СБУ, УСУ і выведка зрабілі заяву наконт тэракту РФ у Аленаўцы.
31- 29.07.2022, 20:59
- 31,770
Яны запатрабавалі рэакцыі міжнародных арганізацыяў.
СБУ, УСУ, Галоўная ўправа выведкі і амбудсмэн зрабілі супольную заяву, у якой заклікалі ААН і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа адрэагаваць на тэракт расейскіх акупантаў у Аленаўцы, дзе загінулі больш за 40 украінскіх ваеннапалонных.
Заяву апублікавала прэсавая служба СБУ ў Facebook.
У ёй падкрэсліваецца, што выбух на тэрыторыі калоніі ў акупаванай Аленаўцы, дзе ўтрымлівалі ўкраінскіх ваеннапалонных, з'яўляецца цынічным тэрактам Расеі, правакацыяй і класічнай "аперацыяй пад чужым сцягам" (false flag operation), мэта якой - схаваць свае ваенныя злачынствы, дыскрэдытаваць УСУ, сарваць пастаўкі заходняй зброі ды падвысіць напружанне ва ўкраінскім грамадстве.
Украінскія ўзброеныя ўстановы нагадалі, што УСУ наносяць удары толькі па расейскіх вайсковых аб'ектах і не абстрэльвалі паселішча Аленаўку.
У заяве таксама сказана, што Расея абавязалася захаваць жыццё і здароўе абаронцаў Марыюпаля, якія 16 траўня былі эвакуаваныя з тэрыторыі завода Азоўсталь і з таго часу знаходзіліся ў палоне акупантаў. Краіна-агрэсар цынічна парушыла свае гарантыі і міжнародныя дамоўленасці.
«Уночы 29 ліпеня на тэрыторыі былой папраўчай калоніі мястэчка Аленаўкі адбылося арганізаванае забойства ўкраінскіх ваеннапалонных. На спланаваны характар гэтага злачынства і ўчыненне яго расейскай стараной паказваюць шматлікія задакументаваныя довады: сярод іх наўмысны перавод байцоў у новае памяшканне незадоўга да выбуху, аналіз характару пашкоджанняў і рухі выбуховай хвалі, перахоп тэлефонных размоў ваеўнікоў, адсутнасць абстрэлаў у зазначаным месцы ды іншыя», - падкрэслілі ўзброеныя ўстановы.
Яны заклікалі ААН і МКЧК, якія былі гарантамі жыцця і здароўя ўкраінскіх ваеннапалонных, неадкладна адрэагаваць на расейскі тэракт і накіраваць прадстаўнікоў у Аленаўку.
Раней у ГУВ заявілі, што выбухі ў Аленаўцы ўчынілі найміты ПВК Вагнера (Ліга) на асабовы загад намінальнага ўладальніка ПВК Яўгенія Прыгожына.
Паводле звестак ГУВ, выбухі адбыліся на тэрыторыі прамысловай зоны ў надоечы пабудаваным памяшканні, якое мелі спецыяльна абсталяваць для ваеннапалонных з Азоўсталі. Частку абаронцаў Украіны перавялі туды два дні таму.
СБУ апублікавала перахоп размовы, які пацвярджае, што расейцы ўчынілі масавае забойства ваеннапалонных у калоніі ў Аленаўцы. Там дадалі, што мяркуючы з відэа з сацыяльных сетак, у асобных памяшканнях калоніі цалкам ацалелі вокны - гэта можа сведчыць пра тое, што эпіцэнтр выбуху знаходзіўся ўнутры знішчанага будынка.
Паводле папярэдняга аналізу відэа, сляды на сценах, імаверна, маглі застацца пасля "ўнутранай крыніцы" выбуху.