11 траўня 2026, панядзелак, 23:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Расейскае войска, верагодна, захапіла Вуглядар

11
СМІ: Расейскае войска, верагодна, захапіла Вуглядар

Што вядома.

У аўторак, 1 кастрычніка, расейскія войскі, верагодна, акупавалі Вуглядар у Данецкай вобласці і ўжо вывесілі там свае сцягі, паведамляюць аналітыкі Deep State.

Афіцыйна ўкраінскі бок не пацвярджаў і не аспрэчваў поўны захоп Вуглядара.

Раней кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін у тэлеэфіры прызнаў, што УС РФ ужо знаходзяцца «амаль у цэнтры» стратэгічна важнага горада і што сітуацыя цяжкая. Паводле ягоных словаў, у Вуглядары заставаліся 107 мірных жыхароў, якім вельмі цяжка дастаўляць гуманітарную дапамогу.

У Вуглядары трымала абарону 72-я асобная механізаваная брыгада УСУ колькасцю блізу 2000 чалавек. У апошнія дні яе становішча, паводле ацэнак экспертаў, стала крытычным. Шырыня гарлавіны паміж расейскімі пазіцыямі на поўнач ад горада складала ўсяго блізу 3 км, пры гэтым уся яна прастрэльвалася войскам Расеі, што моцна ўскладняла забеспячэнне вуглядарскай групоўкі УСУ.

Раней украінскае камандаванне неаднаразова называла Вуглядар плацдармам для верагоднага контрнаступу на Валноваху і далей у Прыазоўе. Горад быў важны дзякуючы свайму размяшчэнню на ўзвышшы вышынёй 180–200 метраў над узроўнем мора. Гэта дазваляла трымаць адсюль пад артылерыйскім кантролем населеныя пункты на поўдні і ўсходзе. Аднак для войска РФ гэтая перавага не такая відавочная, адзначаюць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW), бо ў выпадку наступу на захад ці поўнач войскам давядзецца пераадольваць дзясяткі кіламетраў па адкрытай мясцовасці.

Між тым, цалкам захапіўшы Вуглядар, расейцы выведуць з-пад зоны ўкраінскіх абстрэлаў важны адрэзак Данецкай чыгункі. Непадалёк ад Валнавахі ён мае адзіную змычку са шляхамі Паўднёвай чыгункі, якія праз Запарожскую і Херсонскую вобласці цягнуцца ў анэксаваны РФ Крым. Аднавіўшы гэты чыгуначны вузел, разбураны яшчэ ў 2016 годзе, РФ зможа аднавіць чыгуначныя зносіны з Крымам, якія спыніліся пасля пашкоджання Керчанскага моста, адзначаюць у ISW.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках