18 верасня 2026, Пятніца, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спачатку прапаноўвалі «пераседзець», а цяпер трэба звальняцца»

10
«Спачатку прапаноўвалі «пераседзець», а цяпер трэба звальняцца»

Падрабязнасці зачысткі ў "Лодэ" расказваюць лекары.

«Наша Ніва» паразмаўляла з супрацоўнікамі медцэнтра «Лодэ», дзе апошні час ідуць звальненні «нелаяльных» лекараў.

Вось што апавядаюць людзі:

«Выклікі на размову да начальства пачаліся яшчэ тыдні тры таму. Кагосьці запрашаюць у аддзел кадраў, кагосьці - да загадчыка або дырэктара альбо да ягоных намеснікаў. Там медыкам паведамляюць: “Мы павінны з вамі спыніць супрацоўніцтва. Вы ў спісах”.

Паводле чутак, у гэтых спісах 13 чалавек.

Падобна, звальненні - ініцыятыва не кіраўніцтва «Лодэ». Начальства спрабавала захаваць людзей, некаторым спачатку прапанавалі схадзіць у адпачынак, "пераседзець". Але пасля "няправільным" медыкам усё адно паведамілі: "Усё ж вам давядзецца звольніцца".

Звальняцца людзям прапануюць паводле пагаднення старон. Адкуль спісы, дакладнай інфармацыі няма.

«Нехта кажа, што спушчаныя Міністэрствам аховы здароўя. Вядома, што начальства камусьці тлумачыла: спісы з нейкай асаблівай установы, з якой - сказаць вам мы не можам.

Лекарам начальнікі кажуць прыкладна так: «Гэта палітычныя спісы, вы ж дарослыя людзі, самі ўсё разумееце. Нас вы задавальняеце, але нам рэкамендуюць з вамі не супрацоўнічаць», - апавядаюць «Нашай Ніве».

Кіраўніцтва медычнага цэнтра прапануе медыкам са спісаў узяць іх на парукі альбо напісаць пакаяльны ліст або запісаць пакаяльнае відэа. Куды будуць перадавацца гэтыя лісты або відэа, дзе яны будуць публікавацца, дактарам не кажуць. Пакуль невядома пра выпадкі, каб нехта пагадзіўся каяцца.

«Што яны маюць на ўвазе пад фармулёўкай «узяць на парукі», ня ведаю. Але аднаму з медыкаў кіраўніцтва "Лодэ" прапаноўвала напісаць ліст, дзе медык павінен паабяцаць, што не будзе ўдзельнічаць у пратэстах.

Звальняцца згаджаюцца не ўсе. Ведаю, што аднаму доктару, які не захацеў, пачалі касаваць прыйманне пацыентаў на наступны месяц. Начальства яго распытвала: «Чаму не хочаце звальняцца? Мы Вас не разумеем як чалавека. Адмовай звольніцца Вы падстаўляеце пад абух увесь калектыў медычнага цэнтра!»

Начальнікі не пагражаюць тым, хто не хоча звальняцца, болей упрошваюць сысці "па-добраму". Але кажуць: Вы больш нідзе працаваць не зможаце.

Можа гэта не пагроза, а будучая рэчаіснасць?» - задае пытанне медык.

Тым, хто ўпарта супраціўляецца звальняцца паводле пагаднення старон, шчыра кажуць: будзем вымушаныя шукаць артыкул, каб Вас звольніць.

«З працаўнікамі аб звальненні размаўляе «старое» начальства. Але ходзяць чуткі, што прызначаны нейкі новы намеснік, былы падпалкоўнік, які будзе "наглядаць".

Я яго не бачыў, імя не ведаю, таму пацвердзіць, што гэта шчырая праўда, не магу», - дзеляцца звесткамі лекары.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках