Bloomberg: ЗША падтрымалі новую ідэю для дапамогі Украіне
- 21.03.2024, 19:26
- 9,168
План на 50 млрд даляраў.
ЗША падтрымліваюць прапанову аб выпуску аблігацый на 50 мільярдаў даляраў для Украіны за кошт замарожаных расейскіх актываў.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Адзначаецца, што прапанова прадугледжвае аб'яднанне 280 мільярдаў даляраў актываў расейскага цэнтральнага банка, якія былі імабілізаваныя краінамі G7 і Еўрапейскім Звязам, у SPV, прыбытак ад якога пойдзе на так званыя «аблігацыі свабоды».
Больш за дзве траціны замарожаных актываў Расеі заблакаваныя ў ЕЗ, дзе яны прыносяць блізу 3,6 млрд даляраў чыстага прыбытку за год.
Паступленні ад меркаванага размяшчэння аблігацый амаль роўныя 60 мільярдам даляраў амерыканскай дапамогі, якая ўсё яшчэ знаходзіцца ў Кангрэсе. Заходнія краіны з усіх сіл спрабуюць атрымаць фінансаванне для Украіны ў крытычны момант вайны, бо УСУ сутыкаюцца з недахопам артылерыі, а Расея дабілася пэўных поспехаў на ўсходзе.