17 чэрвеня 2024, панядзелак, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рост «камуналкі» і змены ў выплаце пенсій: Што чакае беларусаў у чэрвені

2
Рост «камуналкі» і змены ў выплаце пенсій: Што чакае беларусаў у чэрвені

Падаражэюць не толькі паслугі ЖКГ.

У чэрвені беларусаў чакае некалькі важных зменаў: павінны падаражэць «камуналка», цыгарэты і паліва, варта падрыхтавацца да выплаты пенсій праз банкі, а ІП нарэшце даведаюцца, каму нельга будзе прадоўжыць працу.

Сайтonliner.by расказаў пра гэтыя ды іншыя навінкі.

Чакаем падаражэння «камуналкі»

Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі выраслі з 1 студзеня, другі этап планавага падаражэння звычайна прыпадае на лета, калі паднімаюць тарыф на цеплазабеспячэнне (ацяпленне і падагрэў вады). У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі абяцалі, што тарыфы сёлета вырастуць не больш як на 0,5 базавай велічыні (1 базавая велічыня цяпер 40 рублёў).

«Што тычыцца тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, у нас дакладна рэгламентавана ўказам прэзідэнта – не больш за 0,5 базавай цягам года. Павышэнне адбылося ў студзені на 0,26 базавай, бліжэй да чэрвеня ўрад прыме пастанову пра далейшае павышэнне менавіта ў рамках тых нарматыўных дакументаў, якія ў нас прапісаныя», – абяцаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.

Пенсіі і дапамогі праз банкі

З 1 ліпеня многія выплаты можна будзе атрымаць толькі праз банкі – пенсіі, дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, і дапамогі ў доглядзе інваліда I групы або пенсіянера старэйшага за 80 гадоў. Гэта датычыцца тых, хто жыве ў Менску, абласных гарадах і раённых цэнтрах.

Змяненні не закрануць:

атрымальнікаў пенсій (незалежна ад месца пражывання), старэйшых за 70 гадоў і інвалідаў I і II групы;

атрымальнікаў дзіцячых дапамог (незалежна ад месца пражывання) на інвалідаў I і II групы і сем'і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў;

атрымальнікаў пенсій, дзіцячых дапамог, дапамогі ў доглядзе людзей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці.

Ім, як і раней, можна выбіраць, як атрымліваць грошы: праз пошту (у касе пошты ці з дастаўкай дадому) ці банк (у касе банка ці на картку).

Каб не застацца без пенсіі і дапамогі ў ліпені, трэба да 10 чэрвеня адкрыць базавы рахунак у банку і запоўніць заяву пра пералічэнне сацвыплатаў у банк.

Базавы рахунак можна адкрыць у любым з васьмі банкаў, якія гэтым займаюцца. Гэта «Беларусбанк», «Белінвестбанк», «Белаграпрамбанк», «Банк Дабрабыт», «Банк БелЗЭБ», «Белгазпрамбанк», «Сбер Банк» і «Прыёрбанк». Канкрэтную ўстанову выбірае для сябе сам атрымальнік.

Выплатай пенсій і дапамог праз пошту (у касе або з дастаўкай дадому) па ўсёй краіне будзе займацца «Белпошта».

Стане вядома, каму давядзецца закрыць ІП

У чэрвені павінны зацвердзіць спісы відаў дзейнасці, якімі можна займацца індывідуальным прадпрымальнікам, самазанятым і рамеснікам. Рэгістрацыю ІП у відах дзейнасці, якіх не будзе ў спісе, спыняць з 1 кастрычніка.

Для ІП прапануюць захаваць многія адчувальныя віды дзейнасці, у тым ліку раздробны гандаль (у той самы час аптовы можа трапіць пад забарону), турыстычныя паслугі, нерэгулярныя перавозкі пасажыраў.

Самазанятым хочуць пакінуць такія папулярныя віды дзейнасці, як рэпетытарства, цырульніцкія паслугі, фота- і відэаздымку і іншыя.

Апошні шанец заплаціць падаходны падатак

Сёлета дэдлайн у выплаце падаходнага падатку прыпадае на 1 чэрвеня, суботу. Так што ў плацельнікаў з'явіўся «запасны дзень» – панядзелак, 3 чэрвеня. Аплаціць падаходны падатак можна праз аддзяленні банка ці пошты, АРІП, а таксама ў «Асабістым кабінеце» на сайце МПЗ.

Што калі не заплаціць? Калі памер падатку перавышае адну базавую (40 рублёў), то пагражае штраф 15% ад нявыплачанай сумы, але не менш за 20 рублёў.

Вырастуць кошты паліва

«Белнафтахім» паведаміў, што кошты паліва вырастуць на 8 капеек. Падаражанне пачалося 21 траўня і будзе адбывацца паэтапна, кожны тыдзень на 1 капейку.

Апошні раз кошты маторнага паліва ў Беларусі змяняліся больш за год таму. У «Белнафтахіме» падкрэслілі, што за гэты час кошт расейскай нафты для беларускіх НПЗ вырас у 1,7 раза.

Падаражэюць цыгарэты

Як звычайна, кошты цыгарэтаў пераглядаюць кожны месяц, з чэрвеня будзе чарговае падвышэнне. Так, Pall Mall Superslims Azure падаражэе на 15 капеек, да 5,55 рубля.

На 10 капеек даражэюць некалькі марак:

Rothmans Click (Amber, Coral, Purple) – да 5,40 рубля;

Camel Bluе, Camel Yellow – да 5,90 рубля, Camel Compact, Camel Blue – да 5,60 рубля;

Richmond Compact Special Blue – да 5,50 рубля.

Кошты цыгарэтаў Vogue (La Cigarette Lilas, La Cigarette Menthe) вырастуць на 1,70 рубля – да 7,20 рубля.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках