28 красавiка 2024, Нядзеля, 17:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палкоўнік УСУ: Маскоўскі імперыялізм захлынаецца

3
Палкоўнік УСУ: Маскоўскі імперыялізм захлынаецца
Пятро Чэрнік

Мы ўбачылі першы этап супрацьстаяння паміж «вежамі Крамля».

Двухдзённы бунт верхавода ПВК «Вагнер» Яўгенія Прыгожына моцна пахіснуў рэжым Пуціна. Свет назіраў за тым, як «вагнераўцы» без супраціву прасоўваліся на Маскву.

Хто напраўду стаіць за бунтам? Як ён адбіўся на сітуацыі на фронце? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім вайсковым аналітыкам, палкоўнікам запасу Узброеных сіл Украіны Пятром Чэрнікам.

- Ці паўплываў бунт Прыгожына на сітуацыю на фронце ва Украіне?

- Баі якраз у дзень бунту былі нашмат больш жорсткія, чым, скажам, у звычайны час. Ёсць адзін вельмі сур'ёзны нюанс, які жыве і ў вашай, і ў нашай медыяпрасторы. Большасць з нас, прычым я не належу да гэтай групы людзей, мяркуе, што ад змены рэжыму ў Расеі нешта стратэгічна зменіцца ва ўкраінска-расейскай вайне. Не зменіцца.

Для маскоўскага імперыялізму, якое б ён ні меў аблічча, непрымальнае існаванне незалежнай украінскай дзяржавы. Гэта фундаментальны аспект, тут не будзе ніякіх змен.

Расея зможа паглядзець у бок Украіны нармальна і цвяроза толькі тады, калі сціснецца да меж 1471 года (яшчэ да далучэння Вялікага Ноўгарада). На яе тэрыторыі ўтвараецца 25-30 дзяржаў, а тое, што застаецца ад расейцаў, пройдзе 60 гадоў санацыі, ачышчэння, як гэта праходзілі нацысты. Вось тады паміж намі будуць партнёрскія стасункі.

Падкрэслю, ідэнтычнасць - наймацнейшы сацыяльны клей homo sapiens. Расейцы маюць сваю ідэнтычнасць, якая вельмі добра вызначаецца простым словам - вялікадзяржаўнасць.

- Калі б Расея загразла ў бязладдзі, то як бы гэта адбілася на Украіне і Беларусі?

— Давайце грунтавацца на тым, як казаў вялікі Нікола Макіявелі: «Калі хочаш ведаць, як будзе, вывучы, як было». Давайце тады вывучым, што такое расейскае бязладдзе. У расейскай гісторыі былі тры вялікія бязладдзі. Гэта паўстанне Сцяпана Разіна, Емяльяна Пугачова і бальшавікоў. Калі гаварыць пра Разіна, то гэта было нішто іншае, як барацьба двух кодлаў - Міласлаўскіх і Нарышкіных за карону цара. Беспаспяхова, прыдушылі.

Паўстанне Пугачова, напэўна, адзінае, якое было арганізаванае знізу і не мела элітнай часткі. Знішчылі, прычым Пугачоў, сярод іншага, ураджэнец украінскай харкаўскай Паланкі. Яшчэ пытанне, ці быў ён расейцам.

Бальшавікі - паспяхова, але ёсць нюанс - іхні пераварот падтрымалі немцы. Без іхняй арганізацыйнай, фінансавай і ўзброенай падтрымкі незразумела, як бы ўсё гэта склалася. Немцам трэба было прыбраць царскую імперыю з заходняга фронту. Прыбралі паспяхова, але бальшавізм нічога не змяніў у частцы стаўлення ні да Украіны, ні да Беларусі.

Гэта тая ж маскоўская імперыя, толькі ў іншым сацыяльным пакаванні. Вось і ўсё. Мы хочам на бязладдзе ўскласці нейкую перспектыву. Так, бязладдзе можа закончыцца поспехам. Дапусцім, што Прыгожын дайшоў да Масквы і зрушыў Пуціна. Што мяняецца? Нічога.

Прыгожын яшчэ большы «ўкраінажор», чым Пуцін. Ён мог бы наважыцца на тыя крокі, на якія не важыцца Пуцін. Я маю на ўвазе тактычны ядзерны ўдар. На мой погляд, памылкова ўскладаць на іхняе бязладдзе нейкія надзеі.

Іхняе бязладдзе будзе карыснае для нас толькі тады, калі РФ дэзінтэгруецца. Пакуль захоўваецца палітычная прастора РФ і самае страшнае — «веліч», дык мы асуджаныя з імі ваяваць.

- Што можна чакаць найбліжэйшым часам у Расеі, аналізуючы апошнія падзеі?

- Адбыўся першы этап адкрытага смяротнага супрацьборства паміж «вежамі Крамля». Нам вельмі складана рабіць аб'ектыўныя ацэнкі, што там напраўду адбываецца і хто якімі картамі гуляе. Хаваць сапраўдную інфармацыю маскоўцы ўмеюць. Усе нашы аналізы – аналітычныя здагадкі, але не экспертная ацэнка фактаў.

Я на 100% упэўнены, што Прыгожын - несамастойная «карта». Не можа чалавек, які мае 25 тысяч «штыхоў», зруйнаваць рэжым, які мае як мінімум 400 тысяч нацыянальнай гвардыі, а яшчэ паўмільёна войска.

Значыць, гэта карта, якой адна з «вежаў Крамля» прамацвае, як далёка можна зайсці. Я дапускаю, што гэта можа быць і сам Пуцін, каб убачыць рэальную да яго апазіцыю. Можа, ён іх ужо і зачысціў, але мы гэтага не ведаем.

Магчыма, гэта «вежа» ФСБ Патрушава-Бортнікава, якая такім чынам прамацвае, як «трансфераваць» самога Пуціна, які наважыў ісці да канца, а кармавая база ва ўсіх гэтых хлопцаў скарачаецца. У РФ мусіць быць прызначаны вінаваты за катастрофу. Бо гэта катастрофа, калі "другое войска свету" не можа ўзяць лінію 50 км.

Увогуле, маскоўскі імперыялізм захлынаецца, а тыя, хто ў гэтую гульню гуляюць, выдатна ўсведамляюць, што бязладдзе можа скласціся. Ім прынцыпова важна ўтрымаць агульны палітычны кантроль над РФ. Хто каго падолее - пакуль немагчыма зразумець.

Падам пэўны гістарычны прыклад. Берыя са Сталінам сцяліся ў смяротным двубоі. Перамог Берыя, але за лічаныя гадзіны з'явіўся Хрушчоў, які перамог ужо Берыю. Хрушчова ніхто не заўважаў, але ён быў. Гэта гістарычны факт.

У Расеі сапраўды ўсё ўскладняецца, але ёсць нюанс - не так хутка, як нам гэтага хочацца. Успомнім 1905 год, калі Мікалай II расстраляў калоны працоўных, а як раз у той момант яны яшчэ і пацярпелі паразу ў расейска-японскай вайне. Ужо было зразумела, што «царскі калос» стаіць на гліняных нагах, але раскідаўся ён ажно ў 1917 годзе ў двубоі з бальшавікамі, якіх падтрымлівалі немцы. На жаль, агонія тыраніі можа быць доўгай.

Цяпер супрацьстаянне ў Расеі ўваходзіць у вострую фазу, але яна можа быць доўгай. Паўтаруся, калі захаваецца ў палітычным сэнсе РФ, то нічога не зменіцца для нас з вамі. Мы будзем змушаныя з імі ваяваць. Расея ў такім выглядзе не можа быць дэмакратычнай. Пара гэтую гістарычную навуку нарэшце вывучыць.

Хачу яшчэ дадаць, што нават калі Лукашэнка заўтра памрэ, то ў вашым выпадку Беларусь вызваляць толькі штыхі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках