Reuters: Іран са студзеня перадаў РФ сотні балістычных ракет
13- 21.02.2024, 18:52
- 7,856
Тэгеран рыхтуе новыя пастаўкі.
Іран перадаў краіне-агрэсарцы Расеі сотні балістычных ракет. Аб гэтым 21 лютага напісала Reuters са спасылкай на крыніцы.
Адзначаецца, што Тэгеран перадаў Маскве амаль 400 ракет, у тым ліку мноства балістычных ракет малой далёкасці тыпу Fateh-110, такіх як Zolfaghar.
Гэта ракета здольная знішчаць цэлі на адлегласці ад 300 да 700 км.
Са слоў аднаго з іранскіх суразмоўцаў Reuters, пастаўкі ракет пачаліся ў пачатку студзеня пасля таго, як у канцы мінулага года была падпісаная ўгода на сустрэчах паміж іранскімі і расейскімі вайскоўцамі і прадстаўнікамі службаў бяспекі, якія праходзілі ў Тэгеране і Маскве.
Іранскі вайсковы чыноўнік паведаміў агенцтву, што было сама меней чатыры пастаўкі РФ ракет і што ў найбліжэйшыя тыдні будуць яшчэ.
Як распавёў Reuters іншы высокапастаўлены іранскі чыноўнік, частка ракет была адпраўленая ў Расею на караблі праз Каспійскае мора, а частка - на самалёце.
Другі іранскі чыноўнік дадаў у каментары агенцтву, што «будуць і іншыя пастаўкі». Ён адзначыў, што «няма прычын хаваць гэта».