26 красавiка 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што чакае Лукашэнку пасля даклада ААН аб злачынствах Менска

31
Што чакае Лукашэнку пасля даклада ААН аб злачынствах Менска

Дакумент мае стратэгічнае значэнне.

У Беларусі назіраецца «непрымальная сітуацыя беспакаранасці і практычна поўнага знішчэння прасторы дзейнасці грамадзянскай супольнасці і асноўных свабод». У краіне шырока распаўсюджаныя сістэматычныя парушэнні міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, у тым ліку незаконнае пазбаўленне жыцця і выпадкі адвольнага пазбаўлення волі, катаванняў і жорсткага абыходжання, сэксуальнага і гендэрна-абумоўленага гвалту, парушэнні правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый…да такіх высноваў прыйшоў Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека, які апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. Юрысты патлумачылі DW, якія наступствы для рэжыму будуць мець высновы дакладу.

Даклад Управы Вярхоўнага камісара ў правах чалавека (УВКПЧ) заснаваны на апытаннях 207 пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў і сведкаў, аналізе больш чым 2500 довадаў. У дакуменце змяшчаецца заклік да дзяржаў – чальцоў ААН разгледзець пытанне аб прыцягненні вінаватых да адказнасці праз нацыянальныя механізмы. І забяспечыць дадатковыя захады абароны для ахвяраў, сведкаў і іншых асобаў, якія пакінулі краіну.

Даклад дапаможа распачаць справу на вінаватых за мяжой

Юрыстка-міжнародніца Вікторыя Фёдарава адзначае, што ўпершыню на міжнародным узроўні тое, што адбылося ў Беларусі, кваліфікаванае не проста як парушэнні правоў чалавека, а як міжнародныя злачынствы супраць чалавечнасці.

Фёдарава звяртае ўвагу на тое, што фармулёўкі ў дакладзе дастаткова мяккія: «некаторыя парушэнні могуць прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці». Канчатковую пастанову можа вынесці толькі суд - нацыянальны або міжнародны, тлумачыць юрыстка. Яна мяркуе за важнае адзначыць, што рэжым фактычна праігнараваў папярэднія заўвагі УВКПЧ: улады адмовіліся прыняць у Беларусі прадстаўнікоў ААН.

«Сам па сабе гэты даклад не прывядзе да стварэння міжнароднага трыбунала што да Беларусі. Такія трыбуналы раней ствараліся Радай Бяспекі ААН, сталымі чальцамі якога з'яўляюцца сябры афіцыйнага Менска - Расея і Кітай. Яны валодаюць правам вета і проста заблакуюць такую пастанову, - кажа экспэртка. – Аднак даклад можа быць выкарыстаны як аўтарытэтны дакумент пры завядзенні крымінальных спраў у іншых краінах паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі».

Катаванні - настолькі сур'ёзнае злачынства, што свет не можа проста закрыць на гэта вочы, мяркуе Вікторыя Фёдарава. Напрыклад, у Літве ў гэтым кірунку ўжо ідзе работа: больш за 40 беларусаў ужо прызнаныя пацярпелымі, з імі працуюць літоўскія следчыя. Яны таксама апытваюць сведкаў, напрыклад, былых сілавікоў, суддзяў, якія могуць распавесці, як уладкаваная праваахоўная і судовая сістэмы ў Беларусі. Аднак гэты працэс не хуткі. Колькі будзе ісці папярэдняе следства, ніхто дакладна сказаць не можа. Пакуль беларускіх суддзяў і сілавікоў у міжнародны вышук не абвяшчалі.

Ці будзе створаны міжнародны трыбунал?

Юрыстка-міжнародніца Кацярына Дэйкала ўказвае на тое, што даклад ААН мае стратэгічнае значэнне. «Цяпер гэта не проста заява пацярпелых ці беларускіх праваабаронцаў, гэта выснова вышэйшага кампетэнтнага органа ў правах чалавека ў ААН, - адзначае яна. - Даклад дае імпульс прапрацоўваць канкрэтныя склады злачынства. Гэта будзе важна для будучага трыбунала».

Дэйкала згодная з Вікторыяй Фёдаравай у тым, што ў выпадку з Беларуссю наўрад ці можна чакаць стварэння міжнароднага трыбунала, але яна называе іншую прычыну. «Пры ўсёй болі беларускага народа маштаб здарэння не цягне на асобны трыбунал. Для параўнання трэба паглядзець, што адбывалася ў Югаславіі ды Руандзе, да якіх такі трыбунал быў створаны, - кажа экспэртка. - У нашым выпадку можна разлічваць на стварэнне гібрыднага трыбунала, дзе будуць працаваць міжнародныя суддзі разам з беларускімі. І гэта дасць добры штуршок для развіцця нацыянальнай судовай сістэмы».

Але такія дзеянні магчымыя толькі пасля змены ўлады, якая будзе гатовая да такога судовага разбору.

У той жа час Управа Вярхоўнага камісара сабрала дасье на беларускіх чыноўнікаў, якія нясуць адказнасць за грубыя парушэнні правоў чалавека, іх дзеянні могуць быць кваліфікаваныя як злачынства паводле міжнароднага права. Так, УВКПЧ зафіксавала, прынамсі, пяць выпадкаў незаконнага пазбаўлення жыцця падчас пратэстаў.

Асобна трэба разглядаць дзеянні беларускага рэжыму ў падтрымцы вайны ва Украіне. У гэтым пытанні магчымае стварэнне міжнароднага трыбунала, дзе Беларусь будзе ісці разам з Расеяй, бо яе тэрыторыя і інфраструктура выкарыстоўваецца для нападзення.

Як даклад ААН адаб'ецца на санкцыях?

Беларускія ўлады, апелюючы да ААН, дамагаюцца скасавання забароны на пастаўкі калію на сусветны рынак - уведзеныя Захадам абмежаванні, заяўляе беларускае МЗС, падрываюць харчовую бяспеку ў свеце. У траўні 2022 года генеральны сакратар ААН прапанаваў змякчыць санкцыі па калію, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі ў абмен на бяспечнае транспартаванне збажыны з Украіны. Ці зменіцца яго пазіцыя пасля даклада Вярхоўнага камісара ў правах чалавека?

«Не думаю, што даклад тут паўплывае на санкцыі», - мяркуе Вікторыя Фёдарава. Яна нагадала, што Камітэт ААН у эканамічных, сацыяльных і культурных правах рэкамендаваў Літве, якая забараніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю, аднавіць іх транспартаванне. «Дзяржавы не заўсёды выконваюць гэтыя рэкамендацыі, - адзначае юрыстка. - Беларусь, паводле нашых ацэнак, з 67 рэкамендацый Камітэта ААН супраць катаванняў выканала толькі 3. У пытаннях санкцый большае значэнне маюць палітычныя абгрунтаванні, чым прававыя».

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках