Малады паліцыянт, які абясшкодзіў тэрарыста, стаў новым героем Польшчы
- 7.11.2026, 22:00
Цяжка паранены, ён да апошняга ахоўваў затрыманага стралека.
У Польшчы з'явіўся новы герой. Гэта малады паліцыянт, які, нягледзячы на ўласнае цяжкае раненне, да апошняга ахоўваў абясшкоджанага ім выканаўцу тэракту ў Кракаве. Сацыяльныя сеткі поўныя слоў удзячнасці супрацоўніку, які, верагодна, прадухіліў далейшае крывапраліцце. «Ён і яго калега трапілі пад абстрэл нападніка», — распавяла газеце «Fakt» падінспектар Катажына Цісло з Малапольскай паліцыі.
Пра мужнасць паліцыянта стала вядома дзякуючы відэа аднаго з мінакоў, які зафіксаваў момант затрымання стралека ў Кракаве. На запісе бачна, як у мужчыну ў вопратцы, падобнай да вайсковай формы, страляе паліцыянт. Ён робіць шэсць стрэлаў, апускаецца на калена і страляе сёмы раз.
На відэа не відаць ранення паліцыянта, але сумненняў у тым, што ў яго трапілі, няма. Ён падае на калені і робіць апошні стрэл. Затым на працягу некалькіх дзясяткаў секунд стаіць на каленях каля мужчыны, што ляжыць на зямлі. Відавочна, што ён працягвае ахоўваць нападніка, хоць яму ўсё цяжэй утрымліваць раўнавагу. У пэўны момант ён падае на тратуар на спіну.
Усё гэта адбывалася на скрыжаванні вуліц Дытля і Страдомскай, у раёне кракаўскага Казімежа.
У сеціве з'явілася шмат слоў падтрымкі параненаму супрацоўніку. «Уся Польшча дзякуе за мужнасць і жадае як мага хутчэйшага акрыяння нашаму паліцыянту», — напісаў карыстальнік Кшыштаф.
«Вялікі герой», — дадала карыстальніца Марта.
Двое паліцыянтаў цяжка параненыя. «Адзін з іх у крытычным стане, урачы змагаюцца за яго жыццё. Пакуль не ведаю, ці гэта той, хто абясшкодзіў нападніка, ці другі, якога абстралялі каля патрульнай машыны», — сказала «Fakt» падінспектар Катажына Цісло з Малапольскай паліцыі.