20 жнiўня 2026, Чацвер, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аёва першай сярод амэрыканскіх штатаў выбірае кандыдата ў прэзідэнты

47
Аёва першай сярод амэрыканскіх штатаў выбірае кандыдата ў прэзідэнты
Дональд Трамп

У рэспубліканцаў лідэруе Дональд Трамп.

Амэрыканскі штат Аёва зноў апынуўся ў цэнтры амэрыканскай палітыкі — тут у панядзелак пачынаецца сэзон выбараў кандыдатаў у прэзідэнты, піша ВВС.

Сёлета дэмакраты крыху памянялі расклад, але рэспубліканцы засталіся вернымі традыцыі, якой ужо паўстагоддзя, і першыя выбары кандыдата праводзяць 15 студзеня менавіта ў Аёве.

У Аёве кокусы (выбары кандыдатаў) у рэспубліканцаў і дэмакратаў праходзяць па-рознаму. У 2020 годзе дэмакраты змянілі працэдуру: выбіраць намінанта будуць праз пошту, і потым абвесцяць аб выніках.

Рэспубліканцы ж, як і раней, збяруцца на кожным пункце (зазвычай у школе, грамадскім цэнтры або іншым падобным месцы) — у панядзелак увечары. Выбаршчыкі, якія маюць права голасу, спачатку абмяркуюць кандыдатаў, а потым напішуць імя свайго фаварыта на аркушы паперы і перададуць яго старшыні сходу. Той падлічыць галасы і перадасць іх у партыйную сядзібу штата, якая падлічвае і публікуе вынікі, зазвычай на працягу некалькіх гадзін.

На рэспубліканскі нацыянальны з'езд, дзе будзе абраны кандыдат у прэзідэнты ад партыі, адправяцца 40 дэлегатаў ад Аёвы.

Трамп лідэруе

У суботу-нядзелю з экранаў тэлевізараў у барах і рэстарацыях Аёвы амаль бесперапынна ліліся палітычныя заявы, у дварах і ў вокнах з'явіліся агітацыйныя плакаты.

Выбаршчыкаў-рэспубліканцаў найперш хвалююць пытанні бяспекі меж і эканомікі. У гонцы за намінацыю лідэруе былы прэзідэнт Дональд Трамп. За другое месца разгарнулася сур'ёзная барацьба: паводле апытанняў, былы амбасадар у ААН Нікі Гэйлі і губернатар Фларыды Рон ДэСантыс ідуць амаль нараўне, хоць паводле апошняга апытання Гэйлі крыху выпярэджвае ДэСантыса — 20% супраць 16% адпаведна.

Паводле апытання Des Moines Register/NBC News/MediaCom 48% асоб, што мерацца браць удзел у кокусах, ахвочыя галасаваць за Трампа, 20% аддаюць перавагу былому губернатару Паўднёвай Караліны і амбасадару ЗША ў ААН Нікі Гэйлі, 16% – губернатару Фларыды Рону ДэСантысу, рэйтынгі астатніх кандыдатаў не перавышаюць 10%.

У снежаньскім апытанні DMR/NBC Трамп набіраў 51%, а ў кастрычніцкім — 43%, у той час як ягоныя галоўныя спаборнікі ў абодвух выпадках не набіралі і 20%.

«Я амаль упэўнены, што Трамп пераможа, бо ўсе, большасць людзей, з якімі я размаўляю, за яго», – кажа Джо Ван Гінкель, разграбаючы ў двары снег, які ўжо двойчы за тыдзень засыпаў Аёву.

Ван Гінкель — старшыня Рэспубліканскай партыі акругі і, як і шмат якія іншыя мясцовыя партыйныя дзеячы, падтрымлівае Трампа.

«Я думаю, ёсць шмат прычын, з якіх людзі падтрымліваюць яго. Ён добра папрацаваў, калі быў прэзідэнтам», — кажа Ван Гінкель.

Ягоная жонка, аднак, ладзіцца галасаваць за Нікі Гэйлі, бо не ўсё з таго, што Трамп казаў на публіцы, ёй падабаецца.

Іншы прыхільнік Трампа, Майк Уільямс, які працуе ў сферы таварных перавозак, прызнае, што былы прэзідэнт мае "шмат багажу", маючы на ўвазе мноства судовых спраў супраць яго. Але ён мяркуе, што, прыйшоўшы да ўлады, Трамп развяжа праблемы, якія хвалююць асабіста Уільямса: «Эканоміка, мяжа, усё. Цяпер усё дрэнна».

Нават сярод тых, хто яшчэ не вызначыўся з тым, каму аддаць свой голас, існуе меркаванне, што Трамп усё адно атрымае прэзідэнцкую намінацыю.

«Мне падабаюцца ўсе нашы кандыдаты, — кажа Браян Мун, уладальнік бара ў сталіцы Аёвы, месце Дэ-Мойн. — Калі б можна было зрабіць супэркандыдата, каб узяць крыху ад аднаго і крыху ад другога, я быў бы шчаслівы. Але так не бывае».

Адказваючы на пытанне, чым растлумачыць першынство Трампа ў штаце, ён сказаў: «Нягледзячы на тое, што ён мільярдэр, ён сапраўды звычайны чалавек. Яму падабаецца выступаць, ён цікавы, самакрытычны, і я думаю, што гэта дапамагае яму наладзіць стасункі з людзьмі ў Аёве».

Іншыя кандыдаты

Прыхільнікі іншых кандыдатаў збольшага націскаюць на тлум, якая не цішэе вакол былога прэзідэнта з моманту, калі ён пакінуў пасаду, і кажуць, што хацелі б пачаць партыйную палітыку з чыстага аркуша.

34-гадовы Рональд Форсэл мяркуе, што Нікі Гэйлі — гэта шанец для Рэспубліканскай партыі націснуць клавіш пераладавання.

«Нам трэба выйсці з гэтай эпохі, у якой дамінуе толькі тое, што нехта напісаў у твітары, або нечая незадаволенасць, — кажа ён. - Такое адчуванне, што апошнія шэсць-восем гадоў мы ідзём ад аднаго крызісу да другога, і я думаю, што Гэйлі дасць нам магчымасць весці прадметныя дыскусіі ў іншых пытаннях».

Прыхільнікаў Рона ДэСантыса прывабліваюць ягоная палітыка на пасадзе губернатара Фларыды, у тым ліку нежаданне ўводзіць лакдаўн падчас пандэміі ковіда і забарону на выкладанне гендэрнай ідэнтычнасці ў школах.

«Дональд Трамп быў бы маім іншым кандыдатам, але ён гаворыць толькі пра тое, што ён ужо зрабіў, — кажа Джэніфэр Тэрнэр, 41 г од, з Урбандэйла. — Нешта я не чую, што ён мерыцца зрабіць або як ён мерыцца гэтага дамагчыся».

Некаторыя жыхары штата ахвочыя галасаваць за ўсякага кандыдата, абы той змог перамагчы Джо Байдэна, які напэўна пераможа ў намінацыі ад Дэмакратычнай партыі. Аднак яны баяцца, што сфармаваць шырокую кааліцыю за рэспубліканскага кандыдата на агульнанацыянальным узроўні будзе няпроста.

Чатыры суды і 50 праймэрыз

Сам жа Трамп, прыбыўшы ў гатэль у Дэ-Мойне ў суботу ўвечары, тут жа пажаліўся на мінусавую тэмпературу, праз якую яму давялося скасаваць большасць сваіх перадвыбарных акцый у канцы тыдня.

«Сёння маем шмат сустрэч, у нас усё добра, маем вялізную падтрымку. Але на дварэ агідна», — сказаў Трамп журналісту.

Зазвычай у год прэзідэнцкіх выбараў кандыдаты праводзяць усе 10 месяцаў да дня выбараў, паціскаючы рукі і цалуючы немаўлят на мітынгах падчас праймэрыз.

Трампу, аднак, сёлета давядзецца дзяліць час паміж барацьбой за Белы дом і рэгулярнымі візітамі ў федэральныя суды і суды штатаў у чатырох розных судовых працэсах, якія будуць ісці са студзеня да траўня.

Першы з іх, у справе аб кампенсацыі шкоды Джын Кэрал, пачнецца ў дзень кокусаў у Аёве, а федэральны працэс у справе аб абыходжанні з сакрэтнымі дакументамі пачнецца за месяц да з'езда Рэспубліканскай партыі.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках