Прэм'ер Брытаніі наведаў у Кіеве шматпавярховік, куды патрапіла расейская ракета
3- 12.01.2024, 21:13
- 8,678
У ёй жыло больш за 700 чалавек.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак падчас працоўнай паездкі ў Кіеў наведаў разбіты акупантамі шматпавярховік. Пра гэта паведаміў міністр унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка.
Паводле ягоных словаў, Рышы Сунак наведаў месца, куды патрапіла расейская ракета. У шматпавярхоўцы жыло больш за 700 чалавек. У выніку ўдару загінулі чатыры чалавекі, яшчэ 50 атрымалі раненні рознай ступні цяжкасці.
– Разам з Рышы Сунакам і намеснікам кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Аляксеем Кулебам падзякавалі ратавальнікам ДСНС, якія першымі прыехалі на месца здарэння і даставалі пацярпелых з-пад завалаў. Таксама пагутарылі з жыхарамі, якія страцілі жыллё і транспарт, але не страчваюць упэўненасці ў перамозе Украіны. Вялікая Брытанія з'яўляецца нашай надзейнай і магутнай партнёркай, сяброўкай. Падпісаная сёння двухбаковая дамова бяспекі – вынік маштабных намаганняў Прэзідэнта Украіны і Офіса Кіраўніка дзяржавы. Гэта гістарычны крок на шляху атрымання гарантый бяспекі для Украіны, – падкрэсліў Кліменка.

