«Атрымліваецца нонсэнс»
6- 13.05.2026, 12:57
- 2,440
У Лукашэнкі сапраўдны кадравы голад.
12 мая Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Руслана Пархамовіча старшынём Гомельскага гарвыканкама. Да гэтага ён займаў пасаду памочніка Лукашэнкі — інспектара па Гомельскай вобласці. То бок фактычна быў у арганах кантролю, піша «Флагшток».
З размовы Лукашэнкі з Пархамовічам, прыведзенай у дзяржаўных СМІ, вынікае, што ён сам хацеў атрымаць пасаду старшыні гарвыканкама:
«Я больш схільны да практычнай дзейнасці. Паспрабаваў сябе ў розных іпастасях. Але праца «ў полі», напэўна, для мяне больш зручная. Я даволі глыбока пагружаны ў сітуацыю ў другім па велічыні горадзе нашай краіны. Бачу, што для горада ёсць перспектывы. Трэба заняцца камуналкай, будаўніцтвам. Трэба заняцца таксама аховай здароўя і адукацыяй. Ёсць апорныя пункты. Але ў горада дастаткова рэзерваў».
Прыкметай таго, што чыноўнік, пераведзены год таму з Мінска ў Гомель, мае намер асесці ў абласным цэнтры, можа служыць факт, што для ягонай жонкі яшчэ паўгода таму падшукалі ў Гомелі цёплае месца, пра што распавядалі журналісты, — пасаду галоўнага ідэолага аўтапарка.
Сам факт прызначэння кіраўніком выканкама чыноўніка з сістэмы кантролю агаляе старую кадравую праблему: бракуе чыноўнікаў вышэйшага звяна. Выходзіць нонсэнс: раней Пархамовіч кантраляваў старшыню аблвыканкама Івана Крупко, а цяпер пераведзены яму ў падпарадкаванне.
Негатыўным фактарам можна назваць і тое, што для Пархамовіча горад чужы — ён нарадзіўся ў Магілёве, там і працаваў, а пазней — у Мінску.
Што да Уладзіміра Прывалава, які кіраваў Гомелем з 2022 года, дык для яго адстаўка, падаецца, таксама была жаданая. Наколькі вядома «Флагштоку», ужо цягам года ў мясцовых органах улады хадзілі чуткі, што Прывалаў меціць у Мінск, каб перайсці на новы ўзровень кар'ернай лесвіцы.
Паводле звестак, якія пераказваюць адзін аднаму ў выканкамах і адміністрацыях, у Прывалава ёсць знаёмы ў адным з міністэрстваў, які лабіяваў яго перавод у сталіцу.
Аднак афіцыйнай інфармацыі пра якую-небудзь новую пасаду Прывалава пакуль няма.