CNN: Іран пагражае забіць малодшага сына Трампа
- 25.08.2026, 23:42
ФОТА: CHIP SOMODEVILLA/REUTERS
Сакрэтная служба ЗША адрэагавала на відэа з пагрозамі.
Іранскі дзяржаўны тэлеканал паказаў відэа з пагрозамі на адрас Бэрона Трампа — малодшага сына прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Сакрэтная служба ЗША заявіла, што ёй вядома пра гэты ролік і яна расцэньвае яго як патэнцыйную пагрозу.
Пра гэта паведамляе CNN.
Пасля забойства Алі Хаменеі радыкальныя іранскія СМІ неаднаразова пагражалі Трампу і яго сям'і. Раней мішэнню была Меланія Трамп, аднак, падаецца, гэта першы выпадак, калі публічнай мішэнню стаў іх сын Бэрон.
«Сакрэтная служба ЗША ведае пра гэтае відэа і расследуе ўсё, што можа быць успрынята як пагроза нашым ахоўваемым асобам», — заявіў прадстаўнік Сакрэтнай службы Нэйт Херрынг.
З меркаванняў аператыўнай бяспекі Сакрэтная служба адмовілася абмяркоўваць гэта пытанне.
Амаль троххвіліннае відэа пачынаецца з надпісу на англійскай мове: «Дзе забіць Бэрона Трампа?!». У ім дэманструюцца стылізаваныя графічныя выявы месцаў, дзе бывае малодшы Трамп, у прыватнасці Trump Tower у Нью-Ёрку.
У канцы відэа дыктар заяўляе, што людзі «з нецярпеннем чакаюць атрымання нашай узнагароды ў памеры 10 мільёнаў долараў».
Мінулымі выхаднымі відэа транслявала іранская дзяржаўная тэлерадыёкампанія Islamic Republic of Iran Broadcasting (IRIB), якую лічаць блізкай да радыкальнага крыла іранскага рэжыму. Кіраўніка гэтай арганізацыі непасрэдна прызначае вярхоўны лідар Ірана.
Паводле крыніцы, меры бяспекі пастаянна пераглядаюць і карэктуюць з улікам інфармацыі пра патэнцыйныя пагрозы, якую атрымліваюць Сакрэтная служба, іншыя дзяржаўныя органы, паліцыя і спецслужбы іншых краін.
11 жніўня выданне The Washington Post са спасылкай на крыніцы паведаміла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пакінуў Турцыю пасля саміту НАТА ў межах старанна спланаванай сакрэтнай аперацыі, а не паводле пратаколу, каб пазбегнуць пагрозы замаху з боку Ірана.
Па інфармацыі выдання, Трампа схавалі ў фургоне з ежай у аэрапорце, а потым таемна даставілі на ваенны самалёт.