26 красавiка 2024, Пятніца, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як былы спецслужбіст развальвае «Беларусьфільм»

12
Як былы спецслужбіст развальвае «Беларусьфільм»

Зімой на Нацыянальнай кінастудыі з'явіўся новы намеснік дырэктара.

Намінальна адказны за ідэалогію і бяспеку, па факце - адказны за пошук і зачыстку «нелаяльных». «Яго называюць «Першы аддзел». Але ён адзін там, - распавядаюць «Нашай Ніве». - Да яго прыліпла мянушку «Адольф». Бо разбурыў усё, што будавалася шмат гадоў. Кажуць, былы гэбіст».

З'явіўся «Адольф» на «Беларусьфільме» зімой 2022 года: у студзені ці ў лютым, але дакладна яшчэ да вайны. Некаторыя працаўнікі аж да вясны не ведалі аб яго існаванні - але заўважылі працэсы, якія пачаліся на кінастудыі.

Пачаліся праверкі, звальненні, з'явіліся спісы людзей, якім «Адольф» выпісаў забарону на супрацоўніцтва з кінастудыяй.

«Адольфа» клічуць Альберт Анатольевіч Сідаровіч. Яму 44 гады. Ён сапраўды выхадзец са спецслужбаў.

Паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», Альберт Сідаровіч доўгі час служыў у войску, пасля працаваў у КДБ. З 2017 года Сідаровіч працуе на розных пасадах у шэрагу зусім розных прадпрыемстваў: ад вытворчасці да кансалтынгу. Нават нейкі час працаваў у адной з менскіх дзіцячых лякарняў.

Імаверней за ўсё, на мінулых працах Сідаровіч займаўся тым самым, чым і на кінастудыі. Быў пастаўлены «наглядаць» за калектывам.

Цяпер ён, закасаўшы рукавы, узяўся за працу на «Беларусьфільме».

Некаторых працаўнікоў Сідаровіч выклікаў да сябе «паглядзець у вочы» - пазнаёміцца, прасцей кажучы. Гавораць, што пры такім знаёмстве ідзе размова ні пра што. Падчас размовы Сідаровіч задае пытанні аб працы і ацэньвае людзей: не дазваляе сабе хамства, але з лёгкай усмешкай увесь час сапраўды глядзіць у вочы.

На жаль, гутаркамі і зазіраннем у вочы праца «Адольфа» не абмяжоўваецца.

Увесну былі складзеныя спісы «правільных» і «няправільных» актораў. У гэтых спісах — акторы ўсіх тэатраў, расказваюць выданню, некаторымі людзьмі з іх цікавіліся.

«Актораў не затрымлівалі, але на некаторых паставілі крыж. Што вось гэтыя цяпер не могуць браць удзел у праектах кінастудыі, забароненае ўсякае супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам».

Раней забарона была толькі на «купалаўцаў». Цяпер манітораць абсалютна ўсіх актораў, адсочваюць іх сацыяльныя сеткі - глядзяць, што пішуць пра вайну. Выказванні ў падтрымку Украіны не факт, што прывядуць да затрымання, але дакладна паставяць крыж на магчымасці здымацца на «Беларусьфільме», - распавядаюць суразмоўцы.

- Звальнялі нават людзей, якія працавалі на «Беларусьфільме» па 20 гадоў. Проста за выказванне меркавання ці ўдзел у пратэстах. Звальнялі прадусараў, людзей, якія займаліся пераводам са стужкі на «лічбу», спецыялістаў па гуку…»

Праверка прадаўжаецца ўвесь час: ці выходзіў чалавек на пратэсты ў 2020 годзе, ці падтрымлівае ён Украіну.

Калі хоць недзе нешта ў сетках адшукаецца, пачынаюцца праблемы.

Са слоў суразмоўцаў, адна працаўніца кінастудыі такім чынам патрапіла на 30 дзён - нібыта за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Спачатку жанчыне далі 15 дзён, пасля накінулі яшчэ столькі ж. Пасля выхаду яна з'ехала з Беларусі.

Выданне звязалася з гэтай жанчынай, але тая адмовілася ад усякіх каментараў наконт «Беларусьфільма», адказала толькі, што ў іншую краіну «з'ехала працаваць».

«Цяпер ходзяць чуткі, што ў краіну не можа вярнуцца адна з прадусарак кінастудыі. Нібыта пагражае крымінальніная справа за карупцыю. Дакладнай інфармацыі няма, але ходзяць чуткі, што, калі вернецца, то сядзе на 15 гадоў. Бо «яе вельмі чакае Альберт», - распавядаюць выданню.

Калі чалавек уладкоўваецца на працу ў кінастудыю, Сідаровіч таксама правярае кандыдатуру патэнцыйнага працаўніка.

Тое самае, калі збіраюць творчую групу на здымкі фільма. Усе кандыдатуры - ад прыбіральшчыцы або рабочага да аператара - павінны быць зацверджаныя «Адольфам». Дырэктар здымачнай групы піша заяву на імя Сідаровіча, пасля атрымлівае адказ: каго можна браць, каго нельга.

Як Альберт Сідаровіч вызначае, хто ўважаецца за лаяльнага, а хто не, дакладна невядома. Паводле чутак, ён звязваецца з Міністэрствам культуры, дзе яму падказваюць.

«Цяпер па кінастудыі ходзіш з пачуццём, што на табе чырвоная кропка. Абстрагавацца немагчыма, працаваць таксама. Разумееш, што сцены маюць вушы. Казаць нельга нічога: слова «вайна» пад забаронай. Выказваць сваё меркаванне таксама небяспечна, бо ёсць «Адольф», які кантралюе ўсё. І ёсць людзі, якія яму перададуць твае словы. Іх няшмат, але яны ёсць, — расказваюць выданню.

- З адчуванняў, большасць працаўнікоў «Беларусьфільма» не падтрымлівае тое, што сёння адбываецца. Але людзі проста пачалі маўчаць».

«Кантралёры» за лаяльнасцю цяпер ёсць на многіх прадпрыемствах. «Намеснік гендырэктара ў бяспецы і кадрах» - звычайна так гучыць гэтая пасада. На «Гродна Азоце» яе займае Алег Жывушка, які раней працаваў у КДБ. Ён быў датычны да складання спісаў на звальненне тых, хто ўваходзіў у незалежны прафзвяз.

На БМЗ пастаўлены Аляксандр Янгуразаў - былы начальнік Жлобінскага КДБ, на МАЗ - палкоўнік КДБ Сяргей Дзёмін.

Аналагічная пасада з'явілася пасля выбараў ва ўніверсітэтах — прарэктар у бяспецы і кадрах. У БДУ за гэта адказны Яраслаў Чаркаскі, у БНТУ - Уладзімір Захарэвіч, у БДУІРы - Ігар Азараў. Іх задачы - сачыць, каб сярод студэнтаў і выкладчыкаў не было пратэстных настрояў, а заўважаных у такім - адлічваць або звальняць.

Што ж здымае тым часам «Беларусьфільм»? Напрыклад, антыпольскі мастацкі фільм «Мы адзіныя» (пішуць, што дзеянні ў ім будуць праходзіць у 1925 годзе, у часы польскай акупацыі). У планах таксама супольнае кіно з Узбекістанам — «Казбек», пра героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева. «Ваенны экшн» - як яго гучна прэзентуюць. Кінастудыя стала цяпер і арганізатарам фестывалю «Лістапад», які раней праводзіла арганізацыя «Арт Карпарэйшн».

А стужка «Купала» так і не дайшла да кінатэатраў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках