У Баранавічах мужчына са стрэльбай уварваўся ў краму
12- 8.01.2024, 21:23
- 10,394
Ён папярэдзіў усіх, хто знаходзіўся ў памяшканні, што «гэта рабаванне».
У адну з крамаў Баранавічаў 8 студзеня ўварваўся мужчына са стрэльбай. Ён разбіў прылавак са спіртным, парэзаў аднаго з пакупнікоў нажом і ўцёк. Падрабязнасці інцыдэнту расказаў набліжаны да МУС тэлеграм-канал.
Блізу 16.25 у Баранавіцкі РАУС патэлефанавала прадавачка прадуктовай крамы, якая расказала, што невядомы мужчына ўбег у гандлёвую залу з прадметам, «падобным да стрэльбы». Ён папярэдзіў усіх, хто знаходзіўся ў памяшканні, што «гэта рабаванне», пасля чаго стаў біць вітрыны са спіртным.
Адзін з наведвальнікаў стаў угаворваць незнаёмца аддаць зброю, але нападнік дастаў нож і паласнуў ім пакупніка. Пацярпелы здолеў падставіць падножку зламысніку. Той упаў і выпусціў з рук стрэльбу. Падняўшыся на ногі, ён уцёк з месца здарэння.
Цягам 30 хвілінаў падазраванага затрымалі. Гэта 61-гадовы жыхар Баранавіцкага раёна. Пры ім выяўлены патроны і нож.
