Іспанія заклікала стварыць адзінае войска Еўрасаюза
2- 13.05.2026, 12:16
- 1,028
Еўропа больш не можа цалкам спадзявацца на Вашынгтон.
Іспанія заклікала краіны Еўрасаюза стварыць адзінае еўрапейскае войска на фоне росту недаверу да ЗША і занепакоенасці наконт будучыні НАТА, паведаміў міністр замежных спраў Іспаніі Хасэ Мануэль Альбарэс. Ён кажа, што Еўропа больш не можа цалкам спадзявацца на Вашынгтон у пытаннях бяспекі. «Мы не можам прачынацца кожную раніцу і здагадвацца, што ЗША зробяць далей», — заявіў Альбарэс перад пасяджэннем Савета ЕС па замежных справах у Брусэлі, піша Politico.
Паводле слоў кіраўніка іспанскага МЗС, еўрапейскім краінам неабходна стварыць уласныя ўзброеныя сілы і агульную сістэму абароны, каб быць гатовымі да магчымых пагроз з боку Расіі і іншых дзяржаў. Альбарэс лічыць, што стварэнне еўрапейскага войска не павінна разглядацца як альтэрнатыва або пагроза НАТА. «Калі НАТА больш не забяспечвае той ступені абароны, што раней, значыць, еўрапейцам трэба рабіць больш самім», — адзначыў міністр.
Палітыка адміністрацыі Дональда Трампа выклікае ў Еўропе сур'ёзныя сумневы наконт амерыканскай падтрымкі. Прычынай узмацнення напружанасці сталі заявы Трампа пра неабходнасць скараціць ваенную прысутнасць у Германіі і папрокі на адрас НАТА. Прэзідэнт ЗША неаднаразова крытыкаваў саюзнікаў па альянсе і дапускаў магчымасць выхаду Вашынгтона з НАТА. Міністр замежных спраў Іспаніі заявіў, што новы міжнародны крызіс падштурхнуў ЕС да большай стратэгічнай незалежнасці.
Іспанія застаецца адным з самых жорсткіх крытыкаў амерыканскай палітыкі на Блізкім Усходзе. Мадрыд адмовіў амерыканскім ваенным самалётам у доступе да сваіх баз для аперацый у Іране, што выклікала рэзкае незадавальненне з боку Дональда Трампа.