26 красавiка 2024, Пятніца, 9:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі выйшаў на волю кіраўнік «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнка

5
У Беларусі выйшаў на волю кіраўнік «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнка
СЯРГЕЙ КАСЦЮЧЭНКА

Летась прысудзілі 3,5 гады калоніі.

Як стала вядома «Нашай Ніве», старшыня «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнка выйшаў на волю пазаўчора.

У ліпені 2022-га Менскі гарадскі суд прысудзіў Сяргею Касцючэнку 3,5 гады калоніі. Яго судзілі паводле 243 артыкула КК - «ухіленне ад выплаты падаткаў». Разам з Касцючэнкам асудзілі яшчэ двух бізнэсоўцаў.

Фармальна пытанні ў сілавікоў выклікала легальная схема ашчаджэння на падатках з дапамогай сістэмы назапашвальнага страхавання «Прыёрлайф», якой карысталіся банкіры для вываду дывідэндаў без выплаты падаходнага.

«Гэта распаўсюджанае ў свеце назапашвальнае страхаванне. Сэнс яго ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансерватыўна распараджаецца сродкамі, - класічны пенсійны фонд. Яна абяцае табе прыбытковасць па заканчэнні вызначанага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым аб пенсіі, то па дасягненні так званага «ўзросту дажывання».

- Пры ўводзе грошай у гэтую сістэму страхавання табе не трэба плаціць з гэтага падаткі - так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад працы ў банку, - распавялі суразмоўцы з банкаўскай сферы.

Афіцыйнае абвінавачанне палічыла, што фігуранты справы не заплацілі падаткі з сумы 1,5 мільёна рублёў (гэта значыць, у асабліва значнай суме).

Было меркаванне, што ў справе Касцючэнкі замешаная палітыка.

Ходзяць чуткі, што незадоўга перад арыштам ён адмовіў фаварыту Лукашэнку хакейнаму трэнеру Дзмітрыю Баскаву ў просьбе фінансаваць хакейнае «Дынама».

Падрабязнасці выхаду Касцючэнкі пакуль невядомыя.

У розныя гады рэйтынг «Ежедневника» ставіў Касцючэнку ў лік дваццаці самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны.

Свой «Прыёрбанк» 56-гадовы ўраджэнец Вішнева Валожынскага раёна Сяргей Касцючэнка стварыў у 1989 годзе. Банк стаў адным з лідараў банкаўскай сферы Беларусі, долю ў ім выкупіў аўстрыйскі Райфайзен. Касцючэнка - ганаровы консул Аўстрыі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках