27 красавiка 2024, Субота, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Пуцін ведае пра настроі ў беларускім войску

10
Наталля Радзіна: Пуцін ведае пра настроі ў беларускім войску
Наталля Радзіна

Большасць беларусаў на баку Украіны.

Галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна ўчора, 21 траўня, стала госцяй студыі ўкраінскага тэлеканала "Прямій" з вядоўцам Пітэрам Залмаевым. Украінскі журналіст зазначыў, што знае Наталлю ўжо 23 гады. У студыю беларуская журналістка ўзяла з сабой кнігу лідэра грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэя Саннікава "Беларуская Амэрыканка або выбары пры дыктатуры".

На пачатку перадачы Пітэр Залмаеў згадаў пра Дзень беларускіх палітычных вязняў. Гаворачы пра беларускіх вязняў сумлення, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org адзначыла, што яна сама былая палітычная зняволеная і таму разумее важнасць салідарнасці:

- У Беларусі сёння вялікая колькасць людзей апынулася ў турмах. Арышты, якія абрынуліся на краіну пасля выбараў 2020-га года, не спыняюцца ні на адзін дзень на працягу вось ужо амаль трох гадоў. У рэчаіснасці ў беларускіх турмах знаходзіцца ад 8 да 10 тысяч палітычных вязняў.

Міжнародны Дзень беларускага палітычнага вязня адзначаецца менавіта 21 траўня, бо два гады таму ў турме быў забіты палітычны вязень Вітольд Ашурак. Яму не было і 50 гадоў. Сапраўдны патрыёт Беларусі, які трапіў у няволю пасля ўдзелу ў акцыях пратэсту ў 2020-м. Яго проста збілі ахоўнікі, і ён не адзіны палітычны вязень, які быў фактычна забіты ў беларускай турме.

Невядома, колькі людзей там памерла, калі мы не ведаем, што яны палітычныя вязні, калі іхнія імёны невядомыя, дык яны напраўду маглі паміраць дзясяткамі за гэтыя некалькі гадоў. Дапраўды страшна тое, што адбываецца ў беларускіх турмах. Важна памятаць аб гэтых людзях і думаць, як іх вызваліць. Узмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі, у гэтым зацікаўленая і Украіна. Я не стамлюся паўтараць, што толькі свабодная дэмакратычная Беларусь будзе гарантам бяспекі і для Украіны.

Наталля Радзіна адзначыла, што Лукашэнка пачаў забіваць не ў 2020-ым годзе, а яшчэ ў 1999-м, калі ў Беларусі былі забітыя лідэры апазіцыі: першы віцэ-старшыня Вярхоўнага савета Беларусі 13-га склікання Віктар Ганчар, экс-кіраўнік МУС Юры Захаранка, бізнэсовец і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі:

- Пасля 1999-га года было яшчэ шмат дзіўных смерцяў сярод палітыкаў, журналістаў, экспертаў. У тым ліку ў 2010 годзе загінуў заснавальнік сайта Charter97.org Алег Бябенін. На жаль, міжнародная супольнасць рэагавала на гэта вельмі слаба.

Думаю, што і ва Украіне далёка не ўсе ведалі аб тым, што рабілася ў Беларусі. Мне падаецца, што гэта адбывалася і таму, што вельмі мала асвятлялі сітуацыю ўкраінскія мэдыі. Вельмі добра, што цяпер ёсць фокус на Беларусі. Ёсць усведамленне і разуменне, наколькі небяспечны гэты дыктатарскі рэжым у нашай краіне. 24 лютага 2022-га года давяло, што Беларусь не можа быць ніякім партнёрам і хаўруснікам для Украіны, пакуль там кіруе рэжым Лукашэнкі.

Пітэр Залмаеў закрануў і тэму стану здароўя дыктатара. Гаворачы аб тым, што будзе, калі заўтра Лукашэнка памрэ, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org адзначыла:

- Што зменіцца ў «ЛНР», калі памрэ Пасечнікаў? Пакуль, на жаль, гэта прыкладна такая ж сітуацыя менавіта праз вялізны ўплыў Крамля на Беларусь. Лукашэнка - марыянетка. Для навучання расейскіх мабілізаваных скарыстаныя ўсе беларускія палігоны. Дзясяткі тысяч чалавек знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, праходзілі навучанне за апошнія 1,5 года. Нам паведамляюць, што чакаецца новая партыя мабілізаваных.

Ракетны абстрэл з тэрыторыі Беларусі можа аднавіцца ў кожны момант. Ён адбываўся на працягу ўсяго мінулага года, і нават у снежні яшчэ ляцелі ракеты з расейскіх самалётаў, якія ўзнімаліся з тэрыторыі Беларусі. Дагэтуль ляцяць дроны. Беларускае войска ў кожны момант можа ўступіць у гэтую вайну, калі ў гэтым будзе пільная патрэба.

Тым не менш Наталля Радзіна адзначыла, што большая частка беларускіх вайскоўцаў не хоча ваяваць, узнімаць зброю супраць украінцаў. Пра настроі ў беларускім войску вядома і Пуціну:

- Яны думаюць аб тым, што калі ім усё ж такі давядзецца перайсці мяжу з Украінай, то будуць здавацца ў палон. У гэтай сітуацыі Лукашэнка і Пуцін разумеюць, што беларускае войска не памагаты РФ у гэтай вайне. Іх могуць увесці ў дзеянне ў зусім ужо крытычнай сітуацыі.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці павернуць зброю супраць Лукашэнкі міліцыя і войска, калі іх пачнуць прымушаць ісці на вайну, беларуская журналістка заявіла:

— Вельмі б хацелася, каб гэта адбылося, але я ведаю, што дастаткова шмат расейскіх афіцэраў сёння служыць у беларускім войску. Яны акурат пасланыя на службу ва Узброеныя сілы Беларусі менавіта для прадухілення такога сцэнару. Яны часта камандуюць беларускімі падраздзяленнямі. Нам паведамляюць вайскоўцы, што ў выпадку, калі яны пойдуць ва Украіну, то пойдуць пад камандаваннем расейскіх афіцэраў. Менавіта таму, што расейскія ўлады ўсведамляюць, што магчымы вось такі сцэнар.

Пітэр Залмаеў згадаў, што палітычны тэхнолаг Міхаіл Шэйтэльман бароніць сцэнар, што калі не стане Лукашэнкі, то будзе стаяць пытанне аб тым, хто трапіць у Менск раней - Пуцін або Ціханоўская. Наталля Радзіна выказалася пра гэты сцэнар:

- Я перакананая, што ў Беларусі ў выпадку турбулентнасці і сітуацыі, калі будзе магчымасць рэвалюцыйным шляхам прыйсці да ўлады дэмакратычным сілам, неабходна будзе як мага хутчэй ствараць пераходны ўрад з розных палітычных сіл.

Шмат якія лідэры апазіцыі сёння знаходзяцца ў турмах. Іх неабходна неадкладна вызваляць, і гэтыя лідэры - прадстаўнікі розных палітычных сіл - маюць увайсці ў гэты пераходны ўрад. Туды можа ўвайсці, вядома ж, і Святлана Ціханоўская.

Наступны крок - правядзенне новых парламенцкіх выбараў паводле Канстытуцыі 1994-га года. Далей парламент ужо ўносіць змены ў выбарчае заканадаўства, мы праводзім прэзідэнцкія выбары. Вось такі сцэнар, думаю, будзе найбольш дэмакратычным.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org упэўненая, што большая частка беларусаў у вайне з РФ на баку Украіны:

- Так, у нас дыктатура, людзі не могуць актыўна выказвацца, выходзіць на акцыі пратэсту, праводзіць пікеты ў падтрымку Украіны. Трэба разумець, што ў Беларусі арыштоўваюць за жоўтыя і блакітныя колеры. Пад рэпрэсіі падпадаюць усе групы грамадства.

Праваслаўнага святара некалькі месяцаў таму арыштавалі за налепку салідарнасці з Украінай на самаходзе. Не кажучы ўжо пра тое, што людзей хапаюць не толькі за допісы ў сацыяльных сетках у падтрымку Украіны, але і за “падабайкі” пад імі. Але настрой усё адно праўкраінскі.

Як журналістка я маю дастаткова вялікую сетку кантактаў, і не трэба мець сацыялагічную службу, каб замяраць настроі. Магу сказаць, што мінімум 80% за Украіну. Настроеных за Расею мізэрна мала, гэта маргіналы, якія не рызыкуюць выказваць свой пункт гледжання ў краме або грамадскім транспарце. Так, яны сёння на беларускіх тэлеканалах, якія паўтараюць усе наратывы расейскай прапаганды, але сярод людзей яны баяцца выказваць гэты пункт гледжання.

Гаворачы аб падзеях 2020-га года, Наталля Радзіна адзначыла, што гэта быў першы этап Рэвалюцыі:

- Фактычна пратэсты ж былі ва ўсіх местах Беларусі. На жаль, рэжым змог выстаяць і праз падтрымку Крамля і, давайце казаць шчыра, праз непісьменныя і безадказныя дзеянні так званых лідэраў беларускай апазіцыі, той жа Ціханаўскай і кампаніі, якіх я ўвогуле называю «пенай Рэвалюцыі».

Ніякімі рэальнымі лідэрамі яны не з’яўляюцца. Яны прапанавалі людзям абсалютна хібную стратэгію: выходзіць у суботу-нядзелю, а ўвесь тыдзень — працаваць. Замест таго, каб праводзіць пратэсты штодня, абвясціць страйк на тэрыторыі ўсёй краіны, яны прапанавалі вось гэты варыянт, які прывёў у выніку да павольнага «злівання» пратэставага патэнцыялу і задушэння пратэстаў.

У выніку мы маем у турмах ад 8 да 10 тысяч палітычных вязняў. Дакладную лічбу складана назваць, але гучаць лічбы, што да 300 000 беларусаў выехала з краіны за апошнія тры гады, гэты працэс працягваецца.

Гэта вельмі складаная сітуацыя, але самае галоўнае, што за гэтыя тры гады любові да Лукашэнкі ў людзей не з'явілася. Калі тады 80-90% выступалі супраць яго, то і цяпер гэтыя лічбы прыкладна адпавядаюць.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках