26 красавiка 2024, Пятніца, 16:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Business Insider: Украіна скарачае выкарыстанне беспілотнікаў у вайне з Расеяй

3
Business Insider: Украіна скарачае выкарыстанне беспілотнікаў у вайне з Расеяй

Яны становяцца неэфектыўнымі.

У пачатку расейскага ўварвання ва Украіну беспілотнікі сталі нечаканай крыніцай перамог над сіламі Масквы. Гісторыі аб поспеху дамінавалі ў цыкле навін. У сацыяльных сетках было шмат відэа, дзе ўкраінскія беспілотнікі душылі хаатычны расейскі наступ.

Украінскі флот такіх апаратаў, які складаецца як з дробных беспілотнікаў для выведкі, так і са знакамітых турэцкіх сістэм TB2 «Байрактар», хвалілі за знішчэнне танкаў і бронетэхнікі Уладзіміра Пуціна. Але Расея зрабіла высновы са сваіх зневажальных параз за пяць месяцаў вайны, прыводзіць артыкул Business Insider «Люстэрка тыдня. Украіна».

Экспэрты сказалі выданню, што беспілотнікі ўсё больш становяцца неэфектыўнымі ва ўкраінскай абароне, бо Расея палепшыла свае сістэмы абароны, а таксама размясціла сродкі, якія дазваляюць блакаваць і саджаць украінскія апараты.

«Цяпер расейскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы і СПА лепш арганізаваныя, чым гэта было ў першыя месяцы вайны», – сказаў аналітык і экспэрт у беспілотных і рабатызаваных вайсковых сістэмах CNA Сэмюэл Бэндэт.

Расейскае войска выкарыстоўвае радары ранняга папярэджання, каб ідэнтыфікаваць беспілотнікі. А сістэмы радыёэлектроннай барацьбы даюць магчымасць блакаваць іх і разрываць з імі сувязь, растлумачыў экспэрт. Таксама расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць кулямёты і сістэмы СПА, такія як «Тор», каб збіваць украінскія апараты. Нядаўна расейскае Мінабароны апублікавала відэа, на якім расійская сістэма «Красуха-4» выводзіць са строю ўкраінскі беспілотнік.

Аналітык Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў Марк Канцян растлумачыў, што Украіна раней вельмі эфектыўна выкарыстоўвала беспілотныя апараты, бо Расея не арганізавала належным чынам свае абаронныя сістэмы.

«Беспілотнікі змаглі адыграць такую вялікую ролю, бо расейцы занадта павольна разгортвалі сістэмы СПА. Яны таксама вельмі марудна наладзілі агульнавайсковыя аперацыі, як таго патрабуе іх вайсковая дактрына», - сказаў Канцян.

На Данбасе наземная супрацьпаветраная абарона Расеі лепш размешчаная і арганізаваная. Таму сілы Украіны цяпер абмяжоўваюць ужыванне беспілотнікаў, бо вораг пачаў больш эфектыўна з імі змагацца. А страта тэхнікі можа быць дарагой. Калі адзін беспілотнік Switchblade ці Phoenix Ghost каштуе некалькі тысяч даляраў, то страта «Байрактара» - гэта страты на 1-2 мільёны. Украіна з пачатку расейскага ўварвання атрымала ад турэцкага вытворцы амаль 50 такіх беспілотнікаў. У пачатку вайны «Байрактары» былі надзвычай эфектыўныя. Але цяпер Расея стала іх збіваць. Так што ўкраінскае войска скарачае іх ужыванне.

У СМІ з'явіліся паведамленні аб тым, што ЗША могуць прадаць Украіне амерыканскія ўдарныя беспілотнікі MQ-1C Gray Eagle, магчымасці якіх значна лепшыя, чым у «Байрактара». Але два пілоты ВПС Украіны сказалі выданню War Zone, што яны не надта падтрымліваюць такія пастаўкі. Таму што кошт такіх амерыканскіх сістэм складае 10 мільёнаў даляраў за штуку. Але пры гэтым існуе вялікая рызыка, што Gray Eagle саб'юць падчас першай жа місіі.

Канцян растлумачыў, што супрацьпаветраная абарона Расеі складаецца амаль цалкам з ракетных сістэм кароткай і сярэдняй далёкасці. І беспілотнікі асабліва ўразлівыя, бо яны лётаюць нізка і павольна. Так што ўкраінскія вайскоўцы цяпер просяць заходніх хаўруснікаў перадаць больш сучасныя знішчальнікі.

Разам з тым, у часы, калі ўкраінскія беспілотнікі губляюць эфектыўнасць на фоне новай фазы вайны, Расея стала часцей выкарыстоўваць такую зброю, асабліва для выведкі і назірання, кажа Бэндэт. Абаронцам Украіны бракуе зброі, каб іх збіваць.

«Мы не бачым расейскія беспілотнікі, але яны нас бачаць. Адзінае, што мы можам зрабіць, гэта схавацца», - сказаў неназваны ўкраінскі жаўнер выданню Sunday Times.

Бэндэт сказаў, што ў наступныя некалькі тыдняў расейскае войска паспрабуе лепш арганізаваць і працягнуць свой наступ.

«Яно спрабуе стварыць пасткі для ўкраінскіх сіл у так званых кішэнях вакол гарадоў. Таксама расейцы спрабуюць прабіць і перамалоць украінскую абарону агулам. Беспілотнікі адыгрываюць ключавую ролю ў зборы інфармацыі выведкі і назіранні, каб расейцы маглі наносіць удары з зямлі і паветра. Так што мы ўбачым больш расейскіх беспілотнікаў пры ўмове, калі вайна будзе прадаўжацца так, як гэта было дагэтуль», – сказаў Бэндэт.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках