У цэнтры Варшавы прайшла масавая акцыя апазіцыі
- 11.01.2024, 21:23
- 9,352
Людзі выйшлі на вуліцу пасля арышту экс-кіраўніка МУС Польшчы і ягонага намесніка.
У цэнтры Варшавы прайшла масавая акцыя прыхільнікаў найбуйнейшай польскай апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць». Людзі выйшлі на вуліцу пасля арышту экс-кіраўніка МУС Марыюша Каміньскага і ягонага намесніка Мацея Вонсіка. Яны былі затрыманыя на ініцыятыву новага ўраду Дональда Туска. У партыі назвалі гэта расправай над апазіцыяй, а саміх арыштаваных – першымі палітычнымі вязнямі ў Польшчы з часоў падзення камуністычнага рэжыму.
Тысячы пратэстоўцаў сабраліся ля сейма Польшчы а 16-й (18:00 паводле Менска). Пасля мітынгу яны накіраваліся маршам па вуліцах Варшавы. Арганізатары назвалі імпрэзу «Марш свабодных палякаў». Дакладная колькасць удзельнікаў пакуль не называецца, але прадстаўнікі партыі раней заявілі, што збяруць сама меней 50 тысячаў чалавек. Бяспеку арганізуюць тры тысячы паліцыянтаў.
Удзельнікі акцыі прыйшлі на пратэст з бела-чырвонымі дзяржаўнымі сцягамі Польшчы і транспарантамі з антыўрадавымі лозунгамі. Апроч арышту Каміньскага незадаволенасць людзей таксама звязаная з пастановамі ўраду датычна дзяржаўных СМІ.



