26 красавiка 2024, Пятніца, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рой дронаў над Крамлём

9
Рой дронаў над Крамлём

Ва УСУ з'явіліся магчымасці дасягнуць меж Масквы.

Беспілотныя лятальныя апараты ўсё бліжэй падбіраюцца да Масквы і ўжо атакуюць аб'екты інфраструктуры ў Маскоўскай вобласці. 20 сакавіка беспілотнік рэзнуўся ў ЛЭП у падмаскоўным Шчолкаве. Яшчэ адзін беспілотнік упаў, учапіўшыся за галіны дрэў, у Маскоўскай вобласці на пачатку сакавіка, недалёка ад аб'екта, які належыць "Газпрому". Чарговы выпадак з'яўлення ўкраінскага дрона быў зафіксаваны 28 сакавіка. Жыхар вёскі Свіціна ў Воранаўскім селішчы Новай Масквы знайшоў ля чыгуначных рэек адломкі беспілотніка, афарбаванага ў колеры сцяга Украіны. Мінабароны Расеі заяўляе, што гэтыя БЛА - украінскага вырабу.

Ці мае Украіна магчымасць выпускаць дроны ўласнага вырабу на Маскву, і калі гэта можа здарыцца, піша «Апостраф».

Рой дронаў

Украінская ўлада не пацвярджала і не адмаўляла прыналежнасць Украіне беспілотнікаў, якія атакавалі Маскоўскую вобласць. Але 29 сакавіка Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў зрабіў сэнсацыйную заяву.

На сваёй старонцы ў Twitter ён напісаў, што УСУ могуць мець ударныя беспілотнікі з далёкасцю больш за 3 тысячы кіламэтраў. Данілаў назваў іх «Украінскі рой» імя Матыяса Руста і суправадзіў публікацыю фатаграфіяй самалёта нямецкага лётчыка Матыяса Руста, які ў 1987 годзе, у Дзень Памежных войскаў СССР, праляцеў больш за тысячу кіламэтраў да Масквы, абыходзячы сістэмы СПА СССР і прызямліўся на Чырвонай плошчы.

Расейскія СМІ распаўсюдзілі гэтую навіну ад Данілава, адзначыўшы, што той нібыта ківае на імавернасць дыверсійных нападаў з дапамогай беспілотнікаў у глыбіні расейскай тэрыторыі. Пры гэтым расейскія прапаганда заявіла, што РФ нібыта валодае шырокімі магчымасцямі адказу на дыверсійныя атакі з дапамогай дронаў.

Магчымасць ёсць, але…

Аб тым, ці сапраўды Україна мае дроны, пра якія гаварыў Данілаў, «Апострофу» растлумачылі эксперты.

«Украіна мае магчымасці дасягнуць меж Масквы беспілотнікамі ўласнага вырабу. Гэта не таямніца», - сказаў у каментары «Апострафу» вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

Словы Каваленкі пацвердзіў і дырэктар вайсковных праграм Цэнтра Разумкова Мікалай Сунгуроўскі.

«Тэарэтычна такія магчымасці Україна мае. Толькі на выраб саміх беспілотнікаў няма грошай, - падкрэслівае эксперт, - Калі будуць сродкі і магчымасць разгарнуць выраб БЛА з далёкасцю палёту 3 тысячы км, то Украіна гэта зробіць».

«Рэч у тым, што ва Украіне вырабляць такія дроны небяспечна, бо вытворчасць можа быць знішчаная расейскай ракетай. А вось наладзіць яе ў адной з краін ЕЗ цалкам можна», - адзначыў эксперт.

Таму заяву Аляксея Данілава Сунгуроўскі ўважае за фантазію. «Гэта эмацыйная заява, і абстрэльваць з дронаў Маскву мы, вядома ж, не будзем. Іншая рэч, вайсковыя аб'екты, размешчаныя вакол Масквы», - адзначыў эксперт.

Заява Данілава пра рой украінскіх дронаў на Маскву была зробленая як псіхалагічны напад, мяркуе Аляксандр Каваленка, і яна была ўзгодненая з вайсковым кіраўніцтвам.

«Мы ж бачым, што каля Масквы адбываюцца ўсялякія інцыдэнты з БЛА. Хто баіцца, таму ўваччу дваіцца, і цяпер усякае здарэнне расейскія ўлады будуць звязваць з атакай украінскіх дронаў», - адзначыў Каваленка.

Прахадны двор

У тым, што атака ўкраінскіх дронаў на Маскву будзе паспяховай, Аляксандр Каваленка не сумняваецца.

“Яны маюць праблемы з СПА. Для перахопу малагабарытных аб'ектаў, напрыклад, БЛА, ужываюцца комплексы малога радыюсу дзеяння, – тлумачыць эксперт. - З сучасных комплексаў расейцы маюць ЗРК Торм-М2 і ЗРПК Панцыр-С1. ЗРК Тор-М2 (эфектыўны радыюс ахопу 12 км) вырабленыя 132 адзінкі. ЗРПК Панцыр-С1 (эфектыўны радыюс ахопу 15 км) выраблена 116 адзінак. Але большасць такіх комплексаў расейцы выкарыстоўваюць ва Украіне для заслоны сваіх войскаў, тым самым агаляючы гарады. Акрамя таго, на фронце такія комплексы ўжо або знішчаныя, або пашкоджаныя. А вырабляць іх яны ўжо не могуць».

Паводле слоў Аляксандра Каваленкі, пад Масквой для нашых БЛА цяпер прахадны двор, і расейцы пра гэта ведаюць, а таму пасля слоў Данілава будуць моцна нэрвавацца.

"Павышэнне нэрвовасці ворага - гэта добра", - падсумаваў эксперт.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках