28 красавiка 2024, Нядзеля, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар: Наступным разам кропельніцу Лукашэнку будзе ставіць Хрэнін

18
Лекар: Наступным разам кропельніцу Лукашэнку будзе ставіць Хрэнін

Беларуская медыцына сур'ёзна дэградуе.

Лукашэнка прызнаў, што медыкі з'язджаюць з Беларусі. Аднак прамаўчаў аб прычынах адтоку кадраў з сістэмы аховы здароўя.

Лекар адной з абласных лякарняў на ўмовах ананімнасці пракаментаваў для сайта Charter97.org тыраду Лукашэнкі пра беларускую ахову здароўя:

— Усё пачалося падчас эпідэміі каранавіруса. Медыкі ўбачылі, як улада да іх ставіцца, наколькі шануецца іхняя праца як у матэрыяльным, так і ў агульначалавечым плане. Пасля пратэстаў 2020 года шмат каму стала проста небяспечна знаходзіцца ў краіне. Затым пачалася чарада палітычных звальненняў. Часам звальнялінац лепшых і тых адмыслоўцаў, якіх проста бракуе. Шмат хто не стаў чакаць, калі да іх дойдзе чарга, забіралі дакументы адразу.

Яшчэ адна хваля «выхаду» - гэта выпускнікі медычных ВНУ. Шмат хто з'язджаў у Польшчу, Літву, Нямеччыну, здаваў іспыт на веданне мовы, пацвярджаў свой дыплом і пачынаў працаваць за мяжой.

- Ці выйдзе ўтрымаць медыкаў «прыгонам» з дапамогай адпрацоўкі, пра якую гаворыць Лукашэнка?

- Эфект будзе адваротны. Сапраўды таленавітыя і здольныя хлопцы будуць вучыць польскую, літоўскую, ангельскую мовы і паступаць у замежныя ВНУ. У нейкай часткі абітурыентаў увогуле адаб'юць жаданне звязваць сябе з медыцынай. Хтосьці падумае, што можна пайсці ў экалогію або біятэхналогіі.

Не хачу нікога пакрыўдзіць, але агульны ўзровень выпускнікоў медычных ВНУ будзе падаць. Давядзецца апускаць узровень прыймання ў ВНУ. Адпаведна, будзе зніжацца і агульны ўзровень нашай аховы здароўя.

Адбываецца адток не толькі сярод лекараў, але адходзіць і медперсанал. Груба кажучы, вялікай адукацыі, каб паставіць кропельніцу і прасачыць, каб пацыент выпіў таблеткі, не трэба, а вось у Польшчы і Літве медсёстры бяруць у пяць разоў больш.

Шмат хто не вытрымліваеь націску, бо праз дэфіцыт даводзіцца затыкаць усе "дзіркі", якія ўтварыліся. Калі ўсё будзе так працягвацца, то Лукашэнку наступным разам будзе ставіць кропельніцу Хрэнін.

- Таксама на нарадзе гаварылася аб «дзелі айчынных прэпаратаў у ахове здароўя». Маўляў, яе трэба павялічваць. А што да якасці?

- Скажам так, ёсць вялікія пытанні да прапорцыі цаны і якасці. Эфект ад лячэння можа быць нядрэнным, але вось шмат пабочных эфэктаў.

Ёсць неблагія беларускія прэпараты, але цана іх проста надмерная, нягледзячы на тое, што нібыта ўсё рэгулюецца. Таму закупляюцца лекі ніжэйшай якасці. Безумоўна, тут можа быць і карупцыйны складнік, я тут не разбіраюся.

Распаўсюджаняа практыка, калі пацыенты прыносяць нам за свае грошы нейкія замежныя прэпараты, і мы працуем з імі. Гэта лагічна, бо большасць нашых лекаў - гэта проста генерыкі, копія заходніх арыгіналаў.

- Ці сапраўды прастойвае «дарагое абсталяванне», як сказаў Лукашэнка?

- Гэта поўнае глупства. Часам у нас на цэлы раён толькі адзін апарат МРТ. Калі ён псуецца, то людзей могуць адпраўляць на абследаванне ў іншае места або ў платны медычны цэнтр, калі нехта спяшаецца. Мяркую, што гэта ганьба для сістэмы.

Можна гаварыць пра дэфіцыт, рэальныя праблемы з доступам да абсталявання і праблемы з яго абслугоўваннем, але ніяк не пра прастойванне. Тут або Лукашэнку падманваюць, або ён сам спрабуе прыхарашыць сітуацыю, маўляў, «я вам усё даў».

- Гаварылася і аб праблемах з рамонтам у шпіталях і антысанітарыяй. Ці так гэта?

- Зноў жа, Лукашэнка сказаў аб нейкіх вялікіх сродках, якія выдаюцца на рамонт. Летась мы самі перафарбоўвалі свой кабінет з калегамі: купілі фарбу, валікі, такая «талака» у нас выйшла. Калі ў абласных шпіталях часам на галовы людзей сыплецца тынк, то ўяўляю, што адбываецца ў раённых.

Думаю, да лякарняў гэтыя бюджэты проста не даходзяць. Я бачыў, у якіх кабінетах сядзіць галоўны лекар, галоўныя ў аддзяленнях, тамака ніякім «шыкам» не патыхае. Просты і ахайны рамонт. Калі гэтыя грошы выдаюцца, то, відаць, раскрадаюцца ўжо на нацыянальным і абласным узроўнях.

- Што чакае беларускую медыцыну праз пяць гадоў, калі будзе далей дзейнічаць гэтая сістэма?

- Дэградацыя, менавіта сур'ёзнае пагаршэнне, а не стагнацыя. Цяпер сістэма трымаецца на "старых". Ёсць лекары з добрай базай, досведам, якія дзеля веку не могуць з'ехаць з краіны. Праз пяць гадоў шмат хто пойдзе на пенсію. Тыя, хто маладзейшы за 40, выязджаюць. З ВНУ будуць прыходзіць больш слабыя інтэрны, дэфіцыт кадраў будзе расці.

Я не веру ў шчырасць Лукашэнкі, калі ён учора крычаў на службоўцаў ад медыцыны, што трэба ўсімі сіламі ўтрымаць адмыслоўцаў. Хацелі б утрымаць і зрабіць больш лаяльнымі — раздавалі б кватэры, як раздаюць «бобікам», якія лупцуюць беларусаў налева і направа. Хацелі б утрымаць - перасталі б за палітыку звальняць найлепшыя кадры.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках