Bloomberg назваў «практычна мёртвай» нацвалюту Зімбабвэ
- 24.01.2024, 21:27
- 8,060
З Зімбабвэ актыўна супрацоўнічае рэжым Лукашэнкі.
Ураду Зімбабвэ давядзецца прыняць той факт, што нацыянальная валюта зімбабвійскі даляр зноў "практычна мёртвая" і гэта вядома насельніцтву і бізнэсу, піша Bloomberg.
Паводле звестак агенцтва, для набыцця хлеба ў Зімбабвэ за мясцовую валюту неабходна адлічыць 100 буйных купюраў. Цяпер самым вялікім наміналам валодаюць 100 зімбабвійскіх даляраў, што складае менш за 1 амерыканскі цэнт. Bloomberg піша, што ў 2024 годзе валюта краіны страціла траціну свайго кошту ў адносінах да даляра ЗША.
Кіраўнік Цэнтрабанка Зімбабвэ Джон Мангудзья тлумачыць такую тэндэнцыю "часовай стратай даверу". Міністр фінансаў Мтулі Нкубэ і прэзідэнт Эмерсан Мнангагва раней абвінавацілі ў падрыве курсу даляра Зімбабвэ прыватны бізнэс, фондавую біржу, банкі, заходнія санкцыі супраць мясцовых палітыкаў, а таксама адну з найбуйнейшых страхавых кампаній Афрыкі, піша Bloomberg.
Агенцтва адзначае, што Нкубэ, які паўторна ўвёў у абарачэнне мясцовую валюту ў 2019 годзе, абвясціў пра планы скараціць попыт на амерыканскі даляр, павялічыўшы яго прапанову на рынку, але праігнараваў факт, што дзяржаўная казна пустая.
Прагнозы пра рост курсу даляра Зімбабвэ здаюцца нязбытнай марай на фоне "вольнага падзення" эканомікі краіны, піша выданне. Паводле ягоных звестак, большасць насельніцтва ўнікае выкарыстоўваць нацвалюту: 80 адсоткаў транзакцый ажыццяўляецца ў далярах ЗША. Напрыклад, наведвальнікі рэстаранаў, якім прад'яўляюць рахункі з некалькімі нулямі, як правіла, знаходзяць "больш зразумелую суму ў цвёрдай валюце" на адваротным баку, адзначае Bloomberg.
Высокі ўзровень інфляцыі назіраецца ў краіне з 2008 года, калі рост коштаў у гадавым выразе дасягнуў 231 млн адсоткаў. Цэнтрабанк Зімбабвэ неаднаразова друкаваў банкноты з рэкорднай колькасцю нулёў, і яны хутка абясцэньваліся. На стан 31 снежня 2008 года, пасля вынятку з абароту мясцовай валюты сумы на банкаўскіх рахунках былі канвертаваныя ў суадносінах 35 квдрлн даляраў Зімбабвэ за 1 даляр ЗША. У 2019 годзе зімбабвійскі даляр вярнулі ў абарачэнне.
У студзені 2023 года інфляцыя ў Зімбабвэ дасягала 230%. Для барацьбы з ростам коштаў Рэзервовы банк краіны падняў стаўку са 150% да 200%. Аднак у траўні 2023 года інфляцыя паскорылася.