Нямеччына заклікала сваіх грамадзянаў пакінуць Беларусь
50- 13.02.2023, 21:53
- 36,800
Раней з такімі зваротамі выступілі Францыя і Канада.
Нямеччына ўслед за Францыяй і Канадай абнавіла рэкамендацыю сваім грамадзянам пакінуць Беларусь.
Абнаўленні рэкамендацый знешнепалітычных установаў Нямеччыны, Францыі і Канады звязаны ў тым ліку з закрыццём пункта пропуску «Бераставіца – Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы.
У рэлізах падкрэсліваецца інфармацыя пра ягонае закрыццё, а паколькі паветраныя зносіны паміж Беларуссю і краінамі ЕЗ спыненыя, то для іншаземцаў (зрэшты, як і для беларусаў), якія хочуць выехаць у Польшчу, застаецца толькі адно акно – праз пункт пропуску «Брэст – Цярэспаль», у якім цяпер назіраецца напружаная абстаноўка.
МЗС Нямеччыны 13 лютага абнавіла сваю рэкамендацыю, выдадзеную 3 сакавіка 2022 года пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну, з перасцярогай ад наведвання Беларусі.
«Усе памежныя пераходы з Украінай і памежны пераход “Кузня – Брузгі” з Польшчай зачыненыя. Памежны пераход “Баброўнікі – Бераставіца” з Польшчай закрыты з 10 лютага 2023 года, з 12.00 паводле мясцовага часу. Нельга выключаць далейшае кароткатэрміновае закрыццё [іншых пунктаў пропуску]. Магчымыя дадатковыя захады кантролю на памежных пераходах з Літвой, Польшчай і Латвіяй», – гаворыцца ў паведамленні.
Раней 13 лютага сваю рэкамендацыю неадкладна пакінуць Беларусь апублікавала МЗС Францыі і Канады.