10 траўня 2024, Пятніца, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіст Дзяніс Івашын перад судом выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!»

3
Журналіст Дзяніс Івашын перад судом выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!»
ДЗЯНІС ІВАШЫН

І змог сказаць некалькі слоў маці.

17 жніўня пачалося другое паседжанне закрытага працэсу над журналістам Дзянісам Івашыным у Гародні. Сталі вядомыя падрабязнасці першага дня суда: вязень выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!» і паспеў коратка перагаварыць з маці, паведамляе «Радыё Свабода».

Маці Дзяніса Людміла Івашына распавяла пра «момант, які застанецца самым яскравым успамінам на ўсё жыццё». 15 жніўня яна прыйшла да будынка абласнога суда загадзя ў надзеі ўбачыць сына. Неўзабаве яна здалёк заўважыла, як да бакавога ўваходу пад'ехала службовая машына і праз нейкі час адтуль вывелі Дзяніса.

«Як бы апісаць свой стан…я адключылася цалкам, я бачыла толькі Дзяніса. Я крычу «Сынок, я тут!» Ён пачуў і адказаў: «Мама, у мяне ўсё добра! Не перажывай! Мы пераможам». Я далей крычу яму: «Трымайся, усё будзе добра!» Гэта такая эйфарыя. Яго імкліва нахілілі ўніз, рукі за спіну. Я яшчэ закрычала ім: «Акуратней там», у мяне адключыліся ўсе рэфлексы (самазахавання)», - успамінае Людміла Івашына.

Гэта першы раз, калі яна здолела ўбачыць сына амаль за паўтара гады. Яна хвалюецца, што той выглядаў занадта бледным, але агулам амаль не змяніўся за час зняволення.

Калі жанчына падышла пад галоўны ўваход будынка суда, то ўбачыла групу падтрымкі Дзяніса. Незнаёмыя людзі загаварылі з ёю на замежнай мове. Выявілася, што гэта дыпламаты еўрапейскіх краін, якіх яна не чакала ўбачыць.

«Адна з іх стала размаўляць на расейскай мове з акцэнтам: «Нас тут чацвёра, але мы прадстаўляем увесь Еўразвяз, мы сочым за кожным крокам лёсу Дзяніса. Мы вас вельмі падтрымліваем». Гэта настолькі прыемна, гэта акрыляе», - пераказвае маці падсуднага.

Пасля да іх падышлі супрацоўнікі дзяржаўнай тэлевізіі. Людміла Івашына расказала, што ў апублікаваны запіс трапіла не ўся размова. Напрыклад, маці ў пачатку размовы гучна прадставілася. На пытанне супрацоўніцы, ці не сорамна ёй за сына, яна адказала: «Я вельмі ганаруся сваім сынам і ганаруся, што ён не такі, як вы».

Людміла Івашына ўжо пісала скаргі на дзяржаўную супрацоўніцу Ксенію Лебедзеву, бо тая раней паказала ў сваім сюжэце кватэру Івашыных. У дакументах на ператрус пазначана, што сілавікі не вялі відэаздымку. Адкуль у сюжэце ўзяліся кадры прыватнага жылля, загадка. Маці журналіста, з яе слоў, прыйшлі адпіскі з тэлевізіі і пракуратуры без тлумачэння ў адказ на яе пытанне.

Таксама стала вядома, што Дзяніс па-за паседжаннем суда ў калідоры выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Калі блізкія стаялі ў калідоры суда, працэс ужо пачаўся, яны пачулі гул. Выявілася, што гэта працуе «глушылка», каб ніхто ў калідоры не мог пачуць, што гавораць на закрытым працэсе ў зале.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках