Ілан Маск запатрабаваў тлумачэнняў ад Зяленскага: у СБУ адрэагавалі
42- 10.12.2023, 15:38
- 26,878
Амерыканскі мільярдэр заступіўся за прарасейскага блогера.
Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск абурыўся праз тое, што Служба бяспекі Украіны (СБУ) затрымала прарасейскага блогера з Лацінскай Амерыкі.
Праз гэты інцыдэнт бізнэсовец патрабуе тлумачэнняў ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Пра гэта Маск напісаў у сацсетцы X (Twitter).
Як вядома, скандальны тэлевядоўца Такер Карлсан абвінаваціў украінскія ўлады, прынамсі, Зяленскага, у «незаконным» затрыманні і «катаванні» грамадзяніна ЗША Гансала Ліры, якога ў траўні затрымала СБУ.
Амерыканскі журналіст заявіў, што блогера нібыта затрымалі праз «крытыку» прэзідэнта Украіны.
«Грамадзянін ЗША сядзіць у турме ва Украіне пасля таго, як мы адправілі больш за 100 мільярдаў даляраў? Ці ёсць у гэтай гісторыі нешта большае, чым проста крытыка Зяленскага? Калі гэта ўсё, то тут у нас сур'ёзная праблема», - заявіў Маск.
У СБУ ўжо адрэагавалі на абвінавачанні Маска. Там адзначылі, што падчас затрымання блогера дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам.
У спецслужбе нагадалі, што ў траўні СБУ выкрыла на Харкаўшчыне блогера з падвойным грамадзянствам (Чылі і ЗША), які сістэматычна апраўдваў расейскую агрэсію ва Украіне і распаўсюджваў прарасейскія тэзісы ў сваіх сацыяльных сетках. Пры гэтым у сваіх відэа ён прызнаваў правамернай агрэсію РФ ва Украіне, адмаўляў ваенныя злачынствы краіны-агрэсаркі, і заяўляў, што УСУ абстрэльваюць сваю ж тэрыторыю.