19 траўня 2024, Нядзеля, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Поўнае эмбарга і міратворцы NATO ў Беларусі: як можна адказаць на ядзерны шантаж Лукашэнкі і Пуціна

21
Поўнае эмбарга і міратворцы NATO ў Беларусі: як можна адказаць на ядзерны шантаж Лукашэнкі і Пуціна

Меркаванні экспертаў.

Блізкі да Крамля палітолаг Сяргей Караганаў заклікаў скінуць ядзерную бомбу на Еўропу, а экс-ідэолаг «Адзінай Расіі», палітолаг Сяргей Маркаў заявіў, што «ўжыць ядзерную зброю — абавязак Лукашэнкі».

Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што пагрозу для беларускага рэжыму прадстаўляе Польшча.

Заклікі блізкіх да Крамля палітолагаў скарыстацца ядзернай зброяй былі зробленыя адначасова з заявай Лукашэнкі аб гатоўнасці выкарыстаць яе з тэрыторыі Беларусі.

Ці ёсць рэальная пагроза выкарыстання расейскай ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі? Як адкажуць Украіна і Захад? Сайт Charter97.org паглядзеў, што на гэтую тэму думаюць палітыкі і эксперты.

Размяшчэнне Расеяй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі патрабуе адэкватнага адказу з боку Паўночнаатлантычнага альянсу, мяркуюць лідары ўсходнееўрапейскіх краін.

NATO неабходна палепшыць планы па абароне краін Балтыі, заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс. Планы рэагавання на крызіс, такі як, напрыклад, расейскае ўварванне, ён уважае за дастатковыя, але неабходныя дадатковыя захады, каб супрацьстаяць сталым пагрозам Расеі на адрас краін рэгіёну.

Адрэагаваць на размяшчэнне расейскай ядзернай зброі заклікаў і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда:

- Я абсалютна ўпэўнены, што такая сітуацыя патрабуе недвухсэнсоўнага адказу ад NATO, - заявіў ён у панядзелак напярэдадні перамоваў з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам.

Амерыканскі гісторык Юрый Фяльшцінскі мяркуе, што рызыка нанясення ядзернага ўдару з Беларусі па Еўропе настолькі вялікая, што патрабуе прэвентыўнага развязання смяротнай пагрозы:

- Сёння рэжым Лукашэнкі можна зрынуць голымі рукамі. Пасля перакідвання ядзернай зброі ў Беларусь гэтая задача можа стаць на лакальным узроўні невыканальнай і павінна будзе развязвацца ў рамках адкрытага вайсковага канфлікту паміж Расеяй і NATO. У гэтым выпадку за вызваленне Беларусі ад Лукашэнкі давядзецца плаціць куды больш высокую цану.

Такога ж меркавання прытрымліваецца ўкраінскі эксперт Аляксандр Кірш, які заявіў, што вайскова-палітычнаму кіраўніцтву Украіны неабходна тэрмінова нанесці прэвентыўны ўдар па рэжыме Лукашэнкі. Пры гэтым Украіна і агулам Еўропа атрымаюць вялізную зону бяспекі, якая адлучае ад Расеі:

- Менавіта таму Цывілізацыя павінна даць Украіне карт-бланш на вокамгненнае вызваленне Беларусі (з перспектывай такога ж хуткага ўваходжання вызваленай краіны ў NATO) - намаганнямі палка Каліноўскага, умацаванага яшчэ больш буйным кантынгентам УСУ.

Афіцэр Першай асобнай брыгады спецпрызначэння ім. Івана Богуна, паліттэхнолаг Тарас Беразавец распавёў, як Захад можа адказаць на з'яўленне ЯЗ у Беларусі:

- Як мінімум - павелічэннем паставак канвенцыйных (гэта значыць, звычайных) узбраенняў ва Украіну. І амерыканскія знішчальнікі F-16, якія набываюць усё больш рэальныя рысы пастаўкі, могуць быць звязаныя менавіта з пуцінскімі заявамі (якія прагучалі яшчэ ў канцы сакавіка), што ён пацягне расейскую ТЯЗ у Беларусь. Думаю, гэта ўскосна паўплывала на пастанову Байдэна дазволіць умацаваць Украіну амерыканскімі знішчальнікамі. Калі Пуцін падвышае стаўкі - падвысім і мы, вызначылі, відавочна, у Белым доме.

Прадстаўнік Літоўскай Рэспублікі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Рыціс Паўлаўскас адзначыў, што Беларусь усё глыбей інтэгруецца ў вайсковыя задумы Расеі:

- Пуцін і Лукашэнка працягваюць эскалацыю. Іх ядзерная рыторыка і дзеянні небяспечныя і безадказныя. Рада Бяспекі і іншыя адпаведныя міжнародныя органы павінны заставацца засяроджанымі на гэтым пытанні.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-намеснік міністра замежных спраў, кіраўнік дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на перамовах па ядзерным раззбраенні Андрэй Саннікаў мяркуе, што дыктатар падстаўляе Беларусь пад ядзерны ўдар у адказ. Палітык адзначыў некалькі практычных крокаў, якія могуць перашкодзіць двум дыктатарам:

- Па-першае, NATO павінна паклапаціцца, каб ва Украіны была магчымасць абараніцца ад магчымага ядзернага ўдару. Павінны закрыць неба, павінны паставіць супрацьпаветраныя ракеты.

Па-другое, павінны ўзмацняцца санкцыі і супраць рэжыму Пуціна, і супраць Лукашэнкі. Бо другі ці трэці санкцыйны пакет запар беларускі рэжым не караюць.

Таксама трэба рабіць усё, каб выконваліся дадзеныя нам абавязацельствы. Бо я мяркую, што нам здрадзілі тыя, хто падпісваў Будапешцкі мемарандум. Не толькі Украіна, але і Беларусь брала на сябе абавязацельства пазбавіцца ад ядзернай зброі і стаць няядзернай краінай, удзельнікам Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі.

Таксама Андрэй Саннікаў мяркуе, што ў Беларусь трэба ўвесці міратворчы кантынгент NATO.

Палітолаг Анатоль Котаў расказаў, як можна не дапусціць перамяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі:

— Усе краіны-суседкі павінны будуць выставіць ультыматум: як толькі вы зоймецеся перамяшчэннем, рыхтуйцеся да таго, што ўвесь ваш замежны гандаль будзе скончаны. Гэта варыянты, калі Лукашэнка яшчэ хоць неяк уплывае на тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі. Але мы бачым, што ягоны ўплыў памяншаецца.

Афіцэр УСУ Ігар Лапін выказаў меркаванне, што ў выпадку размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі яна можа быць знішчаная канвенцыйнымі сродкамі:

- Сама па сабе ядзерная зброя да запуску і прывядзення ў баявую гатоўнасць, з'яўляецца кавалкам жалеза, які можна знішчыць канвенцыйнымі сродкамі. У тым ліку дыверсійнымі групамі. Выбух не будзе мець вялікай сілы, аднак «запэцкае» значную тэрыторыю. Лукашэнка менавіта такой пагрозе і падвяргае Беларусь. Ён можа стварыць яшчэ адну Чарнобыльскую зону на тэрыторыі Беларусі.

Палітолаг Валерый Карбалевіч звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка і так не мае ўплыву на дзеянні Расеі на тэрыторыі Беларусі, а размяшчэнне ядзернай зброі ў нашай краіне толькі ўзмоцніць залежнасць дыктатара ад Крамля:

- Працэс яе размяшчэння ў Беларусі запушчаны. І цяпер высвятляецца, што расейская ядзерная зброя на беларускай тэрыторыі становіцца важным фактарам кантролю РФ над сваім хаўруснікам. [...] Важную інфармацыю аб тым, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка атрымлівае ад Пуціна. Для гэтага яму даводзіцца спецыяльна прыязджаць у Маскву ці Сочы. Вось такі сёння беларускі суверэнітэт.

Заходнія аналітыкі таксама думаюць, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі небяспечнае для самога Лукашэнкі. У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) падкрэсліваюць, што для правядзення такой аперацыі неабходна, каб расейскае вайсковае кіраўніцтва мела доступ да ўсіх вайсковых магутнасцяў Беларусі. Уласна, менавіта гэта ставіць рэжым дыктатара Лукашэнкі пад пагрозу:

- Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі мае патрэбу як у значнай вайсковай інфраструктуры, так і ў кантролі расейскага камандавання над элементамі ўзброеных сіл Беларусі. Імаверна, Крэмль мае намер выкарыстоўваць гэтыя патрабаванні для далейшага падпарадкавання беларускай сферы бяспекі Расеі.

На думку палітолага і гісторыка Аляксандра Фрыдмана, расейская ядзерная зброя з'яўляецца платай Лукашэнку за дапамогу ў вайне супраць Украіны:

— Сёння прыйшла інфармацыя аб тым, што за час вайны Беларусь паставіла Расеі больш за 131.000 тон боепрыпасаў і пасадзіла, паводле ацэнак экспертаў, уласнае войска на галодную пайку. Дык можа быць расейская ядзерная зброя, пра якую так даўно марыў Лукашэнка, і ёсць у тым ліку і плата за такія неабходныя Крамлю боепрыпасы?

Тэлеграм-канал «Беларуская разведка», які спецыялізуецца на інсайдах з уладных кабінетаў рэжыму, піша, што Лукашэнка спалохаўся, калі расейскія войскі збеглі з-пад Кіева. Менавіта з гэтай прычыны ён папрасіў у Пуціна ядзерную зброю. Крыніцы канала сцвярджаюць, што беларускі дыктатар атрымае кантроль над ТЯЗ на тэрыторыі Беларусі:

- Лукашэнка пасля адводу расейскіх войскаў з-пад Кіева, пачаў намагаць на гарантыях сваёй бяспекі. Гледзячы на развіццё абстаноўкі не на карысць Расеі, ён запатрабаваў ад Пуціна гарантый, што ў выпадку ўступлення беларусаў у вайну або магчымых ваенных няўдач або ваеннага паражэння, сам рэжым Лукашэнкі павінен застацца недатыкальным. Адзіным гарантам «недатыкальнасці» ён уважаў сам факт уладання ЯЗ. У выніку працяглага, амаль гадавога гандлю з Пуціным, кансультацый з Пекінам, Лукашэнка выгандляваў для сябе найважнейшую ўмову…Сутнасць. Расея размяшчае на тэрыторыі Беларусі ТЯЗ. Кантроль над ёй дэ-юрэ ажыццяўляе Крэмль. Пры гэтым усе спецыялісты ў выкарыстанні, у тым ліку лётны і наземны персанал, а таксама інжынерны склад службаў РАВ павінны быць вайскоўцамі РБ.

Судырэктар праграм замежнай палітыкі, каардынатар міжнародных праектаў Цэнтра Разумкова, вайсковы эксперт Аляксей Мельнік адзначыў, што ядзерны шантаж не спрацуе, а, наадварот, згуляе супраць Пуціна:

- Не мае значэння, колькі боегаловак будзе перакінута, бо ядзерная зброя, у тым ліку тактычная, мае сілу як элемент стрымлівання. Наступствы гэтага могуць быць розныя, і наўрад ці яны будуць спрыяльныя для Расеі. Таму што Расея тым самым парушае міжнародныя рэжымы нераспаўсюджвання ядзернай зброі, бо гэта размяшчэнне на тэрыторыі няядзернай дзяржавы.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках