27 красавiка 2024, Субота, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Новік: Пра падзеі ў Беларусі трэба казаць наўпрост, а не з «дуляй у кішэні»

4
Андрэй Новік: Пра падзеі ў Беларусі трэба казаць наўпрост, а не з «дуляй у кішэні»
АНДРЭЙ НОВІК
ФОТА: CHARTER97.ORG

Сапраўдны беларускі тэатр сёння знаходзіцца за мяжой.

У Варшаве 4 чэрвеня паказалі спектакль “Мора Крысціны”, прысвечаны першым дням пратэстаў у Беларусі. Тэатральная пастаноўка, прадстаўленая камандай Team Theatre, расказвае пра простых беларусаў, якія кінулі выклік рэжыму і жахі рэпрэсій, праз якія ім давялося прайсці.

Сайт Charter97.org пагаварыў пра спектакль «Мора Крысціны» з рэжысёрам Андрэем Новікам:

- Ідэя стварэння такіх праектаў лунае ў паветры. Гэта тое, пра што трэба казаць, што трэба паказваць, але пытанне ў матэрыяле. Менавіта гэты матэрыял я ўбачыў, калі мы паехалі яго чытаць у Кракаў, куды я быў запрошаны як актор.

Калі мы яго чыталі, у мяне склалася карціна, што гэта той матэрыял, які я разумею, яго трэба зрабіць зараз не столькі для беларусаў, колькі для палякаў, украінцаў, усіх, хто яшчэ не да канца разумее, што ж у нас у Беларусі адбывалася.

Пра гэта трэба казаць заўсёды, не забываць, па-першае, для тых, хто сам праз гэта прайшоў і з'ехаў з Беларусі. Бо многія пачынаюць дыстанцыявацца ад падзей, якія адбываліся.

На глебе вайны ва Украіне Беларусь стала абсалютна тэмай другога гатунку. Шмат хто забыўся, яны бачаць у навінах, што паляцелі ракеты з Беларусі, што там Лукашэнка, беларусы для многіх сталі нібыта зусім іншым народам, а літаральна пару гадоў таму яны захапляліся намі, нашай рэвалюцыяй і раптам кажуць: «Дык гэта ж беларусы, якія ваююць за Расею». Не, хлопцы, нас акупавалі. Памятайце пра тое, што з намі зрабілі, каб зараз народ проста не мог падняць галавы.

— Ваш спектакль накіраваны больш на беларусаў ці вы ставіце за мэту распавесці пра падзеі ў Беларусі замежнай аўдыторыі?

- Мая галоўная задача - гэта данесці да ўсіх замежнікаў, да якіх мы зможам дацягнуцца і дастукацца. І пабочная, вядома, пасыл да беларусаў: «Спадарства, не забываемся!» Калі ты ўжо два гады знаходзішся ў бяспечнай краіне, пачынаеш забываць тыя адчуванні і забываць пра тых людзей, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Пра кагосьці не чуваць, з кагосьці здзекуюцца, працягваюцца рэпрэсіі. Наш спектакль - гэта вяртанне. Паўтаруся, спадарства, не забываемся. Вось, што галоўнае.

- Якія водгукі пра спектакль вы атрымліваеце ад замежнікаў?

- Было некалькі чалавек, якія сказалі, што гэта вельмі важная тэма. Дзякавалі, што мы гэта зрабілі, бо яны слаба ведаюць гісторыю тых дзён.

Адзначу, што мы адразу зрабілі ўсе субтытры. Зараз займаемся перакладам на ангельскую мову і будзем стукацца на фестывалі, дзе публіка ўсё ж такі будзе большая за польскую. Першы паказ у нас адбыўся, на ім 90% гледачоў былі беларусамі, але будзем прабівацца да польскай публікі і далей - у Бэрлін, а там паглядзім.

- Раскажыце пра трупу Team Theatre. Хто гэтыя людзі?

- Team Theatre у тым разуменні, у якім ён ёсць цяпер, быў утвораны ў Польшчы 1,5 гады таму. Team Theatre — гурт людзей з Гомеля, у якіх быў свой тэатр у Беларусі і яго закрылі з палітычных матываў. Ім давялося ўцячы з краіны, а ўжо тут мы, эмігранты, акторы, арганізаваліся, аднавілі яго і спрабуем нешта рабіць.

Скажам так, тут не толькі акторы Team Theatre, а прадстаўнікі і са Свабоднага тэатра, і два чалавекі з Купалаўскага. У гэтым праекце - інтэрнацыянальная група. Ёсць і з Херсонскага тэатра дзяўчына. Вось гэтая група на энтузіязме займаецца стварэннем чагосьці вельмі важнага.

- Чаму сёння не так шмат спектакляў са спробай асэнсаваць той жах, праз які давялося прайсці беларусам? У мяне ўсплывае ў памяці толькі «1,8 метра» і вось ваш праект.

- Гэта вельмі складанае пытанне. Мусіць, вельмі шмат каму яшчэ баліць, патрэбна нейкая тэрапія, а не апусканне ў гэты стан. Хаця ў нас палова каманды прайшла праз рэпрэсіі. Адзін з іх - палітвязень, якога выпусцілі даслоўна пару месяцаў таму, але ён усё адно ўдзельнічаў у стварэнні гэтага праекту, бо лічыць гэта вельмі важным.

Многія нашыя сябры-экс-палітвязні не змаглі прыйсці на прэм'еру. Яны кажуць: «Дзякуй, што гэта робіце, вы - вялікія малайцы, але фізічна мы не можам». Я разумею, што ў шмат каго з людзей ёсць яшчэ вельмі моцна балючыя ўспаміны, апускацца ў іх проста бракуе эмацыйнага стану.

Наконт таго, што ўсё ж не створана больш яскравых і прамых выказванняў, мне здаецца, што менавіта так трэба казаць — наўпрост. Не з «дуляй у кішэні», не з адсылкамі, а наўпрост. Мы ж гаворым не для свайго гледача, нам трэба стукацца і тлумачыць становішча ў нашым грамадстве ўсім тым, хто нас, скажам так, прымае.

- Хацелася б закрануць і вашу гісторыю. Вы ж пайшлі з тэатра на фоне пратэстаў. Як вы прынялі гэту пастанову?

- Так, я сышоў з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, калі быў абвешчаны агульнанацыянальны страйк. Каб не падстаўляць менавіта сам тэатр, я не абвяшчаў страйк у першасным сэнсе слова, але звольніўся ў першы ж дзень, каб гаварыць ад свайго імя.

Мы ў тэатры вельмі многа збіраліся, абмяркоўвалі, як трэба дзейнічаць. Супрацоўнікі тэатра раскалоліся: нехта казаў, што трэба ісці на радыкальныя меры, а нехта, што трэба захаваць тэатр.

Вось гэты стан сталай развагі і бяздзейнасці прывёў да таго, што я ў адзін дзень прыехаў на рэпетыцыю, але замест сцэны пайшоў у кабінет дырэктара, каб ён падпісаў маю заяву на звальненне, якая ляжала ўжо з пачатку верасня. Я сказаў, што калі мы нешта будзем рабіць, то я яе забяру ці вы яе падпішыце.

- Што сёння тэатр унутры Беларусі?

- Калі шчыра, то я не магу зараз нічога сказаць. Я страціў цікавасць і не сачу за тымі падзеямі, якія разгортваюцца менавіта ў беларускай тэатральнай прасторы. З таго, што да мяне ўскосна даходзіць, я ўвогуле не разумею, як у гэтым можна існаваць.

Бо да цябе пачынаюць прыязджаць расейскія рэжысёры, ставяцца расейскія спектаклі. Відаць жа, што ідзе каласальны адкат назад. Думаю, што яны ўсё выдатна гэта бачаць, але ні ў каго ўжо не стае сілы нешта супрацьпаставіць праз страх перад тым, што рабіць далей, перад будучыняй.

На мой погляд, выбар быў зроблены больш за два гады таму, калі трэба было дзейнічаць рэзка і кардынальна.

- Зараз за мяжой працуе шмат беларускіх труп. Наколькі ўвогуле магчыма захаваць беларускі тэатр за мяжой?

- Мы вельмі на гэта спадзяемся. Як бы гэта не было пафасна сказана з майго боку, маё адчуванне, што самы сапраўдны беларускі тэатр зараз і знаходзіцца ў эміграцыі. Несапсаваны, нязгодны, галодны і бяздольны.

Усе мы трымаемся на ідэі, а не грошах. Канешне, ёсць вельмі шмат праблем, але мы дзейнічаем і спадзяемся, што тэатр захаваецца.

Пытанне ў тым, што, напрыклад, у Варшаве блізу 70 тысяч беларусаў. Для іх жа будзе цудоўна, калі будзе існаваць беларускі тэатр. Я вельмі спадзяюся, што беларусы будуць хадзіць. Хацелася б гэта захаваць і паставіць на нейкі жалезны падмурак, каб мы маглі існаваць, ствараць, ездзіць па свеце, паказваючы беларускую культуру.

Бо выехаць зараз з Беларусі нейкай трупе гэта, па-першае, немагчыма, а, па-другое, пачнуцца пытанні. Мы ж будзем трымацца, пакуль можам. Іншае пытанне ў тым, колькі мы зможам гэта рабіць без падтрымкі, бо нават калі мы граем спектаклі, то гэта не ў плюс, а ў мінус. Калі мы прадаём за 15-30 злотых білеты і прыходзіць 30 чалавек, то гэтага не стае нават на аплату арэнды і выдаткаваныя рэсурсы.

Пакуль дапамагае польскі Тэатральны інстытут, але з пункту гледжання дапамогі ад беларускіх суполак мы не адчуваем дапамогі.

Падтрымаць каманду Team Theatre можна праз спасылку.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках