Развітанне з Ігарам Леднікам адбудзецца заўтра
4- 21.02.2024, 18:25
- 4,988

З памерлым у турме палітвязням развітаюцца ў Барысаве.
Развітанне з памерлым у лукашэнкаўскай турме палітвязнем Ігарам Леднікам адбудзецца заўтра, 22 лютага 2024 года, з 8:00 да 12:00 у Барысаве.
Яно пройдзе ў Барысаве на вуліцы Нармандыя-Нёман, 22. Адпяванне пачнецца а 9.00, паведамляе Telegram-канал «БСДП».
Нагадаем, Ігар Леднік памёр у Менскай раённай лякарні, куды быў дастаўлены з Бабруйскай калоніі. Прычынай яго смерці назвалі спыненне сэрца.
Стан здароўя актывіста пагоршыўся ў зняволенні, яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.
Ігара Ледніка затрымалі яшчэ ў красавіку 2022 года за артыкул у партыйным часопісе БСДП - у ім знайшлі «паклёп» на Лукашэнку.
Актывіста асудзілі, хаця ў яго 2-я група інваліднасці праз праблемы з сэрцам.
У чэрвені 2022 г. адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым становішчы.
Гэта ўжо сёмы палітвязень, які памёр у лукашэнкаўскіх турмах.