26 красавiка 2024, Пятніца, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе і ў чым захоўваюць грошы беларусы?

1
Дзе і ў чым захоўваюць грошы беларусы?

Большасць беларусаў зусім не адкладае сродкі.

Беларусы імкнуцца захоўваць свае ашчаджэнні пераважна ў ліквіднай форме, каб мець грошы заўсёды «пад рукой». Пераважная форма захоўвання – беларускія рублі, даляры і еўры, піша thinktanks.by.

Большасць беларусаў зусім не адкладае сродкі. Такія звесткі былі атрыманыя падчас апытання насельніцтва Беларусі, праведзенага ў пачатку 2022 года ў рамках даследавання, прысвечанага фармаванню даверу да нацыянальнай валюты.

Даследаванне было накіраванае на выяўленне ўстановак, перакананняў («Якія спосабы захавання ашчаджэнняў з'яўляюцца надзейнымі асабіста для Вас?») і дзеянняў («Якімі спосабы захавання ашчаджэнняў Вы карыстаецеся цяпер?») суб'ектаў, піша часопіс Нацбанка «Банкаўскі веснік».

Высветлілася, што беларусы аддаюць перавагу больш ліквідным спосабам ашчаджэнняў, ахвяруючы пры гэтым магчымай прыбытковасцю. Так, малая колькасць рэспандэнтаў (6-7%) захоўваюць грошы на рублёвых і валютных дэпазітах, хоць блізу 20% – адносяць іх да надзейных спосабаў ашчаджэнняў.

Апытаныя мяркуюць, што гатоўка і сродкі на карце ў валюце (39,7%) і ў беларускіх рублях (35,7%) найбольш надзейныя і, як правіла, выкарыстоўваюць такія віды ашчаджэнняў. Валюта хоць і выклікае найбольшы давер рэспандэнтаў, крыху саступае беларускаму рублю як сродку ашчаджэння ў распаўсюджанасці. Набыццё нерухомасці (33,2%) і тавараў доўгага карыстання (20,9%) успрымаюцца рэспандэнтамі як надзейныя сродкі ашчаджэння, але выкарыстоўваюцца ў гэтай якасці даволі рэдка. Разыходжанні ў адказах на пытанні часткова можна растлумачыць у сярэднім невялікімі прыбыткамі насельніцтва, калі толькі палова беларусаў можа дазволіць сабе набыць тавары доўгага карыстання, а нерухомасць – толькі 9% (згодна з адказамі на пытанне «Якое з выказванняў найлепшым чынам характарызуе матэрыяльны дабрабыт Вашай сям'і?»).

З адказаў на пытанні «Як Вы ці Ваша сям'я распараджаюцца прыбыткамі?» і «Колькі ў Вас атрымоўваецца адкласці грошай за месяц пасля ўсіх выдаткаў?» можна зрабіць выснову, што блізу 25% апытаных увогуле не могуць зберагаць.

Тое ж апытанне паказала, што блізу 40% апытаных спачатку імкнуцца адкласці, а потым выдаткаваць сродкі, што з'яўляецца рацыянальнай стратэгіяй. Паводле апытання НАН Беларусі, праведзенага ў лістападзе 2020 г., дзель рэспандэнтаў, якія кіруюцца падобнай стратэгіяй, была роўная 30%, павялічыўшыся з 20% у 2016 г. Гэта сведчыць пра пазітыўную дынаміку развіцця мадэлі ашчаджэнняў і падабенства вынікаў розных апытанняў: беларусы ўсё часцей трымаюцца эфектыўнай стратэгіі ашчаджэнняў і выдаткоўвання, схільныя да ашчаджэнняў, аднак аддаюць перавагу трымаць грашовыя сродкі ў гатовай форме і на картах (бягучых рахунках), што наўрад ці можна ўважаць за паўнавартасныя ашчаджэнні. Тое самае тычыцца тавараў доўгага карыстання, якія з цягам часу страчваюць свой кошт. Прыбытковасць ад валодання кватэрай ці домам можа забяспечвацца здачай іх у арэнду і павышэннем яе кошту.

Як гаворыцца ў часопісе, на аснове атрыманых вынікаў можна зрабіць выснову, што беларусы імкнуцца захоўваць свае ашчаджэнні пераважна ў ліквіднай форме, што дае ім магчымасць мець грошы заўсёды «пад рукой» для буйных выдаткаў або з мэтай захавання магчымасці пераводу сродкаў у іншую форму. Пры гэтым перавага часцей за ўсё аддаецца гатовай валюце (даляру ЗША ці еўра). Гэта можна растлумачыць негатыўным досведам у мінулым, звязаным з абясцэненнем ашчаджэнняў у беларускіх рублях у выніку некалькіх валютных крызісаў.

За апошні час можна вылучыць такія крызісныя перыяды, як 1990–1995 гг., 1998 г., 2009 г., 2011 г., 2014–2015 гг., калі рэспандэнты (самі або іх сваякі, сябры, знаёмыя) страцілі грошы на ашчадкніжках у выніку іх абясцэнення пры распадзе СССР (да 50% апытаных), праз інфляцыю (да 40%), праз страту ўкладаў у банках (да 30%).

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках