28 красавiка 2024, Нядзеля, 11:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Беларусы будуць вітаць полк Каліноўскага і войскі NATO

46
Наталля Радзіна: Беларусы будуць вітаць полк Каліноўскага і войскі NATO

Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца ў Гаазе.

Як прымусіць Расею спыніць вайну? Ці дажывуць Пуцін і Лукашэнку да Гаагі? Ці мог Прыгожын захапіць Маскву? Які сцэнар вызвалення Беларусі самы рэальны?

Пра гэта і не толькі ў інтэрв'ю Studio X-97 расказала галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна. Вядоўца - Яўген Клімакін.

Падпісвайцеся на Youtube канал «Хартыі-97» - charter97video. Падзяліцеся відэа з сябрамі. Стаўце лайкі і пішыце каментары.

- Наталля Радзіна - галоўная рэдактарка «Хартыі’97». Наталля, давай, як кажуць, з абрыву ў возера. З самых гарачых тэм пачнём нашу гутарку. «Вагнераўцы» ў Беларусі, Прыгожын, навошта яны там Лукашэнку патрэбныя?

- Я думала, што ў Лукашэнкі дастаткова розуму і волі не пусціць ПВК «Вагнер» у Беларусь. Гэта значыць, што ўсё абмяжоўваецца толькі наданнем нейкай юрысдыкцыі для ПВК «Вагнер», аб чым гаварылася падчас яго перамоваў з Прыгожыным у дзень спробы дзяржперавароту ў Расеі. А я мяркую, што 24 чэрвеня 2023 г. была менавіта спроба дзяржперавароту. Аднак мы цяпер бачым, што на тэрыторыі Беларусі размяшчаюцца палявыя лагеры для ПВК «Вагнер». Адзін з гэтых лагераў - гэта Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць, населены пункт Цэль. І ўжо з'явіліся фатаграфіі гэтых намётаў, драўляных насцілаў, якія абсталююцца для байцоў ПВК «Вагнер».

Гэтых лагераў будзе як мінімум тры на тэрыторыі Беларусі, што стварае сур'ёзную пагрозу, безумоўна, не толькі для насельніцтва нашай краіны, але і для самога рэжыму Лукашэнкі. Менавіта таму я думала, што ён усведамляе гэтыя пагрозы і паспрабуе ўсё ж супрацьстаяць планам Пуціна размясціць на тэрыторыі Беларусі вось гэтую ПВК. Але мы бачым, што ніякай суб'ектнасці сёння ў Лукашэнкі няма, і гэта прывядзе да дэстабілізацыі як у сітуацыі ўнутры краіны, так і да дэстабілізацыі самога рэжыму.

Чаму я думала, што ў яго выстарчыць мазгоў не размяшчаць іх на тэрыторыі Беларусі? Мы бачым, што сапраўды ён не ў стане сёння супрацьстаяць Пуціну і прымае на тэрыторыі краіны гэтых бандытаў, якія, перакананая, урэшце пойдуць супраць яго самога.

- Ты думаеш, што яго прымусілі пусціць «вагнераўцаў» у Беларусь?

- Хутчэй за ўсё. Альбо ён зусім звар'яцеў ад страху, бо як мяркуюць некаторыя эксперты, ён баіцца наступу беларускіх добраахвотнікаў з тэрыторыі Украіны і не давярае ўласнаму войску, якое не факт, што пойдзе супраць беларускіх добраахвотнікаў, а хутчэй пяройдзе на іх бок. І ў сувязі з гэтым ён разлічвае на ПВК «Вагнер». Але гэта такая бомба запаволенага дзеяння, бо галоўнай ахвярай у гэтай сітуацыі можа стаць сам Лукашэнка.

- Як беларускі народ можа абараняць сябе ў гэтай сітуацыі? Што рабіць?

- Што рабіць? Сітуацыя вельмі складаная. Вось што рабіць жыхарам акупаванага Крыма? Што рабіць жыхарам акупаванага Данбаса? Сітуацыя вельмі складаная для людзей у Беларусі, бо, вядома ж, усе знаходзяцца сёння пад прыгнётам такіх жахлівых рэпрэсій, якія чыняцца штодня вось ужо цягам трох гадоў. Але я перакананая, што сталае пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі нарэшце прывядзе да супрацьстаяння ў грамадстве. Бо людзі зараз пачынаюць разумець, што акрамя іх саміх іх ніхто не абароніць. Так, многія спадзяюцца сёння і на беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Але чым больш праходзіць часу, тым больш мацнее такая ўпэўненасць у людзей, што трэба абараняць сябе самім. І таму цяжка прагназаваць, якія будуць сцэнары, але тое, што можа быць нейкі сацыяльны выбух у сувязі з такім пагаршэннем сітуацыі ўнутры краіны, я не выключаю.

- Прыгожына заб'юць, як думаеш?

- Цяжка сказаць. Цяпер ён хаваецца. Дзе ён знаходзіцца - невядома дагэтуль. Відаць, на тэрыторыі Беларусі яго няма, бо ён разумее, чаго вартыя гарантыі Лукашэнкі ў гэтай сітуацыі. Канешне, дыктатар не можа даваць ніякіх гарантый сёння Прыгожыну. Сам Пуцін не аднойчы назваў яго здраднікам. Імаверна, будуць рабіцца далей спробы націснуць і на Прыгожына, і нейкім чынам расфармаваць яго ПВК. Таму што мы бачым, што цяпер у Расеі закрылі яго медыягрупу «Патрыёт», што Мінабароны скасавала кантракт з яго кейтэрынгавай кампаніяй «Канкорд». Мы бачым, што з ПВК не ўсе будуць перамешчаныя, дзякуй Богу, на тэрыторыю Беларусі, частка, відаць, з'едзе ў Афрыку, у Сірыю, частка застанецца.

- А ў Сірыі, дарэчы, былі ж затрыманні кіраўнікоў «Вагнера».

- Гэтую інфармацыю потым зняпраўдзілі. Таму мы не ведаем дакладна, што там адбылося, але мы бачым, што ўжо набор у ПВК на тэрыторыі Расеі спыняецца. Тыя з іх, хто застанецца ваяваць ва Украіне, відаць, будуць укладаць дамовы, груба кажучы, з Мінабароны Расеі.

Таму вельмі шмат пытанняў, цяпер цяжка штосьці прагназаваць. І адно з гэтых пытанняў: «А хто будзе фінансаваць ПВК «Вагнер» на тэрыторыі Беларусі?» Бо, як высветлілася, год таму Пуцін цынічна хлусіў, калі казаў, што ПВК «Вагнер» не фінансуецца з бюджэту Расеі. Сёння ўжо і ён сам, і яго міністр абароны Шайгу заяўляюць, што на ПВК «Вагнер» з бюджэту трацяцца мільярды даляраў.

Такім чынам, калі яны выходзяць з юрысдыкцыі Расеі і з'яўляюцца на тэрыторыі Беларусі, хто будзе фінансаваць, хто будзе карміць вось гэтыя тысячы «вагнераўцаў» на тэрыторыі Беларусі?

- А грошы яны любяць.

- А грошы, натуральна, яны вельмі любяць…

- Я нядаўна атрымаў мэйл ад чалавека з ПВК «Вагнер», які вісіць на сайце ў адкрытым доступе, з прапановай, што ён гатовы даць за грошы, за ганарар інтэрв'ю. Так што яны ўжо шукаюць новыя спосабы заробку. Бо там, відаць, кранікі перацяліся. Вось яны ўжо рассылаюць па замежжы ўсюды прапановы, што за ганарар, за грошы, платна гатовыя даваць інтэрв'ю.

- У кожным выпадку хочацца сказаць, што ўсё што, цяпер не адбываецца, адбываецца да лепшага. Бо мы назіраем, фактычна, распад Расеі.

Прыгожын - гэта ж такая першая ластаўка або «чорны лебедзь» для пуцінскага рэжыму. Стала зразумела, наколькі супярэчлівыя зараз настроі не толькі сярод насельніцтва, але і сярод эліт. Відаць, Прыгожын разлічваў на падтрымку расейскіх вайсковых элітаў, бо тое, што адбываецца з тым жа камандуючым Паветрана-касмічнымі сіламі Суравікіным, пацвярджае, што Прыгожын разлічваў на яго падтрымку ў дзень дзяржперавароту.

Цяпер вось Суравікін, відавочна, што сапраўды знаходзіцца пад арыштам. Ён не з'яўляецца нідзе, відавочна, таму Прыгожыну давялося адступіць і не давесці сваёй справы да канца. Хаця ў яго былі ўсе шанцы дайсці да Масквы.

Мы бачылі, што ён карыстаецца падтрымкай сярод вайскоўцаў, сярод сілавікоў. Паліцыя адмаўлялася супрацьстаяць ПВК «Вагнер», народ падтрымліваў, сустракаў кветкамі, апладысментамі. У прынцыпе Пуцін уцёк з Масквы, сталіцу ён пакінуў. Прыгожын цалкам мог захапіць уладу. Але, відаць, спыніўся, бо тыя людзі, на якіх ён разлічваў, яго не падтрымалі. І адзін з гэтых людзей, магчыма, Суравікін. Але ўся гэтая сітуацыя паказала, наколькі слабы і крохкі расейскі рэжым. Насамрэч мы перабольшваем яго сілу, перабольшваем яго моц. Думаю, што пасля, калі і не Прыгожын, то будуць з'яўляцца іншыя амбіцыйныя военачальнікі, якія захочуць узяць уладу свае рукі.

- Пуцін ужо збіты лётчык для сваіх жа?

- Прыгожын, фактычна, абнуліў Пуціна. Паглядзі, якая была істэрычная рэакцыя. Спачатку ён уцёк, потым зрабіў вельмі нервовы, ірваны такі зварот да народа, потым зладзіў нейкі міні-парад у Крамлі. А на нарадзе з сілавікамі было бачна, у якім Пуцін знаходзіцца разабраным стане.

- Дзе той альфа-самец, якога рабілі, стваралі?

- Не ведаю, па-мойму, там альфа-самцамі, калі і былі, то хутчэй яго двайнікі. Пасля вось гэтая паездка ў Дагестан, дзе ён нягледзячы на кавідныя абмежаванні, на жорсткі каранцін, якога Пуцін прытрымліваўся цягам некалькіх гадоў, ён стаў абдымацца з мясцовым насельніцтвам. Цяпер, кажуць, вось зноў у рэгіёны будуць актыўныя паездкі з боку Пуціна. Але ён спрабуе зрабіць выгляд, што трымае сітуацыю, што ён нібыта карыстаецца нейкай падтрымкай насельніцтва. Але ўсім відавочна, што кароль голы, усім відавочна, што гэта не так. І чым больш Пуцін спрабуе сутаргава даводзіць нам адваротнае, тым горш у яго атрымліваецца.

- Твая нядаўняя паездка ў Кіеў. Якія ўражанні? З кім сустракалася?

- У першую чаргу, акрамя палітычных сустрэч у Офісе прэзідэнта, я сустракалася з намеснікам міністра абароны Украіны, з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, з дарадцам Офіса Уладзіміра Зяленскага Міхаілам Падаляком, я сустракалася з беларускімі добраахвотніцкімі аб'яднаннямі. Важна было сустрэцца з беларусамі, якія сёння ваююць за Украіну. Гэта і полк імя Кастуся Каліноўскага, батальён «Тэрор», зараз ёсць падраздзяленне беларусаў у Другім Інтэрнацыянальным легіёне. Беларускіх падраздзяленняў становіцца ўсё больш. Я хацела акурат пагаварыць з гэтымі хлопцамі аб іх планах, аб тым, якая ім патрэбна падтрымка. І вось гэта былі галоўныя сустрэчы, дзеля якіх я паехала ў Кіеў.

- Што афіцыйны Кіеў, Офіс прэзідэнта Зяленскага, кажуць пра сітуацыю ў Беларусі, ці гатовы дапамагаць неяк ці наадварот чакаюць ад апазіцыі падтрымкі?

- Я не магу раскрываць сутнасць усіх размоў, якія праходзілі ў Офісе прэзідэнта Украіны. Але ёсць разуменне таго, што Беларусь сёння акупаваная як пракрамлёўскім рэжымам Лукашэнкі, так і расейскімі войскамі, якія фактычна знаходзяцца на тэрыторыі краіны, а іх колькасць увесь час павялічваецца.

Ёсць падзел, на шчасце, паміж рэжымам і народам. Ёсць разуменне, што народ не падтрымлівае гэты злачынны рэжым, выступае ў большасці сваёй супраць гэтай вайны і зазнае сёння жахлівыя рэпрэсіі.

Таму абмяркоўваюцца розныя сцэнары, як можна змяніць сітуацыю ў Беларусі. Вось, дарэчы, адзін з такіх самых рэальных сцэнараў агучыў міністр абароны Польшчы генерал Вальдэмар Скшыпчак, які сказаў, што беларускія добраахвотнікі могуць увайсці на тэрыторыю Беларусі і разам з гэтым могуць увайсці і войскі NAТO, а яны будуць падтрыманыя беларускім народам. І гэта праўда.

- Пачынаючы з 2023 года Польшча зафіксавала з боку Беларусі 12 тысяч спроб нелегальна перасекчы мяжу. Мы ведаем, што гэта маштабная акцыя з боку беларускага рэжыму. Што чакаць яшчэ ў гэтым плане? Ты думаеш, далей будуць правакаваць, дэстабілізаваць?

- Безумоўна, пагрозы з тэрыторыі Беларусі будуць зыходзіць заўсёды, пакуль Беларуссю кіруе пракрамлёўскі рэжым Лукашэнкі, гэта трэба дакладна разумець і самой Украіне, і краінам NATO. Польшча гэта цудоўна разумее, міграцыйная вайна доўжыцца ўжо два гады, штурмуецца бесперапынна польская мяжа, нядаўна нават былі абстраляныя польскія пагранічнікі. Сітуацыя вельмі напружаная. І сёння, мы ведаем, узмацняецца мяжа з боку Польшчы з Беларуссю. Сітуацыя будзе пагаршацца, калі не прымаць сур'ёзныя захады. Таму што ПВК «Вагнер, якая цяпер будзе размяшчацца на тэрыторыі краіны, ядзерныя ракеты, якія вось-вось будуць размешчаныя, - гэта ўсё стварае новыя і новыя страшныя пагрозы.

- Наташа, хацеў бы з табой яшчэ пагаварыць аб ядзернай зброі. Якія рызыкі, што ў Беларусі пачнецца выкарыстанне гэтага ўсяго?

- Па-першае, цяпер трэба зразумець, ці ёсць гэта ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі. Мяркуецца, што яна павінна прыбыць на тэрыторыі краіны акурат у гэтым месяцы, у ліпені. Лукашэнка заявіў, што яно ўжо там ёсць. Мы ведаем, што рыхтаваліся яшчэ старыя савецкія сховішчы для размяшчэньня гэтых ядзерных ракетаў. Называліся Берасцейская і Гомельская вобласці. Гэта непадалёк ад мяжы з Украінай. Я думаю, што гэтыя ракеты, напэўна, будуць на тэрыторыі Беларусі. Ці будуць іх выкарыстоўваць - гэта пытанне. У кожным выпадку яны будуць выкарыстоўвацца для ядзернага шантажу як Украіны, так і краін Захаду, гэта відавочна. Хто будзе імі кіраваць? Расея заяўляе, што яны будуць знаходзіцца выключна пад іх кантролем. Лукашэнка неаднаразова казаў, што ён таксама будзе браць удзел ва ўжыванні гэтай зброі. Пабачым, што з гэтага выйдзе. Цяпер яшчэ і размяшчэнне ПВК «Вагнер» на тэрыторыі Беларусі стварае дадатковую пагрозу. Напрыклад, амерыканскі гісторык Юры Фяльшцінскі мяркуе, што ПВК «Вагнер» можа захапіць гэтыя ядзерныя ракеты на тэрыторыі краіны з маўклівай згоды Пуціна і Лукашэнкі, а затым ужыць іх як супраць Украіны, так і супраць краін Захаду. І нібыта ў гэтай сітуацыі Пуцін і Лукашэнка могуць сказаць: «Ну, прабачце, мы ж не ведалі. Гэта ж бандыты захапілі ракеты і бамбанулі».

Вядома, здаецца, што гэта нейкая вельмі канспіралагічная версія, але з іншага боку, хто мог год таму выказаць здагадку, што на тэрыторыі Беларусі будуць гэтыя ядзерныя ракеты размяшчаць, хто паўтара гады таму мог выказаць здагадку, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ўвойдуць расейскія войскі? Цяпер час ажыццяўлення самых вар'яцкіх сцэнараў.

- А яшчэ, улічваючы той факт, што Лукашэнка ўжо ў агоніі

- Яны абодва ў агоніі: і Пуцін, і Лукашэнка. Таму яны, вядома, могуць пайсці на самыя жахлівыя крокі, і ў свеце гэта павінны дакладна ўсведамляць. Бо калі іх не спыніць цяпер, то сцэнары, сапраўды, могуць быць самыя розныя. І ў гэтай сітуацыі неабходна, вядома, жорсткая рэакцыя з боку як Еўразвяза, так і ЗША, агулам з боку NATO. Ужо немагчымыя нейкія проста словы занепакоенасці тым, што адбываецца, трэба ўжываць жорсткія захады.

- Успомнілі аб NATO. Неўзабаве адбудзецца саміт у Вільні. Якія чаканні?

- Цяжка сказаць пра чаканні. Таму што найперш вялікае чаканне ва Украіны ад гэтага саміту NATO. Давайце паглядзім. Але што да Беларусі, то апроч санкцыяў, пра якія я казала, неабходны таксама больш дакладны план дзеянняў NATO ў выпадку, калі на тэрыторыі Беларусі будуць размешчаныя ядзерныя ракеты і будзе дыслакавацца ПВК «Вагнер».

Калі гэтага не зрабіць, будуць сур'ёзныя пагрозы для ўсяго рэгіёна. Фактычна Беларусь ператвараецца ў такі цэнтр міжнароднага тэрарызму і ядзернага шантажу. Таму неабходна, акрамя ўзмацнення санкцыйнага рэжыму, увогуле перакрываць транзіт тавараў праз тэрыторыю Беларусі, спыняць усякі гандаль з гэтым рэжымам. Таму што інакш мы не зможам ацверазіць вось гэтых двух дыктатараў, якія сёння гатовыя ісці на самыя страшныя злачынствы. І ў крайнім выпадку цалкам магчыма (пра гэта гавораць ужо многія дыпламаты) увядзенне міратворчага кантынгенту NATO паводле мандату ААН на тэрыторыю Беларусі.

- Наколькі гэта рэальна?

- Гэтага трэба дамагацца, разумееце. Вось, напрыклад, нядаўна адбылася гістарычная падзея: Міжнародная арганізацыя працы выкарыстала ў дачыненні да Беларусі 33 артыкул Статута МАП, які ўводзіць гандлёвае эмбарга ў дачыненні да Беларусі. Цяпер справа за тым, каб нацыянальныя ўрады прыслухаліся да рэкамендацыі МАП і ўжылі вось гэты 33 артыкул. Беларуская апазіцыя дамагалася гэтага з 2003 года, нарэшце праз 20 гадоў гэта адбылося. Таму калі дамагацца, калі казаць пра неабходнасць увядзення міратворчага кантынгенту NATO на тэрыторыю Беларусі, то гэта нарэшце адбудзецца.

- Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўсё часцей і часцей на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, на акупаваных тэрыторыях, мы чуем, як іх называюць расейцы, «бавоўны», выбухі, пажары. Зразумела, што ўкраінская выведка і спецслужбы не гавораць, што гэта яны, але зразумела ўсім, якім чынам гэта адбываецца. На твой погляд, ці варта ўкраінскім спецслужбам такую дзейнасць арганізоўваць актыўна на тэрыторыі Беларусі ў такіх месцах, дзе, напрыклад, лагеры «вагнераўцаў» будуць?

- Безумоўна варта. Калі ішоў масаваны ракетны абстрэл украінскіх гарадоў з тэрыторыі Беларусі, мы казалі проста: «Украіна мае права наносіць зваротныя ўдары па вайсковых аб'ектах у Беларусі». Чамусьці гэтага не адбывалася і зараз, як ні дзіўна, не адбываецца нават тых акцый, якія мы бачым сёння ў Расеі. Хаця ёсць прыклад Белгародскай вобласці, і вось што ён паказаў. Як толькі ў Белгародскую вобласці ўвайшоў Рускі добраахвотніцкі корпус, адтуль былі выведзеныя ядзерныя боегалоўкі. Вось гэта наўпроставы адказ на пытанне наконт пагрозаў з ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі, што можна зрабіць.

- Каліноўцам варта заходзіць?

- Каліноўцы, трэба разумець, частка УСУ. Вядома ж, беларускія добраахвотнікі, з многімі з якіх я сустракалася, калі нядаўна была ў Кіеве, гатовы ісці ў Беларусь, яны і прыехалі ва Украіну ваяваць з надзеяй, што наступнай стане Беларусь. Бо людзі ідуць туды не толькі для таго, каб дапамагчы Украіне, а каб пасля дапамагчы сваёй уласнай краіне. Канешне ж, пастанову аб якіх-небудзь акцыях на тэрыторыі Беларусі павінна прымаць кіраўніцтва Украіны.

- Што ў далейшым будзе вызначаць ход вайны?

- Салідарнасць, натуральна, падтрымка з боку Захаду. Гэта вельмі важна. Я вось не сумняваюся ў мужнасці ўкраінцаў, якія будуць змагацца за сваю краіну да апошняга салдата, да апошняга патрона. Але, вядома, Украіне сёння неабходна ўсебаковая падтрымка з боку Захаду. Гэтая падтрымка ні ў якім разе не павінна слабець, не павінна быць ніякай стомленасці, на якую ў апошні час неяк скардзяцца еўрапейскія палітыкі. Пра гэта гавораць самі ўкраінцы. Вайна павінна скончыцца выключна перамогай Украіны.

- Што будзе вызначаць развіццё сітуацыі ў Беларусі найбліжэйшым часам?

- Развіццё сітуацыі ў Беларусі таксама залежыць, вядома ж, ад сітуацыі ва Украіне. Гэта безумоўна. І вораг у нас агульны - гэта рэжым Пуціна і Расея. І, канешне ж, чым больш удараў наносіцца па рэжыме Пуціна, чым больш хаосу ў самой Расеі, чым слабейшы рэжым Пуціна, тым больш шанцаў у беларусаў дабіцца свабоды для сваёй краіны.

- Як прымусіць Расею спыніць вайну ў агляднай будучыні? Бо ёсць сцэнары такія, што гэта будзе нейкая бясконцая гісторыя.

- Пастаўкамі ўсіх неабходных узбраенняў: і знішчальнікаў, і цяжкай тэхнікі, і танкаў Украіне. Ну і ўзмацненнем санкцыйнага ціску на саму Расею.

- У Гаазе нядаўна быў створаны Міжнародны цэнтр расследавання вайны Расеі супраць Украіны. Многія эксперты гавораць, што гэта вось такая база для таго, каб потым запускаць ужо працэдуру, трыбунал, на якім будуць судзіць ваенных злачынцаў. Як ты мяркуеш, на лаве падсудных акрамя грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, адказных за ўсё гэта, павінен сядзець Лукашэнка?

- Безумоўна. Ён такі ж агрэсар як і Пуцін у гэтай вайне. Больш за тое, Лукашэнка павінен адказаць за тыя злачынствы, якія ён учыніў супраць беларускага народа, а гэтых злачынстваў вельмі шмат. Акрамя таго, ён павінен адказаць і за Бучу, і за Ірпень, і за Барадзянку. Таму што менавіта з тэрыторыі Беларусі з яго дазволу ўваходзілі расейскія войскі ва Украіну і чынілі вось гэтыя вось жахлівыя злачынствы.

- А як думаеш, сам Пуцін дажыве да Гаагі ці яго там дзесьці свае грымнуць раней?

- Хацелася б, каб дажыў. Вось хацелася б, каб на лаве падсудных ён усё ж апынуўся і хацелася б, вядома, асэнсавання расейскім народам тых жахлівых злачынстваў, якія расейцы робяць сёння ва Украіне. Што адбылося пасля Другой сусветнай вайны, калі была знішчаная такая колькасць людзей, калі былі забітыя шэсць мільёнаў габрэяў? Бо ўсе, у першую чаргу - сама Нямеччына, жахнуліся ад таго, што адбылося. І ўвесь Захад пераасэнсоўваў гадамі, дзясяцігоддзямі тое, што адбылося. А Расея ж не асэнсавала зусім вось тыя жахлівыя рэпрэсіі, якія чынілі савецкія правадыры, у першую чаргу - Сталін, цягам дзясяцігоддзяў, калі загінулі блізу ста мільёнаў чалавек. Яны не пераасэнсавалі гэта, таму стала магчымай і сённяшняя вайна ва Украіне.

- Таму Сталін уваскрэс.

- Так, фактычна для іх Сталін - гэта кумір, што для Пуціна, што для Лукашэнкі.

- Заканчваючы ўжо нашу праграму, хацеў бы папрасіць цябе такія найбольш, на твой погляд, рэалістычныя прагнозы наконт нашай будучыні і ў кантэксце вайны, і ў кантэксце таго, што ў Беларусі будзе адбывацца. Як ты бачыш?

- Глядзі, мы можам з табой аналізаваць, прагназаваць, але ніхто не ведае, што можа адбыцца і не тое што заўтра, а праз хвіліну, праз 15 хвілін, праз гадзіну. Хто прагназаваў, што будзе прыгожынскі бунт ці дзяржпераварот 24 чэрвеня? Былі здагадкі некаторых экспертаў, але ўсё адно такі сцэнар мала хто меркаваў.

Таму ў кожны момант можа прыляцець гэты «чорны лебедзь» і яны будуць лётаць зграямі, будзе мяняцца ўся сітуацыя. Адзінае, што можна прадказаць, - гэта тэндэнцыю. А тэндэнцыя такая, што Расея, безумоўна, саступіць у гэтай вайне. А Украіна і Беларусь будуць вольныя.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках