26 красавiка 2024, Пятніца, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча будзе бясплатна выдаваць беларусам праязны дакумент іншаземца

7
Польшча будзе бясплатна выдаваць беларусам праязны дакумент іншаземца

З 1 чэрвеня.

Папраўкі аб спрошчанай выдачы праязнога дакумента іншаземца грамадзянам Беларусі ў Польшчы набудуць моц 1 чэрвеня. Выдаваць дакумент беларусам будуць бясплатна, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Барташ Градзецкі, паведамляе PAP.

Спрошчаная працэдура будзе дзейнічаць для грамадзян Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Польшчы, чый пашпарт страчаны або пратэрмінаваны, а паехаць на радзіму для яго абмену яны не могуць.

Цяпер афармленне праязнога дакумента іншаземца каштуе 350 злотых (амаль 75 еўраў). Але названай катэгорыі беларусаў яго будуць выдаваць бясплатна. Са слоў Градзецкага, міністр Марыуш Каміньскі прыняў такую пастанову пасля абмеркавання пытання з беларускай дыяспарай Польшчы і Святланай Ціханоўскай.

- Міністр прыняў такую пастанову з улікам спецыфічнай сітуацыі беларускай супольнасці і ў рамках падтрымкі, якую мы аказваем дэмакратычнай Беларусі, - падкрэсліў намеснік кіраўніка ведамства.

Градзецкі зазначыў, што новая працэдура выдачы праязнога дакумента іншаземца прынясе істотныя змены і для дзяцей беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся ўжо ў Польшчы і засталіся без пашпартоў, бо іх бацькі не могуць паехаць у Беларусь для афармлення.

- Гэтыя людзі вядуць нармальнае жыццё ў Польшчы, хочуць падарожнічаць, але могуць мець абгрунтаваныя асцярогі з'явіцца ў пасольстве або консульстве сваёй краіны або вярнуцца ў Менск для атрымання дакументаў, - растлумачыў чыноўнік.

Ён звярнуў увагу на тое, што ўлады Беларусі змянілі заканадаўства і цяпер маюць права завочна пазбаўляць грамадзянства апанентаў рэжыму пасля завочнага ж суда, і чалавек можа нават не даведацца аб сваім новым статусе.

- Гэта паказвае, што рэжым не спыніцца ні перад чым, ён можа адабраць нават такое фундаментальнае права, якім з'яўляецца права на грамадзянства, амаль у кожнага, - адзначыў Градзецкі.

Ён дадаў, што праязны дакумент іншаземца дзейны год і дасць магчымасць яго ўладальнікам здзяйсняць любыя паездкі, па працы ці на адпачынак.

- Рашэнне, якое мы прынялі, з юрыдычнага пункту гледжання з'яўляецца самым хуткім з магчымых. Важна таксама, што мы паспелі рэалізаваць яго да сезона адпачынкаў, - сказаў намеснік міністра.

Як паведамляецца ў публікацыі, толькі ад пачатку 2022 года заявы на легалізацыю знаходжання ў Польшчы падалі 80 тысяч беларусаў. Магчымасць афармлення праязнога дакумента для грамадзян Беларусі з гуманітарным відам на жыхарства ўвялі з пачатку года. Пра намер прыняць аналагічную пастанову раней заяўлялі ў Літве.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках