28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Шарэнда: Трэба арыштаваць маёмасць рэжыму Лукашэнкі за мяжой

26
Андрэй Шарэнда: Трэба арыштаваць маёмасць рэжыму Лукашэнкі за мяжой
АНДРЭЙ ШАРЭНДА

Муж палітычнай зняволенай заклікаў Захад да жорсткіх захадаў.

Актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітычную зняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк накіравалі з калоніі №24 у Зарэчча ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках для правядзення псіхіятрычнай экспэртызы.

Сайт Charter97.org даведаўся ў яе мужа Андрэя Шарэнды, які цяпер з двума сынамі пражывае ў Вільні, апошнія навіны пра палітычную зняволеную:

- У сераду, 28 чэрвеня, нарэшце стала вядома, што Паліну давезлі да аддзела судова-псіхіятрычнай экспэртызы, які знаходзіцца ў рэспубліканскім цэнтры «Навінкі». Я хачу расказаць пра яе этап з калоніі №24, які доўжыўся 23 дні. Ад пачатку чэрвеня мы фактычна не ведалі, дзе яна знаходзіцца. Наогул этап - вельмі складанае выпрабаванне. Часцей за ўсё зняволены праходзіць толькі адзін этап - з СІЗА ў калонію для адбывання тэрміну. Я размаўляў з былымі палітвязнямі, яны кажуць, што этап — самае складанае, што ім удалося перажыць падчас зняволення. Паліна ж перанесла ўжо пяты этап.

Цяпер зразумела, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае этапаванне зняволеных як яшчэ адзін элемент ціску. Этап - стрэс, псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне канваіраў. Гадзіны і нават дні, праведзеныя ў кайданках, хоць Паліна мае ўсе магчымыя біркі: «схільная да ўцёкаў», «схільная да захопу закладнікаў», «нападу» і гэтак далей. Зразумела, што яна гадзінамі ці нават днямі знаходзілася ў моцна зашпіленых кайданках, што ўжо само па сабе катаванне.

- Чаму этап заняў столькі часу?

- Здавалася б, ад Рэчыцы да Менска некалькі сотняў кіламетраў, этап павінен заняць некалькі гадзін. Але ў Паліны ён зацягнуўся на тры тыдні. Нам вядома, што за гэты час Паліна, хутчэй за ўсё, паспела пабываць у Магілёве, пасля, з вялікай імавернасцю, была этапаваная ў Баранавічы, хоць у гэтым няма разумнага сэнсу. Нейкі час яна ўтрымлівалася ў Баранавічах, а пасля трапіла на Валадарку ў Менску, а адтуль - у Навінкі. Былыя палітвязні мне расказвалі, што этап летам — гэта душныя металічныя клеткі, у якіх перавозяць зняволеных, а зімой — невыносны холад.

З усяго гэтага можна зразумець, што ціск на Паліну працягваецца. Як толькі мы даведаліся, што Паліна знаходзіцца на Валадарцы, то сваякі паспрабавалі перадаць ёй перадачу, але атрымалі адмову, матываваную тым, што «паводле статуту не належыць». Паліна ўжо некалькі месяцаў не атрымлівала ніякай падтрымкі, а зразумела, што на рэжымным харчаванні чалавек проста выжывае. Праз гэта ў нас ёсць вялікія асцярогі за жыццё і здароўе жонкі.

Таксама вядома, што да этапу Паліна нейкі час была ў медычнай частцы калоніі №24. Прычына знаходжання яе тамака невядомая. Ёсць магчымасць, што ў Паліны пасля шматмесячнага знаходжання ў ШІЗА пагоршылася здароўе і перад этапам яе хацелі прывесці ў транспартабельны стан.

Я прашу ўсе міжнародныя арганізацыі звярнуць увагу на тое, што адбываецца з Палінай. Яе жыццё знаходзіцца пад пагрозай.

- У вас ёсць з ёй нейкая сувязь?

- На жаль, зараз няма. Апошні раз у яе быў адвакат ужо больш за месяц таму і тое, толькі таму, што ў жонкі былі следчыя дзеянні. Гэта была працэдура для «птушачкі».

Ён прысутнічаў разам са следчымі і нейкіх паведамленняў Паліна яму перадаць не магла. Адвакат вельмі абмежаваны ў паведамленнях, але сказаў, што Паліна выглядае вельмі кепска. З цяжкасцю перасоўваецца і відаць, што яна знясіленая да крытычнага стану.

- Што чакае яе далей?

- Хачу адзначыць, што Паліна ўжо праходзіла гэтае псіхіятрычнае абследаванне перад першым тэрмінам. У мяне існуюць вялікія асцярогі, датычныя таго, для чаго Паліну змясцілі ў «Навінкі». Сапраўдная прычына змяшчэння нам незразумелая, існуе шмат пытанняў, але я не маю ілюзій, што атрымаю адказы ад адміністрацыі гэтых устаноў. Усё, што тычыцца Паліны, заўсёды трымаецца пад строгім сакрэтам. Адзначу, што мы старанна запісваем імёны і прозвішчы ўсіх, хто мае дачыненне да рэпрэсій супраць Паліны. Магчыма, таму яны хаваюць усю інфармацыю.

Я прашу журналістаў і ўсе міжнародныя арганізацыі ўсяляк расказваць пра сітуацыю з Палінай і рабіць усё магчымае, каб усе палітвязні выйшлі на волю. Я кажу пра ўзмацненне санкцый і працяг ціску на рэжым. Цяпер ужо зразумела, што толькі ціскам можна паўплываць на рэжым Лукашэнкі. Паслабіўшы яго, мы можам наблізіць нашу перамогу.

- Нядаўна ў Міжнароднай арганізацыі працы падтрымалі рэзалюцыю аб Беларусі. Ці дапаможа такая пастанова ў вызваленні палітвязняў?

- Трэба разумець, што санкцыі накіраваныя на паслабленне рэжыму, якое наблізіць яго крах. Трэба цвяроза ўсведамляць, што толькі з крахам рэжыму нашыя палітвязні выйдуць на волю.

Лукашэнка добраахвотна, проста так не пойдзе на тое, каб вызваліць Паліну, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца і іншых. Толькі з ягоным крахам нашы лідары і героі выйдуць на волю. Ніякія дамовы не вызваляць нашых лідараў. Не дадзім вадзіць сябе за нос. Неабходна поўная ізаляцыя рэжыму.

Я заклікаю ўсе краіны, якія мяжуюць з Беларуссю, увесці поўную блакаду рэжыму Лукашэнкі. Заклікаю ўсе дэмакратычныя ўрады не мірыцца з ГУЛАГам у цэнтры Еўропы, дзе мучаць і забіваюць людзей.

Трэба жорстка ціснуць на рэжым. У Польшчы, Літве і іншых краінах знаходзіцца маёмасць, якая належыць Беларусі, - гэта пасольствы і іншыя аб'екты. Заклікаю ўлады краін, якія шануюць свабоду і дэмакратыю, дзейнічаць таксама, як дзейнічаюць супраць РФ за яе агрэсію ва Украіне. Бо Беларусь таксама суагрэсарка.

Паўтаруся, заклікаю змагацца з рэжымам, ажно да арыштаў маёмасці Беларусі за мяжой.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках