У Грэцыі студэнты выйшлі на пратэсты
2- 11.01.2024, 21:05
- 3,112
Праз план ураду датычна прыватных універсітэтаў.
Тысячы грэцкіх студэнтаў выйшлі на мітынгі ў Афінах і іншых гарадах у чацвер на знак пратэсту супраць запланаваных адукацыйных рэформаў, якія дазволяць увесці ў краіне прыватныя ўніверсітэты.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Чакаецца, што кансерватыўны ўрад прэм'ер-міністра Кірыякаса Міцатакіса ў гэтым месяцы падасць у парламент законапраект, які дазволіць прыватным універсітэтам працаваць у Грэцыі.
Урад заявіў, што яны будуць працаваць як філіялы замежных універсітэтаў. Многія мяркуюць, што гэты крок абясцэніць дыпломы дзяржаўных універсітэтаў Грэцыі, а прыватная сістэма выключыць тых, хто не можа сабе гэтага дазволіць.
Паводле словаў студэнткі Крысціны Іліяпулу, якая далучылася да пратэсту ў Афінах, гэтыя змены «разарвуць на часткі дзяржаўны ўніверсітэт, якім мы яго ведалі»: «Гэта разбурыць наша паўсядзённае жыццё з гледзішча таго, як мы зможам знайсці працу пасля заканчэння вучобы».
Пратэсты былі пераважна мірнымі, але ў Афінах адбылася кароткая сутычка паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, якая ўжыла слезацечны газ.
Універсітэты ў Грэцыі – гэта фінансаваныя ўрадам установы, наведванне якіх цягам дзесяцігоддзяў было бясплатным.
Але ў мінулым Грэцыя ажыццявіла шэраг адукацыйных рэформаў, нягледзячы на жорсткі супраціў студэнтаў і выкладнікаў.
Урад сцвярджае, што рэформа ўмацуе эканоміку, запрашаючы ў краіну блізу 40000 студэнтаў, якія цяпер вучацца за мяжой, і спыніць адток мазгоў навукоўцаў, выкліканы пазыковым крызісам 2010–2018 гадоў.
На мінулым тыдні ўрад заявіў, што навучальныя праграмы прыватных універсітэтаў будуць адпавядаць вельмі строгім акадэмічным стандартам, дадаўшы, што рэформа таксама вызваліць дзяржаўныя ўніверсітэты ад бюракратыі і ўзмоцніць іх самакіраванне.