28 красавiка 2024, Нядзеля, 6:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жыццё Паліны Шарэнды-Панасюк у небяспецы, яе трэба ратаваць!»

12
«Жыццё Паліны Шарэнды-Панасюк у небяспецы, яе трэба ратаваць!»
Паліна Шарэнда-Панасюк

Размова галоўнай рэдактаркі "Хартыі-97" Наталлі Радзінай і вядомай пісьменніцы Лінор Гаралік.

Палітычную зняволеную, актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў следчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Яна прабудзе на «Валадарцы» некалькі дзён перад пераводам у Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі». Там Паліна пройдзе прымусовую экспэртызу.

Вядомая пісьменніца Лінор Гаралік паразмаўляла з галоўнай рэдактаркай сайту Charter97.org Наталляй Радзінай аб тым, з чым даводзіцца сутыкацца Паліне Шарэндзе-Панасюк у лукашэнкаўскіх катоўнях.

Лінор Гаралік: Пра Паліну, мне падаецца, ведаюць значна менш, чым трэба ведаць. Як расказаць пра Паліну, каб было ясна, які гэта выдатны чалавек?

Наталля Радзіна: Паліна - актывістка беларускай апазіцыі, якая змагаецца з рэжымам Лукашэнкі з 19 гадоў, з 1994 года. Яна - каардынатарка арганізацыі "Еўрапейская Беларусь" у месце Берасці. З 3 студзеня 2021 года Паліна знаходзіцца ў зняволенні і з'яўляецца шмат для каго ўзорам мужнасці і непахіснасці, бо працягвае змаганне з рэжымам Лукашэнкі нават у турме, у самых складаных і, здаецца, невыносных варунках.

А яшчэ ў Паліне вельмі шмат любові. Яна маці дваіх дзяцей, якіх надзвычай любіць. Яна жонка. Але ў дадатак да гэтага яна заўсёды мела абвостранае пачуццё любові да Радзімы. Яна заўсёды вельмі добра ведала гісторыю Беларусі, што для нашай краіны пасля 200-гадовай расеіфікацыі са знішчэннем усяго нацыянальнага, - нячастая справа. У Паліне вельмі моцна глыбокае пачуццё ўласнай годнасці. Яна заўсёды змагалася яшчэ і за тое, каб заставацца чалавекам і не даць сістэме сябе зламаць. І пры гэтым яна ўласным прыкладам заклікае ўсіх беларусаў гэтак жа бараніць у сабе пачуццё ўласнай годнасці і свае правы. Мне здаецца, гэтаму яна прысвяціла ўсё сваё жыццё.

Л.Г.: Якая палітычная платформа Паліны? Калі б можна было зрабіць Беларусь такой, якой Паліна хоча яе бачыць, — што мела б адбыцца?

Н.Р.: Я думаю, што Паліна бачыць Беларусь безумоўна еўрапейскай нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавай. Сябрам ЕЗ і NATO. Паліна заўсёды выступала супраць якіх-небудзь інтэграцый Беларусі з Расеяй, яна ўдзельнічала ў шмат якіх акцыях пратэсту ў сувязі з інтэграцыйнымі праектамі, якія актыўна падтрымліваў Лукашэнку, і заўсёды бараніла незалежнасць нашай краіны.

Л.Г.: Што адбываецца з Палінай цяпер?

Н.Р.: Цяпер Паліну этапуюць з папраўчай калоніі №24 пад местам Рэчыцай у псіхіятрычную лякарню ў Навінках пад Менскам. Этап у беларускіх варунках можа працягвацца некалькі тыдняў. Нягледзячы на тое, што Беларусь - даволі невялікая краіна, чалавека могуць везці з пункта А ў пункт Б у аўтазаках і вагонзаках месяцамі. Гэта яшчэ адно катаванне, якое ладзяць для палітычных вязняў, калі хочуць учыніць на іх ціск. У дарозе чалавека кідаюць у турмы, калоніі, следчыя ізалятары, ізалятары часовага ўтрымання, у РУУС. Можна аб'ехаць практычна ўсю Беларусь па коле, перш чым ты прыедзеш у пункт прызначэння. Калі Паліну прывязуць да месца прызначэння - мы не ведаем.

Ёсць вялікія асцярогі, што супраць Паліны могуць выкарыстоўваць метады карнай псіхіятрыі. Каб зразумець, пра што гаворка, дастаткова ўявіць сабе, што справы ідуць гэтак жа, як ішлі ў Савецкім Саюзе. Усе мы чыталі ўспаміны Наталлі Гарбанеўскай і Валерыі Навадворскай. Я баюся, што гэтыя метады будуць выкарыстоўвацца супраць Паліны. Судова-медыцынскую экспертызу, у тым ліку псіхіятрычную, яна праходзіла падчас следства — і цяпер, праз тры гады, яе зноў накіроўваюць у так званую псіхіятрычную лякарню, з мэтай ціску, бо напярэдадні яна адмовілася ад беларускага грамадзянства. Гэта быў крок роспачы і пратэсту з ейнай стараны, знак таго, што яна адмаўляецца падпарадкоўвацца загадам і турэмным правілам, устаноўленым акупацыйным рэжымам Лукашэнкі, які падтрымліваецца Крамлём.

Л.Г.: Ці былі ў гісторыі такія прэцэдэнты?

Н.Р.: Так. У 1977 годзе ад савецкага грамадзянства адмовіўся ў турме ўкраінскі пісьменнік-дысідэнт Гелій Снегіроў.

Праз паўтара года ён памёр там жа, у турме - праз катаванні, праз тое, што ён абвяшчаў галадоўкі, праз гвалтоўнае кармленне. Мы вельмі асцерагаемся за жыццё Паліны.

Л.Г.: Што цяпер адбываецца з Палінінай сям'ёй?

Н.Р.: Муж Паліны, Андрэй Шарэнда, знаходзіўся пад хатнім арыштам. Яго пераследвалі, але ён здалеў уцячы. Калі Паліна была арыштаваная, ён здолеў нелегальна пакінуць тэрыторыю Беларусі і вывезці адтуль дзяцей. Цяпер ён разам з дзецьмі жыве ў Літве, дзе атрымаў статус палітычнага ўцекача, і адтуль далей змагаецца за сваю жонку, грукаецца ва ўсе дзверы, расказвае пра яе і патрабуе сур'ёзнай міжнароднай рэакцыі. Калі б ён застаўся ўнутры краіны, гэтак жа, як і Паліна, сеў бы ў турму, патрапіў бы пад рэальны арышт, - і дзяцей забралі б. Шчасце, што дзеці Паліны цяпер за мяжой. Іх выкарыстоўвалі для таго, каб шантажаваць Паліну, - але яна не паддаецца шантажу, і гэта выклікае вялікую павагу, бо вельмі важна не баяцца рэжыму і не паддавацца на безупынны шантаж. На жаль, шмат якія ўцекачы з Беларусі сёння падпадаюць пад шантаж канфіскацыі нерухомасці ў краіне. Шмат хто змоўк. Паліна ж, якая сядзіць у турме і разлучаная з дзецьмі, шантажу не паддаецца. Мне асабіста здаецца, што сорамна, знаходзячыся за мяжой, баяцца - калі чалавек у турме не баіцца. Паліна ў гэтым плане, напэўна, самая гераічная беларуская палітычная зняволеная.

Л.Г.: Паводле Вашых ацэнак, колькі цяпер палітычных вязняў у Беларусі?

Н.Р.: Арышты не спынілі ў 2020-м і 2021-м гадах. Арышты працягваюцца штодзень. Больш за тое, яны ўзмацніліся з пачатку вайны, і сёння колькасць палітычных вязняў у Беларусі цяжка ацаніць. Праваабарончы цэнтр “Вясна” называе паўтары тысячы, я ж сцвярджаю, што яны не маюць права апераваць гэтай лічбай, бо ў рэальнасці палітычных вязняў у нас у краіне значна больш, ад 8 да 10 тысяч чалавек. Паасобныя людзі адмаўляюцца паведамляць праваабаронцам, што іхні сваяк сядзіць у турме, - і таму мы не можам апераваць ніякімі дакладнымі лічбамі, - пагатоў улады выкарыстоўваюць крымінальныя артыкулы, абвінавачваючы людзей у экстрэмізме, тэрарызме, забойстве, распаўсюджванні наркотыкаў, а праваабаронцы не маюць магчымасці высветліць, ці матываваны артыкул палітычна, - хоць апрыёры ясна, што так. На жаль, міжнародныя праваабаронцы маюць крытэры, якія ўжо даўно немагчыма ўжываць ні ў Беларусі, ні ў Расеі. Калі суды закрытыя і ўся сістэма настолькі хлуслівая і настолькі жахлівая, што немагчыма верыць ніякім звесткам, немагчыма і падлічыць лічбы.

Л.Г.: Мы ведаем, што ў беларускіх турмах палітычных вязні літаральна гінуць.

Н.Р.: Так, і гэта яшчэ адна прычына, з якой мы асцерагаемся за жыццё Паліны. У Беларусі ў турмах літаральна забіваюць людзей. Мы ведаем пра такія смерці. Некалькі месяцаў таму ў турме памёр блогер з места Пінска - Мікалай Клімовіч. Яго судзілі, ведаючы, што ён інвалід з прычыны сэрцы: з хворым сэрцам яго пасадзілі ў турму, і ён памёр літаральна праз месяц. Некалькі тыдняў таму стала вядома, што ў будынку Лідскага УУС (УУС места Ліды Гарадзенскай вобласці) памёр беларускі паэт Зміцер Сарокін. У нас нават няма магчымасці высветліць, якім чынам гэта адбылося. За два гады да гэтага ў турме быў забіты актывіст апазіцыі Вітольд Ашурак, яго проста збілі да смерці ахоўнікі. Калі ягонае цела прывезлі дадому, маці ўбачыла абсалютна змардаванага сына, якому не было і пяцідзесяці. Вітольд меў цудоўнае здароўе, ён займаўся спортам. Мы разумеем, што ўжо не існуе ніякіх меж і не дзейнічаюць ніякія законы. Ніхто не нясе адказнасці за жыццё палітычных вязняў, іх проста забіваюць. Ёсць адчуванне, што дадзены загад самім Лукашэнкам ламаць людзей да канца. Ці то ён адчувае свой блізкі канец, ці то яго душыць злосць, што ён не можа зламаць людзей, якія яго ненавідзяць і не прымаюць ягоны рэжым.

Л.Г.: Ці ён мяркуе, што гэта запалохае астатніх?

Н.Р.: Вядома, гэта спроба яшчэ і запалохаць іншых. Так або інакш, цяпер сітуацыя з палітычнымі зняволенымі пагоршылася.

Нават рэальны лідэр апазіцыі (а не лідэр у эміграцыі), - я кажу пра Мікалая Статкевіча, - правёў у турме за гады кіравання Лукашэнкі больш за 11 гадоў. Апошні раз ён быў арыштаваны ў траўні 2020 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, бо ўлады вельмі моцна яго баяліся. Я думаю, калі б Мікола Статкевіч быў на волі падчас рэвалюцыйных падзей жніўня 2020 года, мы б ужо забыліся, хто такі Лукашэнка. Статкевіч рэальна мог прывесці людзей да перамогі. Я мяркую, што напраўду пратэст быў зліты, відавочна і свядома. Дык вось, Мікалая Статкевіча з траўня 2020 года - ужо тры гады! - трымаюць у адзіночнай камеры і безупынна змяшчаюць у штрафны ізалятар (праз які, дарэчы, праходзіла і Паліна).

Л.Г.: Скажыце, калі ласка, аб тым, што гэта значыць.

Н.Р.: Штрафны ізалятар — гэта месца, у якім зняволеныя вар’яцеюць. Гэта каменны мех, вельмі шчыльны, там страшэнныя бытавыя варункі, холад, голад, вельмі жорсткі рэжым. Паліна адсядзела ў штрафным ізалятары больш за дзвесце дзён з дзесяці месяцаў, — гэта значыць больш за 6 месяцаў з 10 48-гадовая жанчына з хранічнымі захворваннямі правяла ў штрафным ізалятары. Іншымі словамі - яе мэтанакіравана забіваюць. Больш за тое - яе змясцілі ў папраўчую калонію №24 пад Рэчыцай, якая наогул лічыцца адной з найгоршых калоній у Беларусі. Гэта калонія для жанчын-рэцыдывістак. У дадатак ёй забараняюць перадачы з лекамі, якія ёй жыццёва неабходныя. Калі ласка, убачце: ідзе мэтанакіраванае знішчэнне палітычных вязняў. Наймацнейшых спрабуюць зламаць, - але я думаю, што ў іх нічога не выйдзе. І Паліна, і Мікола Статкевіч, — загартаваныя байцы, я спадзяюся, што яны выстаяць у гэтай сітуацыі. Але нам, вядома, трэба крычаць аб іх адусюль, і крычаць як мага гучней.

Л.Г.: Ці можна зрабіць хоць што-небудзь для Паліны?

Н.Р.: Гаварыць пра яе. Пісаць пра яе. Усім людзям, у якіх ёсць якія-небудзь каналы сувязі, - трэба гаварыць і пісаць пра Паліну. Акрамя таго, вядома, неабходна патрабаваць ад Захаду жорсткай рэакцыі. Бо, на жаль, беларускія палітычныя вязні сёння, фактычна, забытыя. Забытыя Еўропай, забытыя ЗША, ім не надаецца належнай увагі на фоне вайны ва Украіне. Тэма беларускіх палітычных вязняў засунутая ў цёмны кут. У дачыненні да рэжыму Лукашэнкі больш за год не ўводзяцца новыя эканамічныя санкцыі. І менавіта таму пагаршаецца сітуацыя з палітычнымі вязнямі ў Беларусі. Я надоечы была ва Украіне і, сярод іншага, пыталася: «Чаму не сінхранізуюцца санкцыі ў дачыненні да рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна? Бо, уласна, гэта два суагрэсары, два суўдзельнікі гэтай вайны». Мне было сказана, што нашы заходнія партнёры ўважаюць за непатрэбнае злаваць Лукашэнку лішні раз, бо ён інакш ён яшчэ больш актыўна ўступіць у вайну. І вось больш за год санкцый няма, мы бачым, што людзей у турмах забіваюць, а цяпер у Беларусь вязуць ядзерныя ракеты. Вялікі поспех заходняй дыпламатыі. Цяпер з тэрыторыі Беларусі ядзерныя ракеты могуць паляцець як ва Украіну, так і ў саму Еўропу. Іншага сэнсу размяшчаць гэтыя ракеты ў Беларусі я сёння не бачу. Якімі гэтыя санкцыі могуць быць? Для таго, каб вызваліць людзей з турмаў, на мой погляд, трэба ўводзіць гандлёвае эмбарга і забарону транзіту тавараў праз тэрыторыю Беларусі. І тады, я спадзяюся, праз месяц выйдуць усе палітычныя вязні, бо гэта сапраўды закране рэжыме. Мяне цешыць, што цяпер, літаральна днямі, Міжнародная Канферэнцыя Працы прагаласавала за ўжыванне ў дачыненні да Беларусі 33-га артыкула Статута МАП, бо наогул гэта другі выпадак за апошнія 100 гадоў. Упершыню гэты артыкул ужываўся ў дачыненні да М'янмы, — і вось цяпер, нарэшце, ужыты ў дачыненні да Беларусі. Мы змагаліся за ўжыванне гэтага артыкула пачынаючы з 2003 года. Не прамінула і дваццаці гадоў, як ён, нарэшце, ужываецца. Цяпер МАП будзе рэкамендаваць нацыянальным урадам уводзіць больш жорсткія эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, і дзяржавы-чальцы МАП будуць абавязаны выконваць гэтыя рэкамендацыі.

Л.Г.: Ці можна зрабіць што-небудзь для Паліны асабіста?

Н.Р.: Яна ў поўнай ізаляцыі, ёй не аддаюць лісты, ёй не дазволеныя перадачы, ёй не перадаюць нават лекі. Усё, што можа зрабіць кожны з нас - з тых, хто знаходзіцца за мяжой, - выходзіць на акцыі пратэсту. Выходзіць да будынкаў урадаў, парламентаў, да будынкаў МЗС сваіх дзяржаў і патрабаваць спыніць забойства Паліны ў турме, як і забойства іншых палітычных вязняў. Усё адно далей пісаць лісты салідарнасці вязням сумлення, дапамагаць сем'ям палітычных вязняў, звяртацца да праваабаронцаў у сваіх краінах, акцэнтуючы іх увагу на сітуацыі ў Беларусі. Не маўчаць. Ці не ўхіляцца. Дзейнічаць і змагацца за нашых герояў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках