6 траўня 2024, панядзелак, 23:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пуцін расправіцца з Лукашэнкам за ўдзел у мяцяжы Прыгожына»

26
«Пуцін расправіцца з Лукашэнкам за ўдзел у мяцяжы Прыгожына»

Сітуацыя ў Расеі развіваецца ў спрыяльным для беларусаў кірунку.

Што значыць для Лукашэнкі смерць завадатара ПВК «Вагнера» Яўгена Прыгожына? Ці даруе «пахан усёй Расеі» беларускаму дыктатару здраду? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.

- Як смерць Прыгожына ўплывае на сітуацыю ў Расеі?

- Калі праводзіць гістарычныя паралелі, чуў такую версію, што забойства Прыгожына нагадвае ліквідацыю кіраўніка штурмавых атрадаў гітлераўскай Нямеччыны Эрнста Рэма. Аднак у гэты момант Гітлер толькі прыходзіў да ўлады, быў энэргічным і магутным. Калі праводзіць паралелі з гітлераўскай Нямеччынай, забойства Прыгожына нагадвае наступствы мяцяжу, у якім ўзялі ўдзел нямецкія генералы ў канцы вайны – у 1944 годзе, калі Гітлер цудам выжыў.

Сёння стан здароўя Пуціна нагадвае стан здароўя Гітлера ў той перыяд.

Можна сказаць, што сёння Расеяй кіруе калектыўны Пуцін. Хутчэй за ўсё, Уладзімір Уладзіміравіч даўно ўжо не можа паўнацэнна выконваць кіруючыя функцыі. Фактам з'яўляецца выкарыстанне двайнікоў. Якраз Лукашэнка і Прыгожын, якія часта сустракаліся з Пуціным, добра ведалі аб рэальным становішчы спраў. Менавіта таму і ўзнік мяцеж. Тут у Пуціна не застаецца ніякіх шанцаў, каб доўга ўтрымліваць уладу, ён можа толькі рэагаваць на тое, што адбываецца.

Сама смерць Прыгожына паскарае працэсы развалу пуцінскага рэжыму.

- У пачатку мяцяжу вы вылучылі версію, што Лукашэнка ўдзельнічаў у змове на баку Прыгожына. Паводзіны і словы беларускага дыктатара пасля смерці кіраўніка «Вагнера» пацвярджаюць вашу версію?

- У двух словах нагадаю. І Прыгожын, і Лукашэнка разлічвалі, што ў той канкрэтны момант Пуцін вельмі слабы, разлічвалі на падтрымку вайскоўцаў. Нядаўняя адстаўка генерала Сяргея Суравікіна аб гэтым сведчыць. Як і заява Лукашэнкі аб тым, што ён быў гатовы перакінуць брыгаду спэцназу ў Маскву. А не для абароны Масквы ён гэта жадаў зрабіць, а каб удзельнічаць у мяцяжы на баку путчыстаў.

Аднак нешта пайшло не так, большасць вайскоўцаў на той момант не падтрымала бунт Прыгожына, Лукашэнку давялося рабіць усё, каб выступіць нібыта перагаворшчыкам і схаваць кіраўніка «Вагнера» на сваёй тэрыторыі. Пуцін урэшце расправіўся з Прыгожыным. Цяпер, праз два месяцы, Пуціну і яго клану – Шайгу, Патрушаву – выдатна вядома, хто ўдзельнічаў у мяцяжы.

Натуральна, што Лукашэнка перапалоханы, бо «пахан ўсяе Расеі» не можа дараваць здрады. Толькі Прыгожына лягчэй замяніць, а ў той сітуацыі, якой аказалася Расея, Лукашэнку замяніць больш складана. Аднак я ўпэўнены, што Крэмль абавязкова расправіцца з ім, і апошні гэта добра разумее.

- Лёс Лукашэнкі прадвызначаны?

- Уся гэтая смута дэстабілізуе нашых ворагаў, але нам важна, каб Беларусь стала дэмакратычнай. Так, лёс Лукашэнкі прадвызначаны, але ў якой сітуацыі апынецца Беларусь? Гэта будзе залежаць толькі ад саміх беларусаў, ад тых людзей, якія называюць сябе лідарамі. Мы павінны быць гатовы да таго, што сітуацыя ў рэгіёне зменіцца настолькі, што нам трэба будзе вяртацца ў Беларусь, а людзям унутры краіны вельмі актыўна дзейнічаць, таму што галоўнае для ўсіх нас – лёс нашай радзімы. А пакуль падзеі развіваюцца ў вельмі спрыяльным для нас кірунку.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках