26 красавiка 2024, Пятніца, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Крэмль рыхтуецца да перавароту, расейскія генералы шукаюць «шчыліну»

9
Палітолаг: Крэмль рыхтуецца да перавароту, расейскія генералы шукаюць «шчыліну»
ВІКТАР НЕБАЖЭНКА

Важным сігналам стала размяшчэнне СПА на дахах у Маскве.

На адзінаццатым месяцы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ўлады Крамля раптам надумалі паказальна ўзмацніць уласную бяспеку. На дахах будынкаў некалькіх расейскіх ведамстваў з'явіліся сістэмы СПА «Панцыр-С1».

У інтэрв'ю «Главреду» палітолаг і сацыёлаг, дырэктар сацыялагічнай службы «Украінскі барометр» Віктар Небажэнка расказаў аб тым, для чаго расейцы размяшчаюць гэтыя комплексы, ці рыхтуе Расея ўдары па «цэнтрах прыняцця пастаноў» ва Украіне, а таксама ці могуць удары Украіны па РФ прымусіць расейцаў выйсці на вуліцы.

- У Расеі сталі масава ўсталёўваць сістэмы СПА на дахах ведамасных будынкаў. Чаму расейцы гэта робяць, прычым настолькі па-дурному?

- Тая ж прычына, праз якую у РФ іх усталёўваюць, не дае ім перамагчы Украіну. Свядомасць кожнага расейскага генерала, службоўца, працаўніка працуе так, каб не атрымаць выспятка, не сесці ў турму і не несці адказнасці. Маўляў, лепш перастрахавацца і нешта зрабіць. У гэтым, перш за ўсё, адчуваецца характэрная дэталь як расейскай масавай свядомасці, так і свядомасці элітаў. І калі заўтра нейкі ўкраінскі беспілотнік упадзе на ўскраіне Масквы, то расейскім генералам будзе чым даць справаздачу. Гэта значыць, па-першае, яны такім чынам страхуюцца на выпадак, калі ўкраінцам атрымаецца прарваць абарону вакол Масквы.

Нагадаю, што ў 1987 годзе нямецкі пілот-аматар Матыяс Руст пераадолеў усю супрацьпаветраную абарону Савецкага Саюза і прызямліўся недалёка ад Краснай плошчы. І з тых часоў у генералаў, ды і ва ўсіх вайскоўцаў Расеі комплекс непаўнавартаснасці - яны нават цяпер кажуць, што, маўляў, не дай бог прарвецца нейкі ўкраінскі самалёт так, як гэта зрабіў Руст. З Чырвоным пляцам тады, вядома, нічога не адбылося, але генералітэт вельмі моцна пацярпеў. Бо тады паляцелі галовы блізу 25 генералаў Савецкага Саюза разам з маршалам. Цяперашнім генералам ужо ўсё адно, што адбудзецца - у РФ баяцца адказнасці. Як і тады ў СССР, расейскія генералы зараз гэтак жа даюць справаздачу перад Пуціным. Маўляў, мы правялі мабілізацыю, паслалі ва Украіну салдат, салдаты загінулі. Цяпер бяруць «зэкаў», іх адправілі пад Бахмут і Салядар. Яны там таксама загінулі, але мы ж, маўляў, выканалі заданне.

Па-другое, гэта неабходна, каб мілітарызаваць Маскву. А гэта зрабіць больш складана. Рэч у тым, што Масква - гэта адзіны мегаполіс у РФ, і менавіта там будуць адбывацца падзеі, звязаныя з пераваротамі, забойствамі, пагонямі. Калі Расея пачне закіпаць, усё гэта пачнецца ў Маскве, а не ў Санкт-Пецярбургу ці Грозным. Так створаная расейская гісторыя - усё адбываецца ў сталіцы.

Цяпер расейцы не могуць нагнаць у Маскву танкі, якія б стаялі на баку Пуціна, прывезці зброю, таму гэтым разам пачалі дзейнічаць інакш: маўляў, вакол украінцы, таму нам трэба ўзмацняць вайсковую прысутнасць у Маскве. Бо калі не даць такіх тлумачэнняў, у сталіцы пачнецца паніка і масквічы пачнуць задаваць пытанні.

- Гэта значыць расейцы не рыхтуюцца ні да якіх нападаў?

- Не, яны гэтым страхуюцца ад унутраных бунтаў, дэманстрацый, вайсковых пераваротаў. Ад высвятлення стасункаў на вуліцах паміж чачэнцамі і Расгвардыяй. У Крамлі разумеюць, што ўсё гэта можа пачацца ў кожны момант.

Усяму свету не стае не ўкраінскіх перамог, а канфліктаў унутры раснйскага кіраўніцтва. І гэтае кіраўніцтва разумее, што такія канфлікты абавязкова лінуць на вуліцы Масквы. А так ужо стаяць устаноўкі СПА. Гэта значыць гэта робіцца таксама і для таго, каб псіхалагічна прывучаць масквічоў да прысутнасці вайскоўцаў. А далей - адзін крок да ваеннага становішча, якое расейцы могуць абвясціць у кожны момант. Інакш у іх проста нельга, і таму патрэбная нейкая нагода (а яе няма). Значыць, трэба стварыць падзею, каб за паўгода прывучыць насельніцтва да таго, што з'яўленне БТРаў і ўзброеных патрулёў на вуліцах Масквы - гэта нармальна.

- Улічваючы тое, што Расея ўзняла «Панцыры» на будынках Мінабароны, МУС, ці можа яна са свайго боку наважыцца на ўдары па ўкраінскіх «цэнтрах прыняцця пастаноў»?

- Расейцы даўно спрабуюць гэта зрабіць, але ў іх нічога не выходзіць. Вы думаеце, яны не хацелі б адправіць ракеты ў Вярхоўную Раду ці Офіс прэзідэнта?! Вядома, хочуць. Успомніце, калі ракеты выбухалі каля парку Шаўчэнкі ў Кіеве. І гэта якраз было спробай выйсці ў цэнтр горада, гэта рабілася спецыяльна. Расейцам вельмі важна паказаць сусветнай супольнасці разваліны ўкраінскага Кабінеце міністраў. Таму калі хаця б адзін украінскі робат прарвецца ў Маскву, лепш за ўсё, каб ён нанёс удар па вежах Крамля ці Маўзалею. Гэта значыць, каб удар пацягнуў за сабой сімвалічную шкоду. Як з Крымскім мостам - мост працуе, але сімвалічна адбылося развянчанне нескаронасці Расеі.

- У сувязі з гэтым, хачу ўдакладніць. Калі, як вы сказалі, хаця б адзін прарвецца ў Маскву, як тады будзе рэагаваць Расея? Зразумела, што будзе вельмі шмат шуму з іхняга боку, але ці будуць нейкія практычныя дзеянні?

- Ніякіх, акрамя чарговай спробы масавага абстрэлу найбуйнейшых украінскіх гарадоў Украіны. Нічога больш Расея зрабіць ужо не можа - ні ядзерную зброю, ні балістычныя ракеты ёю ўжо не пасуюць. Расея ж змагаецца «з NАТО і ЗША», таму бамбаваць якую-небудзь Хацапетаўку - не значыць нанесці ўдар па Вашынгтоне або Бэрліне. Бо Захад больш не баіцца ядзернай атакі на сябе, а таму Крэмль ужо не дасягае сваёй мэты.

Насамрэч, якімі б не былі падзеі на фронце, асноўнай тэмай 2023 года будзе ракетна-дронавая дуэль. Расея паспрабуе нанесці шкоду Украіне, Украіна - Расеі, але ў нас больш магчымасцяў для гэтага. Расея, у адрозненне ад Украіны, матэрыяльнай шкоды не адчувае, але рэагуе на сімвалічныя ўдары. А яны вельмі простыя - Крымскі мост, крэйсер «Масква», бамбаванне ўкраінскімі дронамі Крамля і гэтак далей. Менавіта такія рэчы моцна б'юць па ўсіх расейцах, ад глыбінкі да першай асобы. І гэтая дуэль будзе не для помсты, Украіне варта біць туды, дзе ёсць сімвалічныя, важныя для Расеі месцы.

Важны момант - ва Украіны ёсць стратэгія. І мы будзем біць так, каб увесь час «апускаць» у вачах свету Расею і яе войска. І гэта будзе правільна.

- Калі адбудуцца такія балючыя ўдары па расейскім іміджы, як гэта адаб'ецца на рэжыме Пуціна?

- Вельмі моцна адаб'ецца. Паліталогіі вядомыя два тыпы грамадскай дамовы. Першы - калі ўлада кажа насельніцтву: «Вы не лезеце ў палітыку, а мы забяспечым ваш дабрабыт». Дваццаць гадоў Пуцін дзейнічаў менавіта так, але зараз, калі пачалася мабілізацыя, не вайна і не «СВА», ён парушыў гэтую дамову. Такую ж дамову ў 1990 годзе парушыла савецкая ўлада, у выніку чаго людзі «пайшлі ў палітыку».

Другім тыпам дамовы ў Расеі кіраваліся ў часы Сталіна: «Мы ствараем вам бяспеку, наўзамен вы не ўмешваецеся ў палітыку». І калі хаця б адна ўкраінская ракета дастане да Масквы, гэта будзе азначаць, што Пуцін не можа выканаць дамову аб бяспецы сярэдняга класа, эліты. Менавіта таму Пуцін ужо чацвёрты месяц кажа аб Крымскім мосце, бо гэта - сімвал канфіскацыі дзяржаўнай уласнасці ў адной краіны і яе перадача іншай. Бо Пуціну не такі важны Данбас, яму, перш за ўсё, патрэбны Крым.

З той жа прычыны, дарэчы, СПА ўстанаўліваюць на Валдаі, паколькі калі ўкраінскія сродкі закрануць адну з рэзідэнцый Пуціна, то ў Расеі адразу пачнуць казаць, што Пуцін хаваецца. А насельніцтва і эліта прыйдуць да высновы, што іх таксама не могуць абараніць.

Вось чаму Украіне так важна трапіць у нешта сімвалічнае і балючае для расейскай вайсковай свядомасці.

- Тады, адпаведна, ёсць варыянт, пры якім у Расеі могуць загаварыць аб змене рэжыму?

- Не. Але гэтым мы наносім мільёнам людзей удар па галаве, каб яны пачалі думаць крыху інакш. Гэта таксама важна. Таму што пасля ўдараў па Расеі такой прычынна-выніковай сувязі ў расейцаў не ўзнікне. Мы павінны разумець, што спачатку там адбудзецца нейкі ўнутраны пераварот. Таму трэба пазбавіцца думкі, што насельніцтва РФ падымецца і пойдзе супраць Пуціна – усё гэта будзе адбывацца выключна хірургічна, штучным шляхам унутры структуры. Забіваць уласнага цара - гэта не па-расейску. Расейцы не забівалі ні Сталіна, ні Хрушчова, ні нават Мікалая ІІ. Бо ў выпадку з Раманавымі, насельніцтва было не пры чым. Але захаплення ад зрынання цара не было, і савецкая ўлада ад гэтага не ўмацавалася. Людзям быў абыякавы цар, але тыя, хто ўзялі ўладу ў свае рукі, выдатна разумелі, што ім трэба ўмацоўваць сваю ўладу.

Прыкладна тое ж самае будзе і з Пуціным - яго сыход будзе гучным, але насельніцтва Расеі пры гэтым не будзе піць шампанскага і плакаць.

Гэтак жа, як было з Чаўшэску, расстрэл якога зрабілі публічным, каб яго прыхільнікі разумелі, што ўсялякая барацьба бессэнсоўная.

Таму, калі з Пуціным нешта і адбудзецца, у РФ ніхто не выйдзе ні ў яго абарону, ні супраць яго. Больш за тое, Пуцін і сам не можа прасіць расейцаў аб абароне, бо тады ён таксама разарве грамадскую дамову бяспекі. І Захад, дарэчы, таксама гэта добра разумее, таму не патрабуе распаду Расеі, а толькі змены рэжыму ўлады ўнутры яе. І ў гэтым сэнсе ў нас з імі розныя задачы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках