Паплечнікі Навальнага паведамілі пра ягонае знікненне з калоніі
3- 11.12.2023, 18:19
- 7,760

ФОТА: AP
Супрацоўнікі калоніі ва Уладзімірскай вобласці сцвярджаюць, што расейскі апазіцыйны палітык у іх «больш не лічыцца».
Супрацоўнікі папраўчай калоніі №6 (ВК-6) у пасёлку Мялехава Уладзімірскай вобласці сцвярджаюць, што Аляксей Навальны ў іх «больш не лічыцца». Яны адмаўляюцца паведаміць адвакату расейскага апазіцыйнага палітыка, куды яго перавялі, напісала ў сацсетцы X у панядзелак, 11 снежня, прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
Яна таксама заявіла, што ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму №7 Уладзімірскай вобласці таксама сцвярджаюць, што Аляксея Навальнага там няма. «У пятніцу і сёння ні ў ВК-6, ні ў ВК-7 адвакатам не адказвалі. Відавочна, цяпер далі каманду. Дзе Аляксей, па-ранейшаму невядома», – паведаміла Ярмыш.
Некалькі гадзінаў таму ў Telegram-канале «Каманда Навальнага» з'явілася паведамленне, што паплечнікі Навальнага ўжо шосты дзень не могуць звязацца з ім. 11 снежня ён мусіў выступаць у судзе праз відэасувязь, але трансляцыя не адбылася. Прадстаўнікі калоніі сцвярджаюць, што з 7 снежня не могуць наладзіць электрычнасць, «проста здзекуюцца», заявіла ў сувязі з гэтым Кіра Ярмыш.
Нагадаем, што Аляксей Навальны быў адпраўлены расейскімі ўладамі ў калонію ў лютым 2021 года пасля таго, як яго абвясцілі вінаватым у махлярстве ў межах так званай «справы Іў Рашэ». Тады палітыка асудзілі да 2 гадоў і 8 месяцаў зняволення. У сакавіку 2022 года Навальнага таксама прызналі вінаватым паводле артыкула аб махлярстве, а потым у абразе суддзі, прызначыўшы 9 гадоў калоніі строгага рэжыму (у сукупнасці злачынстваў).
У жніўні 2023 года Аляксей Навальны быў асуджаны Масгарсудом да 19 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму паводле справы аб стварэнні «экстрэмісцкай супольнасці». Такой супольнасцю, паводле версіі ўладаў, з'яўляўся заснаваны ім Фонд барацьбы з карупцыяй.
1 снежня Навальны паведаміў, што супраць яго распачалі яшчэ адну крымінальную справу – паводле артыкула аб вандалізме.