3 траўня 2024, Пятніца, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Ізраілі – новы прэм'ер-міністр

У Ізраілі – новы прэм'ер-міністр
ЯІР ЛАПІД

Афіцыйная перадача паўнамоцтваў адбылася 1 ліпеня.

Паўнамоцтвы прэм'ер-міністра Ізраіля 1 ліпеня перайшлі ад Нафталі Бенета да міністра замежных справаў Яіра Лапіда, паведамляюць ізраільскія СМІ. Ён будзе ўзначальваць урад да 1 лістапада, калі ў Ізраілі адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары. Паводле іх вынікаў будзе сфармаваны новы склад кабінета міністраў. Лапід стаў 14-м прэм'ерам у гісторыі Ізраілю.

Учора, 30 чэрвеня, ізраільскі Кнэсет (парламент) прагаласаваў за самароспуск на фоне ўзніклага ў краіне палітычнага тупіку. Кааліцыя з васьмі партый не змагла дамовіцца ў прынцыповым пытанні – падаўжэнні дзеяння дакумента, згодна з якім габрэйскія селішчы на Заходнім беразе жывуць паводле законаў Ізраілю, а не Палестынскай аўтаноміі.

Наступныя парламенцкія выбары стануць пятымі ў ліку за апошнія тры гады. А Нафталі Бенет увойдзе ў гісторыю Ізраіля, як самы «нядоўгі» прэм'ер-міністр – ён займаў гэтую пасаду крыху больш за год. Для параўнання: ягоны папярэднік, лідар правай партыі «Лікуд» Біньямін Нетаньяху бесперапынна знаходзіўся на прэм'ерскай пасадзе цягам 12 гадоў.

Новым прэм'ер-міністрам, які будзе ўзначальваць урад да 1 лістапада, стаў Яір Лапід. Былы журналіст, акцёр, пісьменнік і баксёр-аматар заснаваў партыю «Еш Атыд» («Ёсць будучыня»), паабяцаўшы развязваць надзённыя, паўсядзённыя праблемы сярэдняга класу. На выбарах 2013 г. гэтая партыя паказала высокія вынікі. З таго часу Яір Лапід займаў розныя пасады ва ўрадзе Ізраіля – быў міністрам фінансаў і замежных справаў, а таксама ўзначальваў апазіцыю. Ягонай кар'еры не замінала адсутнасць школьнага атэстата сталасці.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках