26 красавiка 2024, Пятніца, 10:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўракамісія прэзентавала восьмы пакет санкцый супраць РФ

10
Еўракамісія прэзентавала восьмы пакет санкцый супраць РФ

Брусэль уводзіць новую катэгорыю санкцый для асобаў, якія дапамагаюць абыходзіць накладзеныя на РФ абмежаванні.

Еўрапейская камісія прэзентавала восьмы пакет санкцый супраць Расеі праз уварванне ва Украіну і правядзення незаконных рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыях. Прапанову прэзентавала прэзідэнтка Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен на брыфінгу ў Брусэлі, піша «Еўрапейская праўда».

– На мінулым тыдні Расея пайшла на новую эскалацыю вайны ва Украіне. Псеўдарэферэндумы на акупаваных Расеяй тэрыторыях – гэта незаконная спроба забраць землі і змяніць межы сілай. Мабілізацыя і пагрозы ядзернай зброяй – наступны крок пуцінскай эскалацыі. Мы не прызнаем псеўдарэферэндумы і любую анэксію ва Украіне і маем намер зрабіць так, каб Крэмль за гэта заплаціў, – сказала фон дэр Ляен.

Еўракамісія прапануе ўстанавіць новую забарону на імпарт расейскай прадукцыі. Гэта пазбавіць Расею прыбыткаў на 7,5 млрд еўраў.

Таксама прапануецца пашырыць спіс прадукцыі, якая не можа экспартавацца ў Расею. Гэта датычыцца, сярод іншага, дадатковых матэрыялаў для авіяцыі і электронных кампанентаў, а таксама спецыфічных хімічных злучэнняў.

– Таксама прапануем забараніць дадатковыя паслугі для Расеі і забараніць грамадзянам краінаў ЕЗ займаць кіроўныя пасады ў дзяржаўных расейскіх кампаніях, – сказала фон дэр Ляен.

Еўракамісія таксама прапанавала юрыдычную аснову для ўвядзення мяжы коштаў на расейскую нафту.

Фон дэр Ляен нагадала, што раней ЕЗ ужо пагадзіўся забараніць расейскую нафту, якая дастаўляецца марскімі шляхамі, з 15 снежня. Але, паводле ейных словаў, краінам, якія развіваюцца, патрэбная нафта з нізкімі коштамі. Таму краіны G7 дасягнулі прынцыповай дамоўленасці аб абмежаванні коштаў.

– Гэтая мяжа коштаў знізіць прыбыткі Расеі з аднаго боку, а з другога будзе садзейнічаць стабільнасці сусветнага энэргетычнага рынку, – сказала яна.

Брусэль таксама ўводзіць новую катэгорыю санкцый для асобаў, якія дапамагаюць абыходзіць накладзеныя на Расею абмежаванні. «Напрыклад, людзі, якія набываюць тавары ў ЕЗ, вязуць у трэція краіны, а пасля ў Расею. Яны могуць самі стаць аб'ектам санкцый», – патлумачыла фон дэр Ляен.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з кіраўніком МЗС Францыі Катрын Каланой заявіў, што Украіна чакае максімальна жорсткай рэакцыі міжнародных партнёраў на псеўдарэферэндумы, якія праводзіць Расея на акупаваных тэрыторыях.

Злучаныя Штаты ўжо на гэтым тыдні плануюць абвясціць пра захады, якія будуць ужытыя супраць Расеі ў адказ на правядзенне так званых псеўдарэферэндумаў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках