У Мюнхене развіталіся з Францам Бекенбаўэрам
3- 19.01.2024, 21:54
- 6,576
На развітанне з легендарным нямецкім футбалістам прыйшлі 20 тысячаў чалавек, а з прамовай выступіў прэзідэнт ФРГ.
У Мюнхене ў пятніцу, 19 студзеня, прайшла цырымонія развітання з легендарным нямецкім футбалістам Францам Бекенбаўэрам, які памёр ва ўзросце 78 гадоў. На цырымоніі, якая прайшла на стадыёне футбольнага клуба «Баварыя», сабраліся 20 тысячаў чалавек, у тым ліку прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і канцлер ФРГ Олаф Шольц, паведамляеDW.
«Мы не проста развітваемся з футбалістам сусветнага ўзроўню. Мы развітваемся з вялікім чалавекам», – падкрэсліў у сваёй прамове Штайнмаер, назваўшы Бекенбаўэра ўзорам для пераймання і «шчаслівай падзеяй для нас усіх».
«Ніхто не можа па-сапраўднаму ацаніць, наколькі станоўча Франц Бэкенбаўэр паўплываў на нашу краіну і колькі сімпатыі ён прынёс нам ва ўсім свеце. Ён зрабіў паслугу Нямеччыне. І ён падараваў гэтай краіне не толькі футбольную летнюю казку, але і новы, прыязны погляд на сябе, мы гэта не забудземся», – сказаў прэзідэнт ФРГ, адсылаючы да Чэмпіянату свету ў футболе ў Нямеччыне ў 2006 годзе.
У цырымоніі ўзялі ўдзел у тым ліку прэм'ер-міністр Баварыі Маркус Зёдэр, прэзідэнт футбольнага клуба «Баварыя» Герберт Хайнер, дзейныя і мінулыя гульцы нацыянальнай каманды Нямеччыны разам з трэнерамі, прэзідэнты Бундэслігі, ФІФА і УЕФА.
Адзін з найлепшых абаронцаў у гісторыі футболу
Франц Бекенбаўэр уважаецца за аднаго з найлепшых абаронцаў XX стагоддзя. Асноўную частку кар'еры ён правёў у мюнхенскай «Баварыі». Ён згуляў у бундэслізе больш за 400 матчаў, больш за 100 – у складзе нямецкай каманды.
Бекенбаўэр двойчы перамагаў на чэмпіянаце свету ў футболе: першы раз у 1974 годзе – як гулец, у другі ў 1990 годзе – як трэнер. Акрамя таго, ён двойчы станавіўся ўладальнікам «Залатога мяча», і тройчы – Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў. Футбалістам года ў ФРГ Франц Бекенбаўэр прызнаваўся чатыры разы. З 1994 да 2009 года Бекенбаўэр быў прэзідэнтам клуба «Баварыя». Ён быў таксама кіраўніком аргкамітэта ЧС-2006 у футболе ў Нямеччыне.