліковы кошт аднаго квадратнага метра тыпавых будынкаў - кватэр, гаражоў, машына-месцаў, садовых домікаў, лецішчаў - адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёна. Найвышэйшы ён у Менску.
Агулам новы падатак у Менску складзе 50 рублёў на год, у рэгіёнах - удвая менш, прагназавалі раней у Мінфіне.
Больш падрабязна аб тым, як разлічваецца падатак на першую кватэру
У міністэрстве падаткаў і збораў удакладняюць, што разліковы кошт квадратнага метра адрозніваецца ў залежнасці ад месцазнаходжання кватэры.
«Так, у Менску кошт квадратнага метра ў 2022-м - 810 рублёў, у абласных цэнтрах - 680, у буйных гарадах - 600, а ў іншых населеных пунктах - 450. Дапусцім, ваша кватэра ў Менску, усё адно, у якім раёне, мае плошчу 60 квадратных метраў. Памножыўшы колькасць метраў на кошт, атрымліваем кошт кватэры. У вашым выпадку ён складае 48 600, - расказала намесніца начальніка ўправы падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб МПЗ Кацярына Зарэцкая. - Каб разлічыць суму падатку, выкарыстоўваецца стаўка падатку на нерухомасць. Для 2022 года адзіная стаўка для ўсіх аб'ектаў нерухомасці - 0,1 адсотка. Дарэчы, раней для ўладальнікаў дзвюх і больш кватэр яна была 0,2 адсотка. Адпаведна, ваш падатак - 48 рублёў 60 капеек. Выплачваецца ён адзін раз на год. Планіровачныя зоны, якія раней задзейнічаліся пры разліку падатку на арэнду кватэр, не выкарыстоўваюцца».
Як палічаць падатак, калі кватэра належыць некалькім уласнікам
«У залежнасці ад іх долевага ўдзелу і зыходзячы са звестак, якія змяшчаюцца ў Адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці. Напрыклад, падатак на кватэру коштам 60 тысяч рублёў складае 60 рублёў. Калі два ўласнікі валодаюць ёю ў роўных долях, то падатак для кожнага складзе 30 рублёў», - удакладнілі ў МПЗ.
Як палічаць падатак тым, хто купіў кватэру ў сярэдзіне гэтага года
«Зыходзячы з фактычнага перыяду карыстання аб'ектам нерухомасці і кватэры, у прыватнасці. Падатак налічваецца з першага чысла месяца, наступнага за тым, у які яна набытая, і па апошняе чысло месяца, у якім кватэра адчужаная. Дапусцім, жыллём вы абзавяліся ў красавіку 2022-га «Падатак будзе лічыцца з 1 траўня наступным чынам: вылічваецца гадавая сума падатку, дзеліцца на 12 па колькасці месяцаў і памнажаецца на восем», - растлумачылі ў падатковай.
Калі і каму трэба заплаціць падатак
Падатак на нерухомасць за 2022 год налічаць у два этапы. Да 15 лістапада гэтага года трэба будзе ўнесці аванс па падатку - 50% ад сумы збору. Апавяшчэнне на выплату падаткавікі павінны даслаць да 1 верасня 2022 года. Астатнюю суму трэба будзе ўнесці да 15 лістапада 2023 года.
Нагадаем, з 1 чэрвеня ў Беларусі ўвядуць адзіную форму паведамлення на выплату некаторых падаткаў. Фізасобы будуць атрымліваць адзіны рахунак на выплату некалькіх збораў - на транспарт, нерухомасць і зямлю. Пры гэтым у адзінай форме паведамлення будзе інфармацыя аб усіх аб'ектах падаткаабкладання канкрэтнага чалавека. Размова ў тым ліку пра ўсе аўтамабілі, кватэры, зямельныя надзелы канкрэтнага чалавека.
Выплачваць падатак на першую кватэру не трэба будзе, напрыклад, пенсіянерам, непаўналетнім, сямейнікам шматдзетных сем'яў. Ад гэтага збору таксама вызваленыя інваліды І і ІІ групы, а таксама тыя, каго прызнаюць недзеяздольным. Тым, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, а таксама вайскоўцам тэрміновай вайсковай службы таксама не давядзецца плаціць гэты падатак. Ад збору вызваленыя таксама ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і тыя, хто мае права на льготнае падаткаабкладанне паводле закону «Аб ветэранах».