27 красавiка 2024, Субота, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці паедуць беларусы ў Егіпет?

5
Ці паедуць беларусы ў Егіпет?

Тураператары расказалі пра сітуацыю пасля нападу акулы на расейца.

Пасля нападу акулы на мужчыну ў Хургадзе на курорце закрылі пляжы. Акулу вылавілі ў той самы дзень.

Як паведамілі Office Life беларускія тураператары са спасылкай на партнёраў у Егіпце, пляжы пакуль закрытыя да 11 чэрвеня як у Хургадзе, так і найбліжэйшых курортах Сахль-Хашыш і Макадзі-Бі. Прадстаўнікі турбізнэсу прагназуюць, што на турплыні трагедыя з акулай не адаб'ецца – падобныя сітуацыі ўжо былі. Пры гэтым Егіпет – адзін з нямногіх даступных кірункаў пляжнага адпачынку з вылетам з Менска.

У офісе тураператара ANEX Tour у Менску расказваюць, што адмоваў ад тураў у Хургаду ў сувязі з апошнімі навінамі няма. У цэлым попыт на егіпецкі кірунак даволі высокі, туры з вылетамі з Менска добра прадаюцца.

У мінулым сезоне ў раёне курорту таксама былі трагічныя выпадкі гібелі пасля нападу акулаў. Адмоваў ад тураў праз гэта, паводле звестак тураператара, не было.

Тады пляжы нейкі час таксама не працавалі, а турыстаў арыентавалі на адпачынак каля басейнаў, на тэрыторыі гатэля і паездкі на экскурсіі. Калі пляжы адкрылі, там вартавала больш, чым звычайна, ратавальнікаў. Яны сачылі, каб людзі не адплывалі далёка ад пірса.

Пакуль пляжы ў Хургадзе зачыненыя, турыстам варта прытрымлівацца рэкамендацый, якія даюць у гатэлях, і не плаваць у моры.

У офісе яшчэ аднаго сталічнага тураператара расказваюць, што ў іх туры з вылетамі з Менска ў Хургаду і Шарм-эш-Шэйх распрададзеныя да канца чэрвеня. Гэта значыць, раней за гэтыя даты набыць пуцёўку праблематычна. Ад тураў праз інцыдэнт з акулай ніхто не адмаўляецца, попыт на кірунак устойліва добры. Паводле прагнозаў прадстаўнікоў турбізнэсу, у гэтым сезоне ён будзе не меншы, чым у мінулым.

Тур з Менска на дзесяць начэй на дваіх у гатэлі ўзроўню чатыры зоркі ў Хургадзе цяпер абыдзецца ў сярэднім на $2,1 тыс. Паводле звестак Белстата, у 2022 годзе ў Егіпце адпачылі больш за 50 тыс. турыстаў з Беларусі. Гэты трэці ў нас у папулярнасці кірунак пасля Расеі, куды з дапамогай турагенцтваў летась з'ездзілі больш за 74 тыс. турыстаў, і Турцыі, дзе пабывалі больш за 104 тыс. беларусаў. Для параўнання: у 2021 годзе Егіпет наведалі больш за 217 тыс. суграмадзянаў, а ў 2020-м – больш за 115 тыс.

Трагедыя з акулай не з'яўляецца форс-мажорам. Калі б турысты надумалі адмовіцца ад пуцёўкі, гавораць прадстаўнікі турбізнэсу, былі б штрафныя санкцыі. Іх памер залежыць ад тэрміну вылету і гатэля. Як правіла, калі авіяквіткі ў выніку не прададуць, санкцыі могуць скласці іх кошт, а гэта прыкладна 50% ад кошту тура.

– Ні аднаго званка ад турыстаў з нагоды скасавання тураў у сувязі з інцыдэнтам не было ні ў мінулым годзе, ні ў гэтым, – каментуюць у турагенцтве SMOK Travel.

У туркампаніі «Майстар ВГ тур» таксама адзначаюць, што на попыт сітуацыя ніяк не паўплывала. Цяпер у беларусаў ёсць усяго некалькі варыянтаў пляжнага адпачынку з вылетам з Менска, таму і Хургада, і Шарм-эш-Шэйх – папулярныя кірункі. Апроч іх, можна адпачыць на курортах Турцыі, ААЭ і Грузіі. Але ў Турцыі клімат адрозніваецца ад егіпецкага, ён больш вільготны, не ўсіх турыстаў гэта задавальняе. Туры ж у ААЭ абыдуцца даражэй. Грузія — гэта адпачынак крыху іншага тыпу. Таму Егіпет папулярны і летам, нягледзячы на тое, што сезон для камфортнага адпачынку там – другая палова восені і вясны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках