Спецслужба Нямеччыны назвала расейскую прапаганду і хакераў сярод самых вялікіх пагроз краіне
11- 7.06.2022, 21:01
- 4,114
Контрвыведка ФРГ дала справаздачу.
Міністарка ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фезер у аўторак прадставіла справаздачу Федэральнага ведамства аб ахове канстытуцыі за 2021 год, у якой пералічаны найбольшыя пагрозы нямецкай дзяржаве.
Пра гэта паведамляе DW.
Хаця справаздача тычыцца падзеяў 2021 года, гэта значыць да ўварвання Расеі ва Украіну, ужо тады нямецкая спецслужба зафіксавала прыкметнае нарошчванне расейскіх намаганняў у дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі ў Нямеччыне. Цяпер жа, паводле слоў Фезер, расейская пагроза «набыла новае вымярэнне».
Адзначаецца, што найбольшай пагрозай дэмакратыі Нямеччыне летась па-ранейшаму былі нямецкія правыя экстрэмісты: іх колькасць вырасла да 33 900, а колькасць гатовых да гвалту - да 13 500.
Як адзначыла кіраўніца МЗС Нямеччыны, яны спрабавалі выкарыстоўваць у сваіх мэтах пандэмію каранавіруса (адсюль - усплёск антыкавідных пратэстаў па ўсёй Нямеччыне), разбуральныя паводкі ў ліпені 2021 года, а цяпер - "агрэсіўная вайна Пуціна і яе наступствы".
Нямецкая спецслужба мяркуе, што не апошнюю ролю ў нагнятанні антыкавідных настрояў адыграла і расейская прапаганда.
"Мы бачылі ўплыў расейскай прапаганды, магу паказаць перш за ўсё на тэлеперадачы Russia Today, прысвечаныя пытанню абавязковай вакцынацыі. Там вялася вельмі актыўная праца супраць такога мерапрыемства, што было вельмі заўважна", – сцвярджае Фезер.
Асобна ў справаздачы Федэральнага ведамства аб ахове канстытуцыі згадана дзейнасць замежных спецслужбаў у Нямеччыне: там мяркуюць, што шпіянаж вярнуўся да ўзроўню "халоднай вайны", але зараз ён таксама суправаджаецца кібератакамі - у тым ліку з Расеі.
"Цяпер мы разглядаем падвышаныя рызыкі кіберсабатажу прадпрыемстваў нямецкай крытычнай інфраструктуры", – заявіў кіраўнік ведамства Томас Хальдэнванг.
У той жа час Нэнсі Фезер дадала, што нямецкія ўлады ўважліва сочаць за сродкамі і метадамі шпіянажу, якімі карыстаецца Расея.
"Менавіта таму ў канцы красавіка мы выслалі 40 супрацоўнікаў расейскага пасольства ў Бэрліне, па якіх мы змаглі ўстанавіць іх прыналежнасць да расейскіх спецслужбаў", - падкрэсліла яна.