27 красавiка 2024, Субота, 16:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэрмінал загачаны: Польшча ўвяла яшчэ адно абмежаванне на мяжы з Беларуссю

9
Тэрмінал загачаны: Польшча ўвяла яшчэ адно абмежаванне на мяжы з Беларуссю

Забарона на вываз аўтамабіляў у Беларусь закранула і грузавы транспарт.

Пад абмежаванні на вываз аўтамабіляў з Польшчы ў Беларусь трапілі не толькі легкавыя аўто, але і грузавая тэхніка, найперш прычэпы і паўпрычэпы. Магчыма, менавіта "пад іх" і былі падрыхтаваны абмежавальныя захады. У грузавым пункце пропуску "Кукурыкі" на выезд з Польшчы назапасіліся вялізныя чэргі. Як распавяла MOST крыніца ў транспартнай галіне, "тэрмінал загачаны". У польскага выдання Rzeczpospolita іншае тлумачэнне.

Паводле інфармацыі суразмоўцы MOST, мытнікі "не разварочваюць прычэпы, а адстаўляюць іх у бок" — да выхаду адпаведнага тлумачэння. Між тым, паводле яго ацэнак, да гэтага тыдня кожны дзясяты грузавы аўтамабіль мог перавозіць парожнія паўпрычэпы - як тавар на экспарт. Паколькі гэтая пазіцыя падпадае пад антырасейскія санкцыі, тавар ішоў на адрас пакупнікоў у іншых краінах: у Беларусі ці Сярэдняй Азіі. Аднак пасля нярэдка трапляў на расейскі рынак.

Мяркуючы з усяго, у ЕЗ ацанілі маштаб такой схемы і выявілі яе ўдзельнікаў. Суразмоўца выдання адзначае, што польскія мытнікі маюць спіс падазроных кампаній.

— Некаторыя фірмы прадавалі прычэпы беларускім кампаніям, якія ставілі іх на ўлік і скідалі [прадаўцам адпаведныя] пацвярджэнні. Да іх прэтэнзій няма. А тыя кампаніі, якія проста праз сябе прапускалі дзясяткі прычэпаў, праводзілі мытную рэгістрацыю іх і перапрадавалі далей у Расею, - яны ў гэтых спісах. [Гэта значыць у Польшчы] склалі спісы кампаній, якія абыходзілі санкцыі.

Ад перавозчыкаў патрабуюць падаць дакумент ад завода-вытворцы прычэпа. Паводле слоў суразмоўцы выдання, ён павінен змяшчаць тэкст аб тым, што вытворца згодны, што тавар будзе перамяшчацца па тэрыторыі Беларусі і Расеі, і ўсведамляе рызыкі, што тэхніка можа быць не дастаўленая канчатковаму пакупніку.

Польскае выданне Rzeczpospolita апісвае гэты дакумент некалькі іншым чынам: там павінна быць пазначана, што тавар застанецца ў краіне-імпарцёры, а не апынецца ў Расеі.

Польскае выданне звязвае прынятыя меры з тым, што апошнія некалькі тыдняў павялічваецца грузапаток у краіны Цэнтральнай Азіі. За 12-гадзінную змену мытнікі афармляюць 800-900 аўтамабіляў, у той час як некалькі месяцаў таму іх колькасць была амаль удвая меншай.

Магчыма, канчатковыя атрымальнікі шматлікіх грузаў знаходзяцца ў Расеі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках