Летась беларус заплаціў больш за $1,5 мільёна падаходнага падатку
12- 21.07.2022, 20:11
- 10,680
Гэта рэкорд.
Названая рэкордная сума падаходнага падатку, якая была выстаўленая аднаму платніку ў Беларусі за мінулы год. Гэты чалавек заплаціў у скарб 4 млн рублёў ($1,59 млн), паведамляе «Эканамічная газета».
Беларус атрымаў вялікі даход з-за мяжы і на часе заплаціў падаходны падатак, расказаў сёння на прэсавай канферэнцыі начальнік галоўнай управы падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Андрэй Кавалеўскі.
Паводле слоў спецыяліста, больш за 34 тысячы грамадзян даслалі падатковыя дэкларацыі аб сваіх даходах, атрыманых у 2021 годзе. Пасля апрацоўкі дэкларацый амаль 25 тысячам грамадзян выстаўлены да даплаты падатак на суму 83 млн рублёў. Гэта на 25% больш, чым сума падатку, якая была выстаўленая летась.
Часцей за ўсё фізічныя асобы ў Беларусі дэкларуюць даходы, атрыманыя з-за мяжы. Зазвычай гэта заробак, дывідэнды ад замежных арганізацый, здабыткі ў замежных анлайн-казіно, адсоткі на ўклады ў замежных банках.
Акрамя таго, беларусы плацяць падатак з грошай, атрыманых ад продажу маёмасці за мяжой, а таксама з пераводаў ад фізічных асоб, калі яны перасягаюць ліміт 7521 рубель. Нагадаем, пераводы на картку ад блізкіх родзічаў або сваякоў (у кожнай суме!) даходамі не з'яўляюцца, і з іх падатак плаціць не трэба.