27 красавiка 2024, Субота, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенсацыйнае інтэрв'ю польскага генерала пра Беларусь

31
Сенсацыйнае інтэрв'ю польскага генерала пра Беларусь
Вальдэмар Скшыпчак

NATO дапаможа беларусам, а Лукашэнку давядзецца ўцякаць.

У Беларусі непазбежнае паўстанне, а Захад павінен быць гатовы падтрымаць каліноўцаў, якія вернуцца вызваляць краіну. Гэтыя словы былога віцэ-міністра абароны Польшчы, экс-камандзіра польскімі наземнымі войскамі, генерала Вальдэмара Скшыпчака выклікалі істэрыку ў лукашэнкаўскіх і крамлёўскіх прапагандыстаў.

У эксклюзіўным інтэрв'ю для Studio X-97 польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак распавёў, ці падтрымае NATO барацьбу беларусаў з рэжымам, як каліноўцы могуць вызваліць Беларусь, чаму Лукашэнку чакае лёс Януковіча, ці ліквідаваў бы яго Пуцін і калі скончыцца вайна ва Украіне.

Падпісвайцеся на Youtube канал «Хартыі-97» - charter97video. Падзяліцеся відэа з сябрамі. Стаўце падабайкі і пішыце каментары.

- Цяпер шмат кажуць пра саміт NATO ў Вільні. Ці з'яўляецца саміт сігналам Крамлю і рэжыму Лукашэнкі?

- Саміт прайшоў у Вільні. Гэта сведчыць аб тым, што ва ўсходняга флангу NATO ключавое значэнне і для Альянсу, і ў святле таго, што адбываецца ва Украіне. Пастановы саміту адыгрываюць ключавую ролю ў падтрымцы Украіны, таму што без падтрымкі яна, скажам шчыра, не зможа весці гэтую вайну. Гэта галоўнае і так мусіць быць. Дапамога не павінна спыняцца, дапамога павінна быць нават большай. Альянс мусіць дапамагаць Украіне яшчэ больш.

- NATOўская зброя і тэхніка перамяшчаецца ва ўсходнім кірунку?

- Амерыканцы і некаторыя краіны NATO размяшчаюць свае войскі і тэхніку ў краінах Балтыі і ў Польшчы. Гэта прамы адказ на пагрозы Пуціна і Лукашэнкі. NATO такім чынам адпужвае дыктатараў, прымушае Пуціна і Лукашэнку прытармазіць у антынатаўскай дзейнасці, у дзеяннях супраць Усходняй Еўропы.

- Што Пуцін і Лукашэнка павінны зразумець?

- Тое, што адбылося 24 лютага 2022 года - гэта самая вялікая памылка, пралік у гісторыі Расеі. Вайна, якую ён пачаў супраць Украіны, стане гістарычнай катастрофай для Расеі. Расея думала, што хутка праглыне Украіну, але пацярпела паразу. Гэта параза, узровень якой ніхто не мог прадказаць. Нават на Захадзе думалі, што абарона Украіны доўга не пратрымацца.

А Украіна паказала свае іклы і выбіла зубы расейскаму войску. Гэта гістарычная падзея, паколькі ў сваёй гісторыі раней Расея не несла такой паразы.

- Дык па пысе ёй ніхто не даваў?

- Груба кажучы, так.

- У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што надышоў час рашучых дзеянняў Захаду. Рашучая дзейнасць NATO, якая канкрэтна?

- Неабходна стварыць гарантыі бяспекі для Украіны. Украіна сапраўды змагаецца адна, яна змагаецца з імперыяй. Калі да гэтага ўвесь свабодны дэмакратычны свет дапамагаў, падтрымліваў Украіну (і гэта не толькі перадача зброі, боепрыпасаў, дапамога мірнаму насельніцтву, напрыклад, у Польшчы), то неабходна зараз даць Украіне гарантыі, якія дазволяць увесці актыўныя баявыя дзеянні. Па-другое, трэба ёй дапамагчы і ў будучыні быць незалежнай ад Расеі дзяржавай.

- Што канкрэтна трэба зрабіць?

- Па-першае, неабходна закрыць неба над Украінай. Цяпер расейцы беспакараныя. У Украіны няма зараз сістэм, якія маглі б перапыніць гэтую беспакаранасць. Павінна быць рэзалюцыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якая б закрыла для Расеі ўкраінскае неба. Калі б гэта здарылася, вайна праходзіла б зусім па-іншаму.

Нельга дазваляць расейцам бяскарна забіваць мірнае насельніцтва. Не так даўно мы бачылі такія акты, напрыклад, у Краматорску, у Львове, дзе расейцы забілі мірных людзей. Гэта не былі вайскоўцы, расейцы забіваюць мірнае насельніцтва. Гэта жахлівая вайна.

Расейцы паводзяць сябе, як немцы падчас Другой сусветнай. Калі мы не створым умовы для бяспекі Украіны - гэта азначае, што мы, заходні свет, ні на што не здольныя. Міжнародная супольнасць проста абавязана стварыць рамкі бяспекі. Без мірнага неба і ваеннай падтрымкі гэтага не будзе.

- Гэта значыць, вы чакаеце, што будуць прыняты пастановы, якія дазваляюць заходнім сілам, сілам NATO збіваць самалёты, якія з'яўляюцца ва ўкраінскім паветранай прасторы?

- У ААН ёсць паўнамоцтвы ў рамках абароны мірнага насельніцтва, якое дазваляе прыняць такую рэзалюцыю. Рэалізаваць яе ААН можа прыкладна так: каб Альянс бараніў неба над Украінай. І тады ў іх будзе права зрабіць тое, пра што вы кажаце: збіваць расейскія ракеты і самалёты.

- Якія смелыя пастановы Захад павінен прыняць у дачыненні да Беларусі?

- Мне здаецца, што ўсе забыліся на Беларусь. Усе глядзяць на Беларусь праз Лукашэнку. Ці важны ён для беларусаў? Не думаю. Трэба стварыць умовы, каб міжнародная супольнасць гарантавала беларусам нармальную будучыню.

Дні Лукашэнкі сапраўды ўжо палічаныя. Ён знікне і, калі яго не стане, у Беларусі павінна быць дэмакратыя і свабода. Гэта не адбудзецца адразу, зразумела, што гэта працэс. Але чым слабейшая Расея, тым лепшыя ў нас умовы для змены сітуацыі ў Беларусі. Мы павінны так моцна аслабіць Расею, каб ёй было не па кішэні падтрымліваць Лукашэнку.

Я думаю, што Лукашэнка будзе таксама ўцякаць з Беларусі, як з Украіны некалі ўцякаў Віктар Януковіч. Іншай будучыні ў Лукашэнкі няма. Я думаю, я ў гэта веру, што гонар беларусаў, іх жаданне быць вольнымі паўплываюць на сітуацыю. У Беларусі не будзе іншага шляху, акрамя інтэграцыі з цывілізаваным светам.

- Ці могуць у крызіснай сітуацыі міжнародныя сілы, сілы NATO ўвесці войскі ў Беларусь?

- Я думаю, што няма такой магчымасці. NATO - гэта абаронны звяз. Альянс не можа, ён не мае адпаведных пагадненняў аб супрацоўніцтве з Беларуссю. Але калі скончыцца вайна, сітуацыю можа змяніць полк Каліноўскага і іншыя беларускія вайсковыя фармаванні.

Калі летась беларускія салдаты сфармавалі ва Украіне полк Каліноўскага, я адразу сказаў, што гэтыя салдаты пасля вайны не складуць зброю, яны вернуцца са зброяй у Беларусь, каб вызваліць сваю радзіму. Гаворка пра паўстанне, супрацьстаянне. Найлепш, каб гэта зрабілі самі беларусы, каб яны сваімі рукамі вызвалілі Беларусь.

- І тое, што вы кажаце, гэта не тэорыя. Мы запісвалі інтэрв'ю з байцамі палка Каліноўскага і, вы ведаеце, яны наўпрост кажуць, што пасля перамогі ў вайне з Расеяй, яны паедуць зрынаць рэжым Лукашэнкі і вызваляць сваю радзіму.

— Гэта найвышэйшая мэта для тых, у чыіх руках зараз зброя — несці свабоду. Я веру, што беларускі народ чакае гэтага моманту.

- Што павінен рабіць Захад, NATO, Польшча? Вы думаеце, што ў Беларусі будзе паўстанне і барацьба з рэжымам?

- Не выключаю гэтага, не выключаю нават, што частка беларусаў пакіне краіну, як гэта адбылося з украінцамі цяпер. Людзі могуць баяцца супрацьстаяння, вайны і пачнуць уцякаць. Калі беларусы будуць уцякаць, лепш за ўсё, каб у Польшчу і Літву. Мы абавязаны іх прыняць. Мы як суседзі павінны адкрыць межы і даць ім шанц выжыць. Мы ўсе ведаем, што можна чакаць ад рэжыму.

- Ці павінна Польшча даць зброю палку Каліноўскага? Як Захад павінен рэагаваць?

- Не толькі Польшча, а NATO павінна падтрымліваць беларусаў на такім жа ўзроўні, як падтрымлівае цяпер Украіну. Трэба стварыць умовы для з'яўлення ўрада, які будзе падтрымліваць беларусаў. Усе абавязаныя падтрымліваць, не толькі Польшча.

- Калі б вы прымалі пастанову, вы перадалі б зброю палку Каліноўскага ў сітуацыі, якая склалася?

- У нас няма выбару. Як і ўсе людзі, беларусы маюць права быць вольнымі. Рэжым Лукашэнкі злачынны, таму мы, свабодная Еўропа, NATO, ЕЗ, павінны змагацца з аўтарытарызмам. Аўтарытарызм трэба выпальваць да зямлі. У Беларусі няма альтэрнатывы, яна павінна пазбавіцца Лукашэнкі. Без дапамогі Захаду гэта немагчыма зрабіць.

- Цяпер працуюць каналы сувязі паміж афіцыйнай Варшавай і афіцыйным Менскам ці Масквой?

- Калі яны і ёсць, то ўсё гэта пад грыфам "сакрэтна". Аднак я думаю, што ў нас няма прычын захоўваць кантакты з Менскам ці Масквой. Як яны сябе паводзяць? Лукашэнка, напрыклад, пагражае нам ядзернай зброяй, дэстабілізуе сітуацыю з мігрантамі, запалохвае нас увесь час вагнераўцамі. У Масквы такі ж пасыл.

Што ад іх можна чакаць? Нічога добрага. Дыктатары заўсёды будуць дрэнна рэагаваць на тое, што мы робім для беларусаў. Таму нас гэта не хвалюе. Не хвалюе, таму што мы сіла. Сіла - у адзінстве NATO і ЕЗ.

- Пуцін баіцца NATO?

- Баіцца і ніколі не пачне канфлікт з NATO. Тыя, хто запалохваюць канфліктам Расеі з NATO, памыляюцца. Пуцін добра разумее, што адбылося б, калі б такі канфлікт пачаўся. Я паўтараю гэта шмат год. У Расеі ёсць толькі адна бяспечная мяжа. Расейская бяспечная мяжа - гэта тая мяжа, якую ахоўвае NATO. Такая рэальнасць.

- Вы ўзгадвалі правакацыі рэжыму Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы. Тысячы спроб нелегальна перасекчы мяжу, стральба, выкарыстанне мігрантаў. Як вы думаеце, ці мае на гэтым этапе Польшча права ў гэтай сітуацыі на вайсковую рэакцыю ў адказ на дзеянні рэжыму Лукашэнкі?

- Лукашэнка вядзе супраць Польшчы неабвешчаную вайну. Тое, што адбываецца на мяжы - гэта гібрыдная вайна. Лукашэнка атакуе нас інфармацыйна, па-прапагандысцку, запалохвае нас увесь час ядзернай зброяй, палохае, што на нас нападзе Расея, высылае да нас тысячы няшчасных мігрантаў, якія часта гінуць у вельмі цяжкіх умовах на мяжы, напрыклад, замярзаюць зімой. І тое, што адбываецца - гэта вайна супраць Польшчы.

Польшча мілітарна не адказвае, скажам так, Польшча трымае зброю ў руках і сочыць за тым, як будзе надалей развівацца сітуацыя. Лукашэнка можа не рызыкнуць пераступіць чырвоную рысу, бо з нашага боку будзе магутны адказ, адказ польскага войска. А, скажам шчыра, у яго ў выпадку канфлікту з польскім войскам няма ніякіх шанцаў перамагчы. Насамрэч, ён баіцца польскага войска, ён нас баіцца. Ён правакуе, бо разлічвае, што Польшча першай не атакуе Беларусь. У Лукашэнкі няма ніякіх шанцаў у супрацьстаянні з намі.

- А як вы ацэньваеце цяпер стан рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна?

- Рэжым Лукашэнкі трымаецца выключна на спецслужбах і на тых людзях, якіх ён прызначыў. Не думаю, што звычайныя салдаты, вайсковы склад падтрымліваюць Лукашэнку. Яны бачаць наступствы вайны, бачаць, што нарабіў Лукашэнка і добра памятаюць пратэсты супраць Лукашэнкі. Разумееце, такое застаецца ў памяці людзей на доўгія гады.

У Польшчы, напрыклад, былі ў 1970 годзе пратэсты, якія праз 10 гадоў перараслі ў магутны пратэст у Гданьску, які змяніў гісторыю. Пратэсты, якія праходзілі ў Беларусі, запэўніваю вас, перарастуць у яшчэ большы рух супраць рэжыму Лукашэнкі і нам да гэтага трэба рыхтавацца. У Лукашэнкі няма сілы, у яго няма інструментаў. Рэжым трымаецца толькі на спэцслужбах, якія імкнуцца ўсё кантраляваць. Але ўсё ж кантраляваць немагчыма.

Рэжым Пуціна вельмі расхістаны. Пасля пачатку вайны, пасля бунту Прыгожына расейцы зразумелі, што вайна ідзе не так, як пра гэта расказвае расейская прапаганда. Гэтая вайна - шэраг іх параз і няшчасцяў, у тым ліку вайскоўцаў. Паглядзіце, як шмат іх загінула. Раней прапагандзе ўдавалася гэта хаваць, але тое, што адбылося ў Варонежы, тое што, адбылося ў Растове, калі туды прыйшлі вагнераўцы і пачалі расказваць пра вайну, пачалі расказваць пра тое, што напраўду адбываецца, што вайна напраўду жахлівая. І мне здаецца, што расейцы пачынаюць разумець, што гэтая вайна, як Крэмль называе яе спецаперацыя - гэта вялікая параза Пуціна, яго велізарная параза. Пуцін страчвае хаўруснікаў.

- Спачатку ваеннай кар'еры вы былі танкістам. Часта ў інтэрв'ю вы кажаце, што вы салдат. Калі б вы апынуліся ў адным месцы з Пуціным, Шайгу, вы б пачалі страляць?

- Ніхто б не засумняваўся, я таксама. Я б у Пуціна стрэліў. На ягоных руках так шмат крыві нявінных людзей, што нельга сумнявацца.

- Зрынанне Лукашэнкі, Пуціна. Дзе ключ?

- На Пуціна трэба ціснуць на палітычным узроўні. Мілітарна ён яшчэ не саступіў. На палітычным жа ўзроўні трэба прымусіць яго пайсці на саступкі ў дачыненні да Украіны, паказаць, што катастрофа Расеі - гэта яго рук справа. Можа, яго прыбяруць свае ж.

Мне падаецца, што ў будучыні Расея будзе спрабаваць аднавіцца пасля вайны, будзе спрабаваць вярнуцца на міжнародныя пляцоўкі. У час вайны такое не можа здарыцца. Толькі Расея без Пуціна можа паспрабаваць гэта зрабіць.

Час Лукашэнкі ж заканчваецца, у яго няма ніякай будучыні. Лукашэнка заканчваецца, ён не лідар беларускага народа.

- Ён у горшай сітуацыі, чым Пуцін?

- Адназначна. Ён застаўся адзін, Пуцін яму ў крытычнай сітуацыі не дапаможа. Ён асуджаны на забыццё. Я думаю, што ён будзе спрабаваць хавацца ў Расеі, але згіне недзе далёка ад Беларусі і ад беларускага народа. Ён не заслужыў добрага стаўлення ўласнага народа.

- Як перамагчы?

- Рашучасцю і смеласцю. Калі ёсць смеласць і рашучасць, можна шматлікае здабыць. Трэба паставіць стратэгічныя мэты і быць рашуча настроенымі.

- Што вы думаеце пра расейскае войска? У святле злачынстваў у Бучы, пасля таго, як мы бачылі, што яны крадуць унітазы, лядоўні. Для вас, як для генерала, не зневажальны той факт, што і вас, і іх завуць вайскоўцамі?

- Я ў форме і яны. Нас аднолькава завуць, але, на жаль, далёка не ўсіх можна назваць жаўнерамі. Расейцы ў вайсковай форме, якія напалі на Украіну, забівалі ў Ірпені, у Бучы, забівалі ў многіх іншых месцах. Запэўніваю вас, пасля вайны мы даведаемся, што такіх месцаў, дзе забівалі ўкраінцаў, значна больш. Яны называюць сябе салдатамі, яны хочуць, каб іх называлі вайскоўцамі. Аднак нельга называць салдатамі вайсковых злачынцаў.

Гэта крыміналітэт, яны проста надзелі вайсковую форму. Гэтых бандытаў не павінна бараніць міжнароднае гуманітарнае права, права вайны. Гаажскі трыбунал пасля вайны будзе іх судзіць.

Для мяне, як для вайскоўца, гэта зневажальна, што расейскія камандзіры ўхвалялі забойствы, злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Мы маем справу са злачынцамі і бандытамі, якія ўдаюць вайскоўцаў.

Што я думаю пра расейскае войска? Калі на трэці дзень вайны, 27 лютага, украінцы спынілі расейцаў, я як стары салдат зразумеў, што нешта ў расейцаў пайшло не так. Пасля трох дзён вайны, я тады публічна гэта ў Польшчы сказаў, што расейская аперацыя трэснула, што яны не перамогуць у вайне. Гэта была аператыўная ацэнка сітуацыі. Расейцы не былі гатовы да таго, каб перамагчы гэтую вайну.

Як вайсковец скажу вам: яны не стварылі такой перавагі, якая паводле вайсковых дактрынаў дазволіла б ім дасягнуць поспеху. Фактычна, расейскае войска саступіла ў гэтай вайне на трэці дзень. Войска не была падрыхтаванае, у яго дрэннае камандаванне, яно абкрадзенае, карумпаванае. Салдаты там, у гэтым войску, як гарматнае мяса, прычым усе салдаты.

Расейскае войска - гэта войска Трэцяга свету, гэта войска «бананавай» рэспублікі. На парадах у іх усё прыгожа, але толькі на парадах. NATO баялася іх, баялася іх патэнцыялу. Але мы ж не бачылі дна, мы бачылі толькі верхавіну, мы бачылі тое, што з'яўлялася на Чырвоным пляцы ў Маскве. А што тамака было? Найлепшыя танкі, парады, генералы. А высветлілася, што гэта фікцыя. Праўда іншая: расейская войска зараз выглядае гэтак жа, як і ў часы цара Мікалая. Яно абы-якое, зацюканае, абкрадзенае, з дрэннай зброяй, дрэнным абсталяваннем. Яно не здольнае весці звычайную вайну ні з кім.

- Як вы прафесійна ацэньваеце міністра Шайгу?

- Для мяне гэта не жаўнер. Шайгу - гэта пераадзеты цывільны грамадзянін. Яго ўбралі ў форму і зрабілі міністрам абароны. У гэтай кампаніі вайсковец толькі Герасімаў, ён быў вайскоўцам, а Шайгу не, ён проста надзеў генеральскі мундзір і атрымаў крэсла міністра. Гэта ён дазволіў абкрасці войска. Ён паставіў камандзіраў, якія былі злодзеямі.

Калі ў вайскоўцаў няма абмундзіравання, калі ў іх пратэрмінаваная ежа ў акопах, калі ў іх дрэнная форма, калі ў іх шаломы, як з паперы... Што гэта кажа пра іх камандзіраў, што гэта кажа пра іх міністра, дзе яны дзялілі ўсе грошы? Скажу: грошы яны выдаткавалі на палацы ў Італіі, на палацы ў Францыі. Яны абкрадалі войска і пераводзілі грошы ў Лондан, Італію, Францыю. Пасля вайны яны, мусіць, захочуць туды ўцячы.

- Расея распадзецца?

- Мы вельмі гэтага хочам. Цяпер няма складніку сілы, якая аб'ядноўвае Расею. Цяпер шмат унутрырасейскіх падзей, якія ўплываюць на тое, каб у Расеі з'яўляліся ўнутраныя праблемы і іх будзе больш. Праблемы эканамічнага характару, праблемы паміж народамі. Паглядзіце, што адбылося з былымі савецкімі рэспублікамі, якія сталі незалежнымі дзяржавамі: яны ўсё адвярнуліся ад Расеі, яны зрываюцца з ланцуга, на якія іх пасадзіла Расея.

Вяртання да імперыі ў Пуціна няма. У яго будуць гарэць межы: Каўказ будзе гарэць, гарэць будзе мяжа ў Азіі. Пуцін так марыў аб імперыі, а зараз у яго няма сіл утрымаць тое, што ёсць. Больш не будзе імперыі. Пытанне наколькі глыбокім будзе распад імперыі, якой будзе Расея пасля вайны? Яна сапраўды не будзе такой, якой была да яе пачатку. Цяпер толькі ад Кітая залежыць ці захаваецца Расея. Ніхто іншы не дапаможа, ніхто іншы не падасць ім рукі.

- У Беларусі ёсць прадэмакратычныя, праеўрапейскія сілы. Мы ўсё гэта бачылі ў 2020 годзе падчас рэвалюцыі, якая, на жаль, не скончылася поспехам. У краіне шмат людзей, якія падтрымліваюць праеўрапейскія, празаходнія імкненні. Ці ёсць у Беларусі перспектывы стаць чальцом ЕЗ, NATO?

- Гэта мара не толькі беларусаў, наша таксама. Мы ж не чужыя. Нашыя народы жылі калісьці ў адной дзяржаве. Напраўду беларусы бліжэй да нас, палякаў, еўрапейцаў, чым да расейцаў. Па-другое, Беларусь імкнецца быць часткай Еўропы і ад нас, Польшчы, залежыць, ці будуць яны, беларусы, гэтай часткай Еўропы. Я думаю, што яны маюць на гэта права. Думаю, што беларусы вартыя грамадзяне Еўропы. Ім трэба стварыць умовы, пазбавіцца рэжыму Лукашэнкі, які знішчае ў Беларусі беларусаў.

- У адным з інтэрв'ю, вы сказалі, што цяпер сітуацыя развіваецца на карысць для Украіны і цывілізаванага свету. Што неабходна зрабіць для дасягнення большага поспеху?

- Я думаю, што восенню будзе спыненне агню. Вайна не скончыцца на полі бою.

- А як заўсёды падчас перамоў.

- Менавіта так. Перамовы на гэтую тэму ўжо вядуць Пекін і Вашынгтон. Мы не ведаем усяго, што адбываецца за кулісамі. Але гэта яшчэ адкрытае пытанне паміж Пекінам і Вашынгтонам. Яны павінны знайсці кампраміс, які іх задаволіць. Яны паспрабуюць спыніць гэтую вайну. Украіна верне сабе столькі, колькі Зяленскі і войска змогуць адваяваць, усяго не вернуць. І зараз галоўнае прынцыповае пытанне: ці зможам мы, міжнародную супольнасць, прымусіць Расею вызваліць усю тэрыторыю Украіны.

Я думаю, што за гэта трэба змагацца. Трэба стварыць умовы для таго, каб Украіна вярнула сабе ўсе свае тэрыторыі. Толькі на полі бою гэта не ўдасца зрабіць. У Расеі шматлікае войска і яны яшчэ ваююць. Я думаю, што пры палітычнай падтрымцы ўсіх Пуціна можна прымусіць сысці з Украіны. У яго няма альтэрнатывы. Калі ён далей будзе пагражаць вайной - у Расеі будзе яшчэ большы хаос. І гаворка зараз не ў тым, выпускаюць яны танкі ці не. Я гавару глабальна: хаос у Расеі будзе ўзмацняцца.

Чаго Пуцін павінен баяцца? Што некаторыя аўтаномныя рэспублікі будуць патрабаваць яшчэ больш аўтаноміі, напрыклад, дагестанцы. Яны не адчуваюць сябе сярод расейцаў добра. Я вам раскажу адну рэч. Я быў салдатам яшчэ ў арганізацыі Варшаўскай дамовы. Я памятаю, як на вучэннях яшчэ ў Савецкай Арміі ставіліся да расейцаў і як ставіліся да прадстаўнікоў іншых народаў, напрыклад, да казахаў, да туркменаў. Яны ж таксама былі часткай гэтага войска. Дык вось, да іх заўсёды ставіліся, як да людзей другога, горшага гатунку. Я бачыў, як расейскія афіцэры збівалі салдат з Казахстана. Так імперыю не будуюць, сяброўства так не будуецца. Я, на жаль, усё гэта бачыў.

- І як падсумаванне. Мы пераможам?

- Мы перамагаем. Ці пераможам, залежыць ад двух вялікіх гульцоў. На гэты момант мы перамагаем, таму што ўкраінскія салдаты выдатна змагаюцца. Скажу вам шчыра, я не думаў, што ўкраінцы будуць здзяйсняць такія подзвігі на полі бою. Іх войска мне зараз вельмі падабаецца, паколькі апроч класічных, традыцыйных ваенных дзеянняў, яны ўмеюць паводзіць сябе крэатыўна, нетрадыцыйна, яны ўмеюць здзівіць. Цяжка паверыць, што гэта было магчыма, а яны гэта робяць. Выдатнае войска, выдатны народ. Мы перамагаем і, думаю, мы пераможам.

- Беларусь будзе свабодная ад рэжыму Лукашэнкі?

- Гэта наступны крок. Я веру ў тое, што пасля таго, як Пуцін сыдзе, Лукашэнка змушаны будзе ўцякаць. Беларускі народ яго не прымае. Беларусы хочуць у Еўропу. Месца беларусаў у Еўропе.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках