27 красавiка 2024, Субота, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палкоўнік УСУ: Пачалася гарачая фаза ўкраінскага наступу

11
Палкоўнік  УСУ: Пачалася гарачая фаза ўкраінскага наступу
ФОТА: GUR.GOV.UA

Захад хоча разгрому расейскага войска ўжо сёлета.

Ці пачаўся ўкраінскі наступ? Які лёс чакае Бахмут? Якія сюрпрызы рыхтуюць УСУ?

З такімі пытаннямі сайт Charter97.org звярнуўся да палкоўніка запасу Узброеных сіл Украіны, лётчыка-інструктара Рамана Світана.

- Ці змяніў падрыў расейцамі Кахоўскай ГЭС ход вайны ва Украіне?

- Рэч у тым, што было два планы пры распрацоўцы ваенных дзеянняў. Адзін у тым, што мы паспеем фарсаваць Дняпро да таго, як расейцы ўзарвуць Кахаўскую ГЭС. Другі варыянт - не паспеем і адкладзём фарсаванне Дняпра дзесьці на месяц. Вось па другім плане ўсё і пайшло.

Расейцы паспелі ўзарваць Кахоўскую гідраэлектрастанцыю, сябе патапілі, але, тым не менш, толькі затрымалі нашы дзеянні ў раёне Херсонскага кірунку, фарсаванне. А ўсе астатнія кірункі інтэнсіфікаваліся, бо зараз як мінімум месяц не трэба на Херсонскі кірунак адпраўляць боепрыпасы. Яны зараз пойдуць усе на Запарожскі, Данецкі і Луганскі кірункі. Таму ўключыўся план «Б», нам у гэтым сэнсе ўсё адно з ваеннага пункту гледжання.

- Некалькі дзён запар мы чуем ад расейцаў, што ўкраінскі наступ ужо пачаўся. Ці так гэта?

- Наступ пачаўся, гарачая фаза ўжо недзе тыдзень ідзе, з суботы-нядзелі. З выходных для выканання наступальных аперацый далучыліся ўжо брыгады. Вось калі брыгады выходзяць, некалькі батальённа-тактычных груп, то можна казаць аб гарачай фазе наступальных аперацый.

Цяпер праходзяць так званыя аперацыі фармавання перад уводам у бой рэзерваў і карпусоў. Такія фармавальныя аперацыі яшчэ недзе тыдзень будуць ісці на некаторых кірунках. Таму расейцы маюць рацыю ў гэтым сэнсе, пачалася гарачая фаза. Аднак самі па сабе наступальныя аперацыі, дзеянні і падрыхтоўка былі пачатыя яшчэ з першай дэкады траўня. Быў месяц падрыхтоўкі, а першы тыдзень чэрвеня - ужо сама гарачая фаза. Цяпер усё будзе інтэнсіфікавацца, але пакуль без Херсонскага кірунку праз падтапленне.

- У апошнія дні ідзе прасоўванне на Бахмуцкім кірунку. Што неўзабаве можа чакаць расейскую групоўку ў гэтым горадзе?

- Рэч у тым, што не толькі Бахмуцкі, агульны Данецкі кірунак цяпер актыўны. Украінскія войскі выконваюць задачы, займаюць лепшыя рубяжы, фармуюць наступальныя плацдармы. Фармаванне наступальных плацдармаў ідзе з дапамогай знішчэння або выцяснення расейцаў з пануючых вышынь, у тым ліку - і ў раёне Бахмута.

Сам горад ляжыць у нізіне, ніжэй за ўзровень на вышынях, таму цяпер Бахмут будзе акружацца па вышынях. Калі горад трапіць у паўаблогу, а мы з усіх вышынь у раёне выб'ем расіян, пасля гэтага пачнуць проста з гэтых вышынь знішчаць артылерыяй бахмуцкую расейскую групоўку. Яны будуць там сядзець, пакуль ім не надакучыць гінуць і не надумаюць адысці, бо там можа быць ужо паўкацёл ці аператыўная аблога пры артылерысцкім кантакце з вышынь.

- Украіна паказала, што ўмее здзіўляць. Тут і атакі дронаў, і заход расейскіх добраахвотнікаў у Белгарадскую вобласць. Якія яшчэ можна сюрпрызы ад УСУ чакаць?

- Усялякія, тут спектр вельмі вялікі, але наўрад ці з космасу будзем бамбіць. Тут усё залежыць ад таго, якое ўзбраенне нам перададуць, усё яно будзе выкарыстоўвацца. Тыя ж Storm Shadow ужо выкарыстоўваюцца, вось некалькі дзён таму з'яўляліся геаметкі ў Луганску па ваенных аб'ектах, сёння ў гэтыя месцы прыляцелі дальнабойныя ракеты. Сёння з'явіліся геаметкі ў Данецку. Данецку падрыхтавацца, туды таксама хутка прыляціць Storm Shadow.

Дапусцім, ідзе цяпер аперацыя фармавання ў бок Данецка з-пад Аўдзееўкі. Я думаю, што будзе цікавая неспадзеўка пасля нанясення ўдараў па Данецку, заход украінскіх войскаў у горад. Там некалькі кіламетраў, па-мойму, сем. Суздром можа быць і такі цікавы ход. Здзівяцца ўсе, калі нашы войскі ўвойдуць у Данецк ці Горлаўку, дапусцім, у залежнасці ад задачы. Ёсць яшчэ моманты, дзе можна здзівіць, могуць зайсці ў Бранскую вобласць. Вось зараз працуюць там, дапусцім, у Белгарадскай, але яшчэ можна зайсці ў Бранскую або Курскую вобласць, або і туды, і туды. Тамака таксама ёсць гатоўнасць да заходу расейскіх сепаратыстаў, я іх так заву.

- Бранская вобласць з Беларуссю акурат мяжуе.

- Так, вядома. Можа і полк Каліноўскага на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод наведацца, таксама недалёка. Можа быць што хочаце, я зараз нічому не здзіўлюся. Але гэта я нічому не здзіўлюся, але народ здзівіцца.

- Ці паўплывае тэрарыстычны акт расейцаў на Кахоўскай ГЭС на пастаўкі зброі Украіне заходнімі партнёрамі?

- Узбраенне, якое мы запытвалі для выканання вясенне-летняй аперацыі, ужо пастаўленае. Тут ужо ніяк не паўплывае, яно ўжо ў нас, а фармаванне восеньска-зімовай кампаніі ў асноўным накіраванае на авіяцыйную і ракетныя кампаненты.

Могуць даць больш, калі захочуць, але я не думаю, што менавіта гэты падрыў паўплывае. Тут больш будзе ўплываць геапалітыка, то бок нашыя партнёры спрабуюць паскорыць разгром расейскага войска сёлета. З гэтым пытаннем будзе звязана перадача самалётаў, таму што толькі з самалётамі мы можам выйсці на дзяржмяжу да канца гэтага года. З дастатковай колькасцю, не з адной парай, не са звяном, а з неабходнай колькасцю. Таму, я думаю, што ні наўпрост, ні ўскосна выбух Кахоўскай ГЭС на гэта не паўплывае.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках