17 чэрвеня 2024, панядзелак, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«На старце айцішнік будзе зарабляць $300–500 за месяц»

15
«На старце айцішнік будзе зарабляць $300–500 за месяц»

Наколькі складана ўвайсці ў ІТ у 2024 годзе?

Паводле афіцыйных звестак, колькасць супрацоўнікаў ІТ-галіны ў Беларусі толькі за 2023 год скарацілася на 16%. Паралельна з гэтым на глабальным узроўні растуць асцярогі наконт таго, што на колькасць занятых у галіне можа моцна паўплываць развіццё штучнага інтэлекту, піша «Наша Ніва».

Няма таго, што раней было

Яшчэ некалькі гадоў таму інтэрнэт быў поўны гісторый пра лёгкі ўваход у прафесію і хуткі рост заробкаў. Саму ІТ-галіну называлі драйверам росту беларускай эканомікі. Але выглядае, што найлепшыя часы ў ІТ скончыліся. Увайсці ў сферу без досведу працы цяпер нашмат складаней, чым гэта было яшчэ 3–5 гадоў таму.

HR-спецыяліст адной з ІТ-кампаній гаворыць, што ў апошнія гады знайсці працу джуну значна складаней, чым гэта было да вайны.

Пікавым – і апошнім – годам, калі ў беларускім ІТ назіраўся прырост занятых, быў 2021 год. Тады ў гэтай сферы працавалі 108000 спецыялістаў. Паводле вынікаў 2023 г. такіх засталося блізу 88 тысячаў.

Навічкі праходзяць толькі пад праект

«Новых супрацоўнікаў у штат паціху бярэм, але для гэтага трэба, каб кандыдат прайшоў на канкрэтны праект», – тлумачыць спецыяліст.

Гэта значыць джуна, які спрабуе ўладкавацца на працу, прапануюць чакаць, пакуль у кампаніі не з'явіцца адпаведны праект. Толькі пасля яго з'яўлення прызначаюць сумоўе з замоўцам.

Са старту не больш за 300–500 даляраў за месяц

«Калі кандыдат не праходзіць, то даводзіцца чакаць далей. Пры гэтым мы нікому не забараняем раўналежна шукаць месца ў іншай кампаніі.

Але часам бывае, што кандыдат сапраўды разумны, мае моцную тэарэтычную базу і матывацыю. Тады можам узяць у штат. Такіх людзей блізу месяца давучваем, вучым, як праходзіць сумоўі, пасля чаго прапануем сумоўі з заказчыкамі», – тлумачыць спецыяліст.

Атрымліваецца, што, каб адразу патрапіць у штат, джуну спачатку трэба паспяхова прайсці сумоўе з тэхнічнымі спецыялістамі кампаніі. Для гэтага ён павінен цудоўна валодаць тэорыяй, рабіць навучальныя праекты, паказаць свой код.

Пры гэтым, паводле словаў суразмоўцы, такі чалавек павінен быць гатовы да таго, што на старце ён будзе зарабляць 300–500 даляраў за месяц. Пасля, калі ўжо патрапіць на праект, то да гэтага акладу дададуцца праектныя бонусы.

Што тычыцца ўжо спецыялістаў з досведам працы, то ім, паводле словаў HR-мэнэджара, знайсці працу прасцей, чым пачаткоўцам, бо лягчэй патрапіць на праект.

Але, як і ў выпадку з джунамі, на працу ў штат за выключэннем рэдкіх выпадкаў бяруць толькі калі знаходзіцца месца на праекце. Працаўладкавацца ў штат нават мідлам цяпер складаней, чым гэта было некалькі гадоў таму.

Што з вакансіямі?

На папулярным сайце пошуку працы rabota.by для праграмістаў-пачаткоўцаў блізу 50 вакансій, на якія гатовыя працаўладкаваць спецыяліста без досведу працы.

Такім абяцаюць заробак ад 200–300 да 400–800 даляраў на рукі.

Для параўнання, для айцішнікаў з досведам працы ад 1 да 3 гадоў размешчана блізу 300 вакансій. Аналагічная колькасць прапановаў і для спецыялістаў з досведам працы ад 3 да 6 гадоў.

Асобна ў ІТ-індустрыі можна вылучыць адукацыйныя курсы, якіх па-ранейшаму шмат, бо гэта асобны від бізнэсу, першасная задача якога – даць чалавеку веды, а не забяспечыць яго працай.

Пры гэтым наш суразмоўца папярэджвае, што людзям, якія хочуць увайсці ў ІТ з нуля, варта забыцца на гісторыю 3-5-гадовай даўніны, калі пасля заканчэння курсаў можна было даволі лёгка знайсці сабе працу.

«Беларускі ІТ-сектар звужаецца, а разам з ім і колькасць працоўных месцаў, таму джунам цяпер асабліва складана. Працаўладкоўваць чалавека без досведу працы азначае, што працадаўцу трэба інвеставаць у яго навучанне, чакаць, пакуль ён падрасце. У сітуацыі, калі на рынку стае спецыялістаў з досведам, важдацца з джунамі асаблівай патрэбы ў кампаній няма.

Таму мідлы і сеньёры без працы не застануцца, хоць бывае, што ў заробку яны могуць апусціцца на ўзровень ніжэй», – дадае суразмоўца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках